Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 400 пасажыраў цягніка № 96 Мінск — Гомель былі эвакуяваныя ўвечары 20 студзеня на перагоне --> http://maps.google.com/maps?f=q&source=s_q&hl=en&geocode=&q=52.926188,+29.874482&sll=53.905117,27.561184&sspn=0.465194,1.454315&ie=UTF8&ll=53.100621,29.382935&spn=1.896436,5.817261&z=8 паміж станцыямі Чырвоны Бераг і Жлобін. 29-гадовы пасажыр першага вагона, які паводзіў сябе агрэсіўна і казаў, што ён супрацоўнік ваенізаванай аховы чыгункі, заявіў правадніку, што цягнік замініраваны.

На такія заявы чыгуначнікі й наагул усе службоўцы, адказныя за жыцьцё людзей, рэагуюць не марудзячы — дакладаюць начальству. Ва ўчарашнім выпадку праваднік паведаміў пра пагрозу начальніку цягніка, а той — міліцыі і выратавальнікам. Цягнік спынілі. На месца здарэньня тэрмінова прыехалі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, міліцыі, КДБ, група разьмініраваньня.

Пасажыраў аўтобусамі перавозілі ў Жлобін, а адтуль ужо дызэль-цягніком — у Гомель.

Выбухоўкі ў пакінутым цягніку не знайшлі. «Падрыўніка», жыхара Гомеля 1981 году нараджэньня, і двух ягоных спадарожнікаў затрымалі. Пра гэта апавёў начальнік Гомельскага аддзелу міліцыі на транспарце Ігар Набатаў:

«Малады чалавек, 81-га году нараджэньня. Ён разам зь імі ехаў і спажываў сьпіртовыя напоі. Менш трэба піць! Усе такія злачынствы — ад гарэлкі. Гэта ўсё, што я пакуль магу сказаць».

Менш трэба піць! Усе такія злачынствы — ад гарэлкі.
Як высьветлілася, спадарожнікі «падрыўніка» ня мелі дачыненьня да пагрозаў — іх адпусьцілі. А вось самога яго зьмясьцілі ў Жлобінскі ізалятар. З затрыманым гамельчуком транспартная міліцыя гутарыла яшчэ на станцыі ў Бабруйску. Ён супакоіўся, але ненадоўга. Цяпер ягоныя дзеяньні падпадаюць пад артыкул 340 Крымінальнага кодэксу — заведама ілжывае паведамленьне пра падрыхтоўку выбуху. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Хутчэй за ўсё, «падрыўніку» давядзецца сплачваць і выдаткі на эвакуацыю людзей, на выклік ратавальнікаў і мінёраў.

Гомельскі юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што патрабаваньне кампэнсацыі маральнай шкоды «падрыўніку» цалкам могуць выставіць у судзе й пасажыры цягніка № 96, якія спазьніліся ў Гомель на чатыры гадзіны:

Леанід Судаленка
«Я б паспрабаваў прад’явіць пазоў на маральную шкоду гэтаму хулігану, які ўчыніў такое глупства. Калі купляю квіток, я ведаю дакладны час, калі буду дома, і адпаведна будую свае пляны. Мяне дома маглі чакаць дзеці, я мог бы спазьніцца на іншы цягнік і гэтак далей. З улікам усіх абставінаў я б і абгрунтоўваў памер маральнай шкоды».

Кіраўніцтва Гомельскага аддзяленьня чыгункі лічыць, што брыгада цягніка № 96 дзейнічала прафэсійна, у адпаведнасьці з інструкцыяй, узгодненай з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Аднак інцыдэнт будзе яшчэ ўсебакова абмяркоўвацца.

Гаворыць намесьнік начальніка аддзяленьня чыгункі Рыгор Дворак:

«Дзейнічалі паводле інструкцыі. Добра, што ўсё добра скончылася. Хацелася б, каб нічога не затрымлівалася, каб усё ішло нармальна. Але ж ёсьць парадак. Будзем разглядаць дзеяньні ўсяго пэрсаналу, датычнага да здарэньня. І ня толькі начальніка цягніка, але й начальніка станцыі, дзяжурнага па станцыі й аддзяленьні — як яны дзейнічалі? Па інструкцыі, не па інструкцыі? Думаю, што інструкцыю не парушылі».

Учорашняе надзвычайнае здарэньне на чыгунцы блізу Жлобіна — не адзінкавае. Нядаўна ў такім жа становішчы ў Воршы апынуліся пасажыры цягніка Калінінград — Масква. Ім таксама пагражаў выбухам неадэкватны чалавек.

Сьвежы на памяці й выпадак, калі жыхар адной зь вёсак Гомельскага раёну пагражаў узарваць Нацыянальную бібліятэку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG