Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дваццаць гадоў таму, 20 студзенья 1990 году, савецкія войскі штурмавалі Баку на загад Крамля ў марнай спробе захаваць камуністычнае панаваньне і здушыць рух за незалежнасьць Азэрбайджану. Сваімі ўспамінамі дзеліцца дырэктар Азэрбайджанскай службы нашага Радыё Кенан Аліеў.

На працягу некалькі дзён кантынгент колькасьцю 26 тысячаў чалавек, разганяў дэманстрантаў, без папярэджаньня страляючы ў натоўп, у выніку чаго загінула больш за 200 чалавек і каля 700 былі параненыя. Масква абвясьціла надзвычайнае становішча, якое працягвалася больш за год. Тысячы актывістаў і прыхільнікаў Народнага фронту былі арыштаваныя, зьняволеныя і катаваныя.

Я добра памятаю халодны вецер той студзеньскай ночы. Мы зь сябрамі трымалі дзяжурства на шашы, што вядзе зь лётнішча ў горад. Я ня мог зьвязацца з бацькамі, якія паехалі ў горад, спадзеючыся мяне знайсьці. Пазьней я ўпершыню пабачыў на твары ў майго бацькі сьлёзы – яны з маці шукалі мяне па моргах і бачылі там дзясяткі целаў забітых, паскладаных у акрываўленых калідорах. Целы жанчын і дзяцей, азэрбайджанцаў, татараў, габрэяў, лезгінаў, расейцаў. Звычайных жыхароў Баку.

Сёньня ў Баку адзначылі 20-ю гадавіну трагедыі
Я памятаю, калі той раніцай узышло сонца, я хадзіў па вуліцах і бачыў танкі і БМП з маладымі салдатамі з аўтаматамі напагатове. Немагчыма было паверыць: ніхто ня мог падумаць, што пасьля крывавых падзеяў у Тбілісі 9 красавіка 1989-га Масква зноў наважыцца выкарыстаць зброю супраць цывільнага жыхарства. Мы ўсё яшчэ былі ў абладзе “тбіліскага сындрому” і наіўна верылі, што такая трагедыя не паўторыцца.

Пазьней я памятаю масавае пахаваньне соцень ахвяраў у бакінскай Алеі Пакутнікаў. На пахаваньні прысутнічалі мільёны людзей. Гавань была запоўненая маленькімі прыватнымі суднамі, якія сыгналілі на знак жалобы. Увесь Азэрбайджан быў аб'яднаны як ніколі. Савецкая эра закончылася.

Традыцыйная 40-дзённая жалоба адзначылася агульнанацыянальным страйкам у гонар тых, хто ўзьняўся бараніць свабоду і ахвяраваў свае жыцьці. Заводы не працавалі, людзі заставаліся дома.

Савецкі міністар абароны Дзьмітры Язаў так тлумачыў студзеньскі напад: “Мы ўвайшлі ў Азэрбайджан, каб зьнішчыць палітычныя структуры Народнага фронту і не дапусьціць іх перамогі на выбарах, заплянаваных на 19 сакавіка 1990 годзу”.

Мэмарыял памяці ахвяраў падзеяў 20 студзеня 1990 году.
Іншыя савецкія кіраўнікі не былі такія просталінейныя і спрабавалі выставіць справу ў іншым сьвятле. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў апраўдваў уварваньне нібыта непазьбежнай пагрозай ісламскага фундамэнталізму.

Іншыя функцыянэры ў якасьці зачэпкі для акупацыі абралі напружаньне паміж Азэрбайджанам і Армэніяй вакол Нагорнага Карабаху. І сапраўды, за тыдзень да таго – 13 студзеня, у Баку выбухнулі гвалтоўныя напады на мясцовых армянаў, у выніку якіх загінулі каля 50 чалавек. Аднак трынаццаць тысячаў вайскоўцаў Міністэрства ўнутраных справаў, дысьлякаваных у Баку, не паварушылі пальцам, каб спыніць гвалт.

Спадзяваньне свабоды

Уварваньне скончылася ня так, як плянавала савецкае кіраўніцтва. Савецкая армія зьнічшыла сярод азэрбайджанцаў рэшткі надзеі на магчымасьць рэфармаваньня і захаваньня Савецкага Саюзу. Праз дваццаць месяцаў Азэрбайджан абвясьціў незалежнасьць. Сотні тысячаў людзей сымбалічна спалілі свае партбілеты.

Азіраючыся на падзеі 20-гадовай даўніны, я надалей адчуваю гонар. Азэрбайджан – незалежная краіна. Са сваім войскам і валютай. З важнай рольлю ў рэгіянальных пытаньнях энэргетыкі і бясьпекі. Гэта важная транзытная краіна Прыкасьпійскага рэгіёну.

Але заваяваць незалежнасьць было лягчэй, чым забясьпечыць свабоду. Бо ж людзі, што супрацьстаялі савецкім танкам, найбольш патрабавалі свабоды.

"Несвабодная краіна” – так жорстка ацэньвае сёньняшні Азэрбайджан арганізацыя Freedom House. Прычына – адсутнасьць дэмакратычных інстытутаў, свабодных мас-мэдыяў і незалежнай судовай сыстэмы. Рада Эўропы выказала занепакоенасьць затрыманьнем палітычных актывістаў і журналістаў. Transparency International зафіксавала ў краіне высокі ўзровень карупцыі.

Свабодныя краіны мацнейшыя за таталітарныя, бо яны адказваюць перад сваімі народамі і кіруюць з усеагульнай згоды. Цяперашнім бакінскім лідэрам варта памятаць, што нават савецкія танкі ня здолелі ўтрымаць пры ўладзе камуністычных кіраўнікоў пасьля таго, як воля народу павярнулася супраць іх.

У першы тыдзень пасьля інтэрвэнцыі 1990 году была зачыненая рэспубліканская тэлевізія. Савецкія агенты падарвалі бакінскія перадатчыкі за некалькі гадзінаў да таго, як у горад уехалі танкі. Праз інфармацыйную блякаду прабіваліся толькі праграмы Азэрбайджанскай службы Радыё Свабода зь Мюнхену. Кароткахвалёвыя перадачы Радыё Азадлык былі адзіным кантактам са зьнешнім сьветам, сымбалем надзеі і мары дэманстрантаў пра свабоду.

І вось праз 20 гадоў, паводле іроніі гісторыі, азэрбайджанскія ўлады забаранілі рэтрансьляцыю ў краіне замежных радыёстанцый, і Радыё Азадлык, чыя місія далёкая ад завяршэньня, зноў гучыць праз кароткія хвалі і сатэліт.

Ці можа ў Азэрбайджане паўтарыцца “Чорны студзень”? Расейскае вайсковае ўварваньне ў Грузію ў жніўні 2008­га надае паняцьцю “Тбіліскі сындром” новы сэнс і дае падставы меркаваць, што можа адбыцца ўсякае.

Усё большыя амбіцыі Масквы ў дачыненьні да “блізкага замежжа” нельга недаацэньваць. Канфлікт вакол Нагорнага Карабаху застаецца нявырашаны, што дае Крамлю зачэпку для ўмяшаньня ў рэгіён. Калі настане крызіс, ці змогуць бакінскія ўлады разьлічваць на падтрымку сваіх грамадзянаў?

20 студзеня 1990 году сталася агнявым выпрабаваньнем Азэрбайджану як дзяржавы. Сёньняшняя гадавіна нагадвае нам, што барацьба за тое, чаго дваццаць гадоў таму дамагаліся пратэстоўцы, застаецца незавершаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG