Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вёска дэградуе, вымірае, зьнікае””


Агляд недзяржаўнага друку

«Вечерний Брест» друкуе артыкул «Як замярзае «Надзея». За вакном сярэдзіна студзеня, мінус 15, а ў кабінэтах і цэхах швейнай фірмы «Надзея» ад 2 да 5 градусаў цяпла. Прычына ў тым, што занадта позна – у сярэдзіне сьнежня – паспрабавалі падключыцца да цяпла. А ў гэты час пачаліся маразы, вось і замерзьлі ўсе 18 стаякоў аднаго крыла прадпрыемства. У мінусе апынуліся і 9 фірмаў-арандадараў, сярод якіх аптэка «Планета здароўя». Запазычанасьць “Надзеі” перад берасьцейскімі гарадзкімі цепласеткамі --больш за 50 мільёнаў рублёў.

Газэта “Узгорак”, якая выходзіць на тры раёны – Горацкі, Дрыбінскі і Мсьціслаўскі, зьмяшчае артыкул “Пустыя грошы лягуць цяжкім грузам. На нас”. З падрабязнасьцямі – рэдактар выданьня Эдуард Брокараў:

“Гэта артыкул Андрэя Юркова, нашага мясцовага эканаміста, які разважае, як агукнуцца нам у будучыні пустыя грошы, якія дзяржава ўкладае ў аграгарадкі, лізінгавую закупку тэхнікі для калгасаў, якія ніколі ня змогуць за яе разьлічыцца без падтрымкі зь бюджэту. Аўтар робіць выснову, што пасьля гэтыя крэдыты будзем плаціць мы ўсе”.

Начальнік Сьветлагорскага РАУС Уладзімер Русіновіч у газэце “Ранак плюс” заўважае, што на злачыннасьць паўплываў крызіс. Раней многія жыхары раёна, у тым ліку і судзімыя, езьдзілі на заробкі ў Расею. Сёлета з-за крызісу яны аказаліся не запатрабаваныя ні там, ні тут, і некаторыя сталі шукаць лёгкіх заробкаў на радзіме: істотна павялічылася колькасьць крадзяжоў і рабаўніцтваў. У 2007 годзе закрыцьцё начных крамаў дало памяншэньне колькасьці злачынстваў ў некалькі разоў, а як толькі “начнікі” адкрыліся зноў, заўважаны рост злачыннасьці.

“Газэта Слонімская” зьмяшчае артыкул Сяргея Чыгрына “Сьпіваецца слонімская вёска”. Тут прыведзеныя жудасныя лічбы –у некаторых сельскіх лячэбных участках стаіць на ўліку ад 30 да 70 мясцовых алькаголікаў. Распавядае Мікола Канановіч:

“Калі ўсіх алькаголікаў са слонімскіх вёсак сабраць разам, то атрымаецца вялікая вёска наркалягічна хворых. Вось гэта сапраўдная праблема. А мы сёньня шмат гаворым і пішам пра адраджэньне сяла. Няўжо ўладзе незразумела, што адраджэньне вёскі трэба пачынаць не з будаўніцтва аграгарадкоў, не з будаўніцтва бетонных платоў і тратуараў, а з адраджэньня ў людзкіх галовах. Сьпіваецца ня толькі слонімская вёска, але па ўсёй краіне вёска дэградуе, вымірае, зьнікае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG