Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: “Полацак – пачатак нашай дзяржаўнасьці”


Полацак абвешчаны сёньня культурнай сталіцай Беларусі ў 2010-м годзе. Праграму мерапрыемстваў зацьвердзіла Міністэрства культуры Беларусі.

Культурная сталіца году выбіралася ў Беларусі ўпершыню на конкурснай аснове, -- распавёў “Радыё Свабода” намесьнік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі:

“Гэта новы творчы праект, мы абвясьцілі яго напрыканцы мінулага году. Вобласьці дасылалі свае прапановы і на іх падставе выбралі горад, які найбольш адпавядае задачам праекту. Надалей будзе распрацавана адмысловае палажэньне, яно будзе апублікаванае, кожны горад можа аформіць заяўку і далей будзе ўдзельнічаць у конкурсе”.

На погляд народжанага ў Полацку пісьменьніка Ўладзімера Арлова, першы ў праекце “Культурная сталіца Беларусі” горад быў выбраны вельмі слушна:

“Сапраўды, турыстычная сталіца Беларусі. Бо я ня ведаю, ці налічым мы ў Менску 11 паўнавартасных, адкрытых для ўсіх наведнікаў музэяў. У Полацку помнік Усяславу Чарадзею, Эўфрасіньні Полацкай, Сымэёну Полацкаму, Францыску Скарыне. І гэты шэраг пастаянна павялічваецца, пашыраецца. Бо Полацак -- гэта пачатак нашай дзяржаўнасьці, нашай гісторыі, нашай культуры. У гэтай ініцыятыве прысутнічае эўрапейскі кантэкст, бо мы ведаем, што існуе традыцыя абіраць культурную сталіцу Эўропы і я перакананы, што прыйдзе час, калі Полацак стане і яе культурнай сталіцай”.

Канкрэтны шэраг мерапрыемстваў, якія будуць падкрэсьліваць “сталічнасьць” Полацку, мае быць зацьверджаны заўтра. Але агульная лінія ясная ўжо цяпер, распавядае Тадэвуш Стружэцкі:

“Галоўная задача гэтага культурнага праекту – максымальна насыціць горад, які выбраны на конкурснай аснове культурнай сталіцай Беларусі, мерапрыемствамі рэспубліканскага і мясцовага характару. Даць жыхарам гэтага гораду максымальна прадэманстраваць свае магчымасьці і дасягненьні, а зь іншага боку – даць магчымасьць мясцовым жыхарам пазнаёміцца з дасягненьнямі нацыянальнага мастацтва, замежным досьведам”.

На думку Уладзімера Арлова, статус культурнай сталіцы Беларусі можа дапамагчы Полацку ўзмацніць свае пазыцыі як горада турыстычнага:

“Яшчэ бракуе турыстычнай інфраструктуры. Нядаўна мэр Полацку Уладзімер Тачыла сказаў, што мільён турыстаў наведвае Полацак штогод. Мяне вельмі ўразіла гэтая лічба. І калі сапраўды мільён турыстаў тут бывае на год, то бракуе гораду і кавярняў, і гатэляў”...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG