Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Палацы мастацтва — парад пэрсанальных выставаў


У Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» адбылося адкрыцьцё выставы чатырох беларускіх мастакоў. Кожная з экспазыцыяў выставы — пэрсанальная.

Аляксей Зінчук, Анатоль Концуб, Раіса Сіплевіч і Алег Маціевіч працуюць у розных жанрах, і ўсе гэтыя працы знайшлі сваё месца на выставе. Сталыя і прызнаныя майстры жывапісу маюць багатую творчую спадчыну, таму на свае пэрсанальныя выставы здолелі прапанаваць толькі частку напрацаванага. Затое бальшыня палотнаў — найбольш блізкія сэрцу, кажа Алег Маціевіч:

«Канечне, найперш — полацкія краявіды. Таксама два партрэты Рыгора Барадуліна. Жыровічы пісаў з натуры ноччу ў дзень усіх беларускіх сьвятых — да дзьвюх гадзінаў ночы стаяў і пісаў».

Алег Маціевіч — сябра творчай суполкі мастакоў «Пагоня». Таму павіншаваць паплечніка і калегу па творчай майстэрні прыйшлі многія ягоныя сябры, у тым ліку мастак Аляксей Марачкін:

«Алег Маціевіч — гэта знаны беларускі жывапісец. Ён не зьмяняе свайму стылю і, дзякаваць Богу, што не паддаўся гэтым хвалям ні зьлева, ні з права. Ён абраў аднойчы сваю сьцежку і топча яе, як кажуць, зусім ня блага».

Сярод прапанаваных на выставе твораў — партрэты вядомых пісьменьнікаў, беларускія краявіды, народныя сьвяткаваньні і многае іншае. Ужо на адкрыцьцё выставы прыйшоў не адзін дзесятак чалавек, у тым ліку вядомыя творцы і звычайныя аматары мастацтва. А гэта ёсьць галоўным вынікам працы Беларускага саюзу мастакоў, — кажа намесьнік старшыні арганізацыі Рыгор Сітніца:

«Два гады, як мы кіруем саюзам мастакоў, і за гэты час праца вельмі актывізавалася. Яна павялічылася і колькасна і, спадзяюся, якасна. Не зважаючы на эканамічныя цяжкасьці, будзем старацца рабіць гэта і надалей. Таму мы тут робім тое, што робім».

Пэрсанальныя выставы чатырох беларускіх мастакоў будуць адкрытыя для наведнікаў да 31 студзеня.
XS
SM
MD
LG