Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі студэнтаў-платнікаў пачнуць браць у войска, Радзькоў застанецца без заробку”


Міхаіл Пашкевіч

Міхаіл Пашкевіч

Старшыня сталай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч прапануе адмяніць адтэрміноўку ад прызыву ў войска для студэнтаў-платнікаў і навучэнцаў платных аддзяленьняў. Калі такое рашэньне будзе прынятае, што гэта можа азначаць для вышэйшай адукацыі ў краіне, у тым ліку для матэрыяльнага ўзроўню ўнівэрсытэтаў? Ці рэальна, што студэнты могуць нейкім чынам выказаць свой пратэст супраць такой пэрспэктывы? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня маладзёвай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты», каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» Міхал Пашкевіч.

Цыганкоў: Калі ўявіць, што ідэя дэпутата Здановіча ўжо ажыцьцявілася, як гэта можа паўплываць на жаданьне маладых людзей ісьці ва ўнівэрсытэты, на матэрыяльны стан ВНУ і гэтак далей?

Пашкевіч: Перадусім давайце ўспомнім, што ў Беларусі колькасьць студэнтаў, якая навучаецца на платным, павялічваецца з кожным годам. Увогуле складваецца ўражаньне, што ВНУ цяпер накіраваныя набіраць найперш на платнае навучаньне. Калі з платнікаў пачнуць напаўняць войска, міністар адукацыі спадар Радзькоў за галаву схопіцца, бо менавіта бацькі платнікаў сёньня кормяць і міністэрства, і ўнівэрсытэты.

Заяву Здановіча можна расцаніць толькі як нейкі дзіўны папулізм, бо рэальна ніхто на гэта ня пойдзе, ніхто ня будзе адмяняць для платнікаў адтэрміноўку ад войска.

Цыганкоў: Здановіч абгрунтоўваў сваю ідэю тым, што студэнты-платнікі атрымліваюць больш нізкія балы на тэставаньні, яны не разьмяркоўваюцца і часта не працуюць па атрыманай спэцыяльнасьці. Карацей, ня самыя лепшыя студэнты...

Пашкевіч: А хто іх зрабіў такімі кепскімі студэнтамі? Ці ня тая сыстэма адукацыі, у якой яны навучаюцца? Памятаеце, некалькі месяцаў таму Лукашэнка казаў, што трэба пераарыентоўваць вучняў, каб яны ішлі ў прафэсійныя каледжы, а не ва ўнівэрсытэты.

Менавіта Здановіч выступаў супраць адмены адтэрміновак для судэнтаў-завочнікаў.
Што да заяваў Здановіча, то мне проста падаецца, што гэта нейкая замова зьверху, каб паказаць, што нашы дэпутаты пра нешта клапоцяцца. Бо менавіта Здановіч выступаў супраць адмены адтэрміновак для судэнтаў-завочнікаў. Два такія супрацьлеглыя выказваньні для аднаго палітыка.

Цыганкоў: Можа, ён такім чынам хацеў паказаць абсурднасьць гэтай ініцыятывы? Так бы мовіць, «абсурд абсурдам выбіваем»?

Пашкевіч: Сапраўдны, цяжка зразумець, як можна такое прапаноўваць. Да ўсяго іншага, гэта і вялікае парушэньне правоў чалавека.

Цыганкоў: Калі гэтая прапанова набудзе нейкія прыкметы рэальнасьці, дэпутаты пачнуць зь ёй працаваць. Ці можа гэта выклікаць нейкую рэакцыю з боку студэнтаў?

Пашкевіч: Я думаю, яны па-ранейшаму будуць «галасаваць нагамі» — гэта галоўнае выйсьце, якое бачыць наша моладзь. Наша моладзь не настолькі пратэстная, як некаторыя думаюць.

Але тут узьнікае іншая праблема — войска няма з каго камплектаваць. Прадстаўнікі Міністэрства абароны пры ўсіх сваіх бравурных справаздачах прызнаюцца, што напаўняць войска зараз, калі ідуць служыць людзі, што нарадзіліся ў пачатку 90-х, ім проста няма кім.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG