Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія ракеты разгорнуць каля расейскай мяжы


Польшча абвясьціла, што неўзабаве амэрыканскія ракеты “Patriot” будуць дастаўленыя на яе тэрыторыю. Гэтае паведамленьне хутчэй за ўсё не спадабаецца Маскве.


Міністар абароны Польшчы Богдан Кліх заявіў, што амэрыканскія ракеты “Patriot” тыпу “зямля – паветра” будуць разьмешчаныя ў паўночнай частцы краіны, прыкладна за 60 кілямэтраў ад мяжы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі. Польскае агенцтва ПАП цытуе Кліха, што ракеты прыбудуць у Польшчу ўжо пры канцы сакавіка ці на пачатку красавіка.

Чакаецца, што Масква выступіць супраць разьмяшчэньня ракет недалёка ад Калінінграду, які акружаны дзьвюма краінамі НАТО – Польшчай і Літвой. Аднак першая рэакцыя Расеі даволі стрыманая. Інтэрфакс са спасылкай на Міністэрства абароны паведамляе, што ніякіх зьменаў баявога і колькаснага складу Балтыйскага флёту не плянуецца, хоць раней прэса пісала пра яго магчымае пераўзбраеньне.

Кліх заявіў таксама, што выбар гораду Моранг недалёка ад Балтыйскага ўзьбярэжжа “ня мае палітычнага ці стратэгічнага значэньня”. Ён патлумачыў, што інфраструктура Морангу, дзе ўжо ёсьць польская вайсковая база, можа быць лёгка адаптаваная пад дысьлякацыю ракетаў і амэрыканскіх жаўнераў. Раней жа ваколіцы Варшавы называліся найбольш верагодным месцам разьмяшчэньня ракет.

У сьнежні 2009 году амэрыканскі і польскі бакіт падпісалі пагадненьне аб разгортваньні амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай батарэі “Пэтрыят” у Польшчы. Гэта стала наступствам таго, што ў верасьні прэзыдэнт ЗША Барак Абама перагледзеў плян разьмяшчэньня элемэнтаў супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі, мэтай якога было не дапусьціць ракетнага ўдару з боку Ірану і Паўночнай Карэі. Той плян былога амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Буша выклікаў рэзка нэгатыўную рэакцыю Расеі.

У якасьці суцяшэньня Польшчы, якая абураецца агрэсіўнай зьнешняй палітыкай Расеі, адміністрацыя і пагадзілася накіраваць ракеты “Patriot” у краіну для мадэрнізацыі яе супрацьракетнай абароны.

Паведамленьне пра тое, што амэрыканскія ракеты “Patriot” хутка будуць разгорнутыя недалёка ад Калінінграду, можа ўскладніць перамовы па новаму ядзернаму пакту. У сьнежні расейскі прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін заявіў, што амэрыканскія пляны разгарнуць элемэнты супрацьракетнай абароны ў Эўропе былі галоўнай перашкодай для ўзгадненьня новай дамовы, якая мае замяніць дамову ад 1991 году аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў.

Учора прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі заявіў, што паведамленьне аб дастаўцы ў Польшчу ракет “Patriot” не нясе пагрозы перамовам паміж Вашынгтонам і Масквой. Пры канцы мінулага году прэзыдэнты Барак Абама і Дзьмітрый Мядзьведзеў выказалі ўпэўненасьць, што перамовы завершацца пасьпяхова і дамова будзе падпісаная ў хуткім часе.
XS
SM
MD
LG