Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перамог Барак Абама эканамічны крызіс?


Ці перамог Барак Абама эканамічны крызіс? Што зьмяніў новы амэрыканскі прэзыдэнт у міжнароднай палітыцы? На чыё прэзыдэнцтва будзе падобнае прэзыдэнцтва Абамы? Вынікі першага году кіраваньня Барака Абамы Аляксандар Лукашук і Юры Дракахруст абмяркоўваюць з аналітыкам цэнтральнай службы навінаў нашага радыё Брайнам Уітмарам.


Лукашук:
Год таму прынёс прысягу і заняў офіс новы прэзыдэнт ЗША – Барак Хусейн Абама. Год – занадта малы тэрмін, каб даваць канчатковыя ацэнкі, але дастатковы для таго, каб падводзіць папярэднія вынікі. І мы паспрабуем гэта зрабіць з нашым калегам, аналітыкам службы інфармацыі нашага Радыё Брайнам Уітмарам.

Брайн, эканамічны крызіс, які грымнуў восеньню мінулага году, быў адным з важных фактараў перамогі Абамы на выбарах. Прайшоў год. Цяпер многія экспэрты адзначаюць, што, мяркуючы па ўсім, страхі з нагоды крызісу былі крыху перабольшаныя, што, магчыма, дно крызісу ўжо пройдзенае і амэрыканская і сусьветная эканомікі на шляху да выздараўленьня. На ваш погляд, у якой ступені гэта заслуга новага прэзыдэнта ЗША? Зь яго «гучных» крокаў па пераадоленьні крызісу прыгадваецца хіба гіганцкі ў 700 мільярдаў пакет эканамічнай дапамогі, уліты ў амэрыканскую эканоміку. Зрэшты, і яго папярэднік, артадаксальны кансэрватар Джордж Буш, рабіў тое ж самае. Так сьвятло ў канцы эканамічнага тунэля зьявілася пры Абаму (так жа, як зьявілася б і пры прэзыдэнту Макейне) ці ўсё ж дзякуючы Абаму?

Уітмар:
Я мяркую, што трэба падзяліць дзьве рэчы. З аднаго боку, існуе праграма выратаваньня фінансавага сэктару і аўтамабільнай прамысловасьці, якая пачалася пры Бушы і працягвалася пры Абаму. Экстраная дапамога банкаўскай сфэры і аўтамабільнай прамысловасьці стабілізавала фінансавыя рынкі, якія былі ў стане свабоднага падзеньня ў апошнія месяцы кіраваньня Буша і ў першыя месяцы прэзыдэнцтва Абамы. Верагодна, гэта выратавала амэрыканскую эканоміку ад катастрофы. Гэта, хутчэй за ўсё рабіў бы і МакКейн, калі б стаў прэзыдэнтам. Гэта было непапулярным. Падаткаплацельшчыку не падабаецца, калі яго грашыма ратуюць банкіраў і кіраўнікоў аўтамабільных канцэрнаў. Але гэта было неабходна таму, што альтэрнатывай была катастрофа. Верагодна, гэта рабіў бы і МакКейн, але я шчыра сумняюся, што Маккейн укараняў бы новую сыстэму рэгуляваньня і кантролю фінансавага сэктару, якую прапануе Абама, каб гарантаваць, што мы не атрымаем падобнага крызісу ў будучыні.

А зь іншага боку, быў стымулюючы пакет тэрміновай дапамогі памерам у $ 700 млрд., які быў ініцыяваны Абамам і прыняты Кангрэсам у першы месяц яго прэзыдэнцтва. Гэта была грашовая ін'екцыя ў эканоміку ЗША, якая ўключала такія рэчы, як фінансаваньне інфраструктурных праектаў, грошы на заробак настаўнікам і паліцэйскім, падатковыя льготы для малога бізнэсу і на стварэньне працоўных месцаў іншыя меры. Большасьць сур'ёзных эканамістаў мяркуе, што гэты стымул выратаваў амэрыканскую эканоміку ад больш глыбокага спаду і, магчыма, дэпрэсіі. Стымулюючы пакет стварыў амаль 2 мільёны працоўных месцаў і аднавіў эканамічны рост. І я павінен адзначыць, што большая частка сродкаў з гэтага пакету будзе выдаткавана ў гэтым годзе, калі мы павінны ўбачыць рэальныя вынікі. У гіпатэтычным прэзыдэнцтве Джона МакКейна, я мяркую, можна быць упэўненым, што гэтага стымулюючага пакета ў $700 мільярдаў не было б, і эканоміка была б у значна горшым стане, чым яна ёсьць. Як амаль усе рэспубліканцы ў Кангрэсе, МакКейн галасаваў супраць гэтай прапановы.

Дракахруст:
Многія кансэрватыўныя крытыкі Абамы лічаць, што першы год яго прэзыдэнцтва быў часам суцэльных зьнешнепалітычных паразаў. На думку крытыкаў, ад яго спробаў вырашыць складаныя міжнародныя праблемы пры дапамозе свайго красамоўства праціўнікі Амэрыкі рабіліся больш нахабнымі, а яе сябры – больш разгубленымі. Іран фарсіруе сваю ядзерную праграму, Расія працягвае свой нэаімпэрскі марш, Усходняя Эўропа ў шоку ад рашэньня Вашынгтону адмовіцца ад сыстэмы супрацьракетнай абароны – у гэтай сытуацыі, на думку крытыкаў, прысуджэньне Абаму Нобэлеўскай прэміі міру выглядае, як злы зьдзек. Вы згодныя з такімі ацэнкамі зьнешняй палітыкі новай адміністрацыі?

Уітмар: Напачатку я б адзначыў, што Абама не спрабуе вырашыць складаныя міжнародныя праблемы сваім красамоўствам. Яго рытарычныя навыкі толькі адзін сродак у ягоным арсэнале. Тое, што прэзыдэнт спрабуе рабіць, на маю думку і на думку многіх экспэртаў – гэта стварыць структуру стымулаў, якая пасылае паведамленьне праціўнікам Амэрыкі: вось тое добрае, што адбудзецца, калі вы зьменіце свае паводзіны, а вось тое кепскае, што адбудзецца, калі вы гэтага ня зробіце. Гэта праект не на адзін год. Каб выкарыстоўваць мэтафару абеду, у першы год пры Абаму мы садзіліся за стол. На працягу другога году, мы пачнём есьці. Так што гэта толькі пачатак.

Што тычыцца супрацьракетнай абароны, калі Ўсходняя Эўропа была шакаваная рашэньнем Абамы, то яны павінны былі быць глухімі, нямымі і сьляпымі падчас ўсёй амэрыканскай выбарчай кампаніі, паколькі Абама зрабіў менавіта тое, што ён абяцаў зрабіць. Таму я ня думаю, што гэта сур'ёзная крытыка. Акрамя таго, большасьць ваенных экспэртаў лічаць, што новая сыстэма супрацьракетнай абароны, якую прапанаваў Абама, будзе больш моцнай і нашмат больш эфэктыўнай чым тая, якую зьбіраўся стварыць Буш. Старая сыстэма была скіраваная супраць пагрозы, якая пакуль неактуальная – супраць іранскіх ракет вялікага радыюсу дзеяньня. Новая супрацьракетная прапанова Абамы скіраваная супраць рэальнай пагрозы – іранскіх ракетаў малога і сярэдняга радыюсу дзеяньня, пры дапамозе якіх Тэгеран можа нанесьці ўдар па нашых саюзьніках і нашых войсках у Эўропе.

Лукашук: Праблема пашырэньня прасторы свабоды, правоў чалавека была ў цэнтры зьнешняй палітыкі адміністрацыі Джорджа Буша. Наколькі гэтая праблема застаецца прыярытэтнай для новай адміністрацыі? На думку многіх праваабаронцаў адміністрацыя Абамы здрадзіла свабодзе, прыводзячы ў роспач прыхільнікаў свабоды і не дамагаючыся сваім “рэалізмам” сур'ёзных саступак ад аўтарытарных кіраўнікоў. Гэта так?

Уітмар:
Перш за ўсё я б не пагадзіўся, што адміністрацыя Абамы панізіла прыярытэтнасьць правоў чалавека і дэмакратыі. Яе прыхільнасьць гэтым каштоўнасьцям такая ж вялікая, якой яна была ў папярэдняй адміністрацыі. Па сутнасьці, гэта будзе адной з прыярытэтных задач любога амэрыканскага прэзыдэнта, левага ці правага, дэмакрата ці рэспубліканца. Але ёсьць шмат розных спосабаў абароны правоў чалавека і дэмакратыі. Можна гаварыць пра іх да бясконца, вы можаце вымаўляць слова "свабода" кожныя пяць хвілін, з невялікай карысьцю для людзей, якія жывуць ва ўмовах тыраніі. Альбо вы можаце спакойна і мэтадычна працаваць над паляпшэньнем сытуацыі. Абама выразна выступае за апошні падыход. Калі вы размаўляеце з людзьмі адміністрацыі Абамы па гэтым пытаньні, робяцца зразумелымі дзьве рэчы. Па-першае, прэзыдэнт ня лічыць канструктыўным падыходам ігнараваць рэжымы, зь якімі мы не згодныя і якія робяць тое, што нам не падабаецца. Гэта часта толькі пагаршае праблему. А па-другое, прэзыдэнт лічыць, што ён можа лепш спрыяць справе абароны правоў чалавека і дэмакратыі шляхам ангажаваньня нашых праціўнікаў.

Дракахруст:
На думку многіх аналітыкаў, фігура цяперашняга прэзыдэнта ЗША вельмі моцна ідэалягічна расколвае амэрыканскае грамадзтва: адны яго любяць, шануюць ледзь ня як Мэсію, іншыя гэтак жа люта ненавідзяць, лічачы ледзь не кіраўніком камуністычнай змовы. Як зьмянялася стаўленьне да Абамы на працягу гэтага году? Наколькі новы лідэр аказаўся здольным зьяднаць нацыю?

Уітмар: Я думаю, што гэта няправільны погляд. Абама перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, набраўшы 53% галасоў, і сёньня яго рэйтынг складае 56% паводле апошніх апытаньняў. Яго рэйтынг пасьля інаўгурацыі падвысіўся да 70%, але гэта ў асноўным было рэакцыяй на гістарычны характар яго абраньня, паказчык таго, што краіна прагнула аптымізму. Цалкам натуральна, што яго рэйтынг пазьней зьнізіўся да натуральнага ўзроўню. Той факт, што амэрыканскае грамадзтва падзеленае, больш кажа аб амэрыканскім грамадзтве, чым пра Абаму. Такі ж падзел назіраўся і ў часы Буша і Клінтана. Амэрыка – падзеленая краіна на дадзеным этапе нашай гісторыі, і гэта, на жаль, проста факт. Гэта праўда, што ёсьць вельмі гарачая рыторыка і сумнеўныя заявы ў крайне правым лягеры. Можна пачуць вар’яцкія сьцьверджаньні, што Абама – патаемны сацыяліст, камуніст і фашыст. І ўсё гэта разам. Такія ж цалкам абсурдныя сьцьверджаньні, што ён не нарадзіўся ў Злучаных Штатах. Але гэтая дзіцячая рыторыка больш кажа аб тым, хто такія амэрыканскія ультраправыя, чым хто такі прэзыдэнт Абама. Гэтыя цынічныя хітрыкі з мэтай пазбавіць легітымнасьці яго прэзыдэнцтва ня будуць працаваць. Сярод прыхільнікаў Абамы на левым флянгу таксама існуе пэўнае расчараваньне, таму што ён быў вымушаны пайсьці на непазьбежныя кампрамісы. Але гэтыя людзі павінны разумець, што палітыка – гэта мастацтва магчымага.

Дракахруст: Людзі пазнаюць новае, невядомае праз знаёмае, усяму шукаюцца аналёгіі ў мінулым. На ваш погляд, на чыё прэзыдэнцтва ўжо падобна і будзе падобна прэзыдэнцтва Барака Абамы – Франкліна Рузвэльта, Джымі Картэра, іншага прэзыдэнта?

Уітмар:
Гэта можа прагучаць нечакана, але я заўсёды казаў, што Барак Абама больш за ўсё нагадвае Рональда Рэйгана. Калі Рейган прыйшоў да ўлады, ён адрадзіў Амэрыку, замяніўшы старую, стомленую лібэральную ідэалёгію на новы, абноўлены, энэргічны кансэрватызм. Праз пакаленьне Абама зараз замяняе стары, стомлены кансэрватызм новай, палепшанай вэрсіяй лібэралізму. Амэрыканская палітыка разьвіваецца цыклічна, і вялікія прэзыдэнты – такія як Франклін Рузвэльт і Рональд Рэйгана – гэта звычайна тыя, якія прыносяць ідэалягічныя перамены. Нам давядзецца пачакаць крыху, каб вызначыць, ці ўпісваецца Абама ў гэтую катэгорыю, але я ўпэўнены, што гэта так. І я хацеў бы дадаць, што ў канцы першага году свайго прэзыдэнцтва Рэйган зусім ня быў падобным да героя-пераможцы, як ён выглядае цяпер, у рэтраспэктыве. Эканоміка была ў руінах, Савецкі Саюз быў моцным як ніколі. І многія так званыя экспэрты прарочылі, што Рэйган будзе няўдалым прэзыдэнтам аднаго тэрміну кіраваньня.

Лукашук: На ваш погляд, якое рашэньне Абамы першага году яго прэзыдэнцтва можна назваць самым яскравым і запамінальным, якое застанецца і ў гісторыі яго прэзыдэнцтва, і ў амэрыканскай гісторыі?

Уітмар:
Ва ўнутранай палітыцы, я думаю, што яго спроба рэфармаваць сыстэму аховы здароўя ўвойдзе ў гісторыю як гістарычная. Кожнае дэмакратычны прэзыдэнт, пачынаючы з Рузвэльта, спрабаваў рэфармаваць сыстэму аховы здароўя, якая складае шостую частку амэрыканскай эканомікі, зьяўляецца самай дарагой у сьвеце і пакідае мільёны працуючых амэрыканцаў бяз доступу да мэдыцынскага абслугоўваньня. Абама знаходзіцца на парозе значнай рэформы сыстэмы аховы здароўя, якая будзе найбольш значным дасягненьнем амэрыканскай унутранай палітыкі ў гэтым пакаленьні. Гэта было мужнае рашэньне, і яно дасьць плён ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.
У галіне зьнешняй палітыкі яго найбольш важнае рашэньне гэта, безумоўна, эскаляцыя вайны ў Аўганістане. Я лічу, што гэта правільны ўчынак. Пры гэтым Абама пайшоў супраць многіх сваіх прыхільнікаў, таму што ён лічыў, што гэта правільны ўчынак. Гэта прыкмета сапраўднага лідэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG