Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Лапіцкі: “Павінны перамагчы праўда і права”


Ян Лапіцкі

Ян Лапіцкі

У Жодзіне бацькі школьніка Янкі Лапіцкага працягваюць змаганьне за права навучаць свайго сына на беларускай мове. Яны падалі ў суд на мясцовыя ўлады, якія не забясьпечылі ім беларускамоўнага навучаньня. Сёньня жодзінскі суд пасьля папярэдняй сустрэчы бакоў, якія задзейнічаныя ў канфлікце, прызначыў паседжаньне на 8 лютага.

Маці 14-гадовага Янкі Лапіцкага спадарыня Сьвятлана кажа, што сёлета Жодзінскі гарвыканкам прыняў чарговае (другое за апошнія 4 гады) рашэньне аб спыненьні навучаньня сына ў жодзінскай гімназіі № 1 і прымусовым пераводзе яго на расейскамоўнае навучаньне. Чыноўнікі лічаць, што такім чынам будуць эканоміць бюджэтныя сродкі.

У Сьвятланы Лапіцкай іншае меркаваньне:

«Раней я не працавала і бяз працы быў мой муж Аляксей. А цяпер чыноўнікі вырашылі, што ёсьць праз каго ціснуць. Паколькі я працую на дзяржаўным прадпрыемстве, то чыноўнікі тэлефанавалі, казалі, што я, маўляў, такая-сякая, не жадаю, каб дзіцё вучылася. А я ім кажу: «Ёсьць Канстытуцыя, якая гарантуе права дзіцяці на вучобу, і давайце гэта выконваць».

Каб удакладніць патрабаваньні дырэктара жодзінскай гімназіі № 1 Вячаслава Коршуна, спрабую выклікаць яго на гутарку. Чыноўнік просьбу ігнаруе:

«Пра ўсё пачуем на судзе...»

Пытаюся ў дырэктара: ці адчувае ён ціск «зьверху»? Можа, змушаюць яго чыніць перашкоды для вучня, які жадае вучыцца па-беларуску?

«Мы дзейнічаем у адпаведнасьці з існуючым законам і статутам гімназіі. Таму без камэнтару. Пра ўсё пачуеце на судзе», — адказаў дырэктар Вячаслаў Коршун.

Сёлета Янка Лапіцкі вучыўся ў гімназіі толькі чатыры дні ў верасьні. Залікі і іспыты за дзьве мінулыя чвэрці пасьпяхова здаваў экстэрнам. Бацька вучня лічыць, што яго сын здольны самастойна авалодаць адукацыяй на беларускай мове. Турбуе Аляксея Лапіцкага зьнявага беларуса ў сваёй дзяржаве.

«Калі наш сын становіцца фактычна мужчынам, то ставіць яго на калені — гэта значыць ператвараць у раба. Таму, мы лічым, у гэтай сытуацыі ён атрымлівае загартоўку як грамадзянін нашай краіны. Таму што ў выніку павінны перамагчы праўда і права».

Яшчэ ў 2004 годзе бацькі Лапіцкія разам з сынам змушаныя былі страйкаваць супраць прымусовага пераводу Янкі на рускамоўнае навучаньне ў жодзінскай гімназіі № 1 і навучалі сына ў хатніх умовах. Пасьля ў гімназію вярнулі беларускую мову. Але, як высьвятляецца, толькі на тры гады, бо ў гэтым навучальным годзе беларускамоўнае навучаньне ў жодзінскай гімназіі зноў скасавалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG