Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардоны на дарогах для актывістаў Саюзу палякаў


Польскі дом у Івянцы.

Польскі дом у Івянцы.

Улады Валожынскага раёну сабралі сёньня івянецкіх актывістаў Саюзу палякаў Беларусі з мэтай пераабраньня кіраўніцтва мясцовай суполкі арганізацыі. Сход пачаўся каля 18-й гадзіны ў івянецкім Доме польскім з удзелам Анжалікі Борыс, старшыні выканкаму Івянецкага пасялковага савету і пракурора. Шмат актывістаў Саюзу палякаў зь іншых мясьцін у Івянец не дапусьціла міліцыя, спыніўшы іх на паўдарозе. Ня здолеў патрапіць у Івянец і наш карэспандэнт, які, тым ня меней, сочыць за разьвіцьцём падзеяў.

Толькі з Горадні, каб падтрымаць івянецкіх палякаў, на машынах і мікрааўтобусах выправіліся сто сябраў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. У Івянец здолелі трапіць прыблізна семдзесят чалавек, хаця ім чынілі перашкоды.

На выезьдзе з Горадні актывістаў польскага руху чакалі дзьве патрульныя машыны, гэтаксама — каля Шчучына і далей: у Лідзкім раёне, у Івейскім, у Валожынскім. Былі заўважныя таксама цывільныя аўтамабілі, людзі ў якіх сачылі за рухам на дарозе. Міліцыянты мелі сьпіс, машыны зь якога затрымлівалі.

Нас затрымалі і сказалі, што завязуць у Валожынскі райаддзел міліцыі, а калі паедзем далей самі, будуць страляць па колах.
Я ехаў у машыне, у якой былі тры жанчыны сталага веку з Саюзу палякаў. У Лідзкім раёне насустрач нам ехала міліцэйская машына. Нас спынілі, спраўдзілі ў кіроўцы аптэчку, вогнетушыцель, але не затрымалі. Далей нам удалося праехаць міліцэйскія патрулі, але калі мінулі мяжу Менскай вобласьці, нас затрымалі і сказалі, што завязуць у Валожынскі райаддзел міліцыі, а калі паедзем далей самі, будуць страляць па колах. Праўда, пазьней дазволілі вярнуцца ў Горадню.

Нягледзячы на кардоны на дарогах, у Івянец змагла патрапіць кіраўніца не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс. Прыехаў на сход і прадстаўнік польскай амбасады Марэк Марцінэк.

Сытуацыя няпростая: улады вырашылі сабраць мясцовых палякаў на сход, і актывісты Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі, у адказ таксама склікалі свой сход. Прычым месцам правядзеньня абодва бакі назвалі мясцовы Дом польскі.

Улады незадаволеныя тым, што івянецкая арганізацыя СПБ, у якой на ўліку 308 чалавек, застацца ляяльнай Анжаліцы Борыс. Сёньня яны зноў гэта пацьвердзілі, калі перад пачаткам сходу адмовіліся слухаць кіраўніка праўладнага Саюзу палякаў Станіслава Сямашку.

XS
SM
MD
LG