Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць адказаў Васілевіча


Рыгор Васілевіч

Рыгор Васілевіч

Генэральны пракурор Беларусі ня бачыць прычын, каб судовы працэс у справе Мікалая Аўтуховіча адбываўся за зачыненымі дзьвярыма. Ён запэўніў, што высьветліць, ці атрымлівае палітвязень своечасовую мэдычную дапамогу. Рыгор Васілевіч заявіў таксама, што генэрала Ўсхопчыка ня выдадуць літоўскаму боку як грамадзяніна Беларусі.

1. Пра Ўсхопчыка


Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі пракамэнтаваў сытуацыю вакол генэрала Усхопчыка, выдачы якога патрабуе Літва паводле абвінавачаньня ў антыканстытуцыйных дзеяньнях:

«Што тычыцца грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, то яны не падлягаюць выдачы. Я ня ведаю такіх дамоваў. Што ж тычыцца нашых грамадзянаў, якія знаходзяцца ў замежжы, то мы просім іх выдачы. Час ад часу мы атрымліваем адмовы, нават калі там няма й намёку на нейкі палітычны аспэкт.

Што тычыцца Ўсхопчыка, то лепш за прэзыдэнта Літвы ніхто ня скажа. Яна выказала прэтэнзіі да пракуратуры і спыталася, чым займалася іх пракуратура цягам 20 гадоў. Мы Ўсхопчыка выдаваць ня будзем».

2. Пра настаўнікаў


Генэральны пракурор выказаў сваё стаўленьне да скандальнага выпадку, калі ад настаўнікаў у аблвыканкаме запатрабавалі спыніць сяброўства ў палітычных партыях або звольніцца з працы:

«Яны дарослыя людзі, і яны самі прымаюць рашэньні. Забаронаў у Канстытуцыі няма. Кожны дарослы чалавек сам робіць выбар».

3. Пра артыкул 193


Рыгор Васілевіч паведаміў, што ня будзе ініцыяваць прапанову ў Палату прадстаўнікоў, каб перагледзець артыкул 193 Крымінальнага кодэксу, паводле якога за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях ужо былі пакараныя 15 чалавек:

«Не лічу, што ён яўна выпадае зь межаў закону».

4. Пра Аўтуховіча


На пытаньні «Свабоды», чаму Мікалаю Аўтуховічу не аказваюць мэдычнай дапамогі, у прыватнасьці — адмаўляюць у лячэньні зубоў, а таксама забараняюць адвакату капіяваць матэрыялы справы, сп. Васілевіч адказаў:

«Што тычыцца мэдычнай дапамогі, то я высьветлю. Наконт капіроўкі адвакатам матэрыялаў справы, то такая праблема ёсьць. Чаму? Таму што справу яшчэ не накіравалі ў суд. Але гэта, можа, і ваш хлеб, але вы ўжо валодаеце той інфармацыяй, якую сьледчы ня меў намеру распаўсюджваць. Але самае галоўнае, што адвакат ёсьць і ён аказвае юрыдычную дапамогу. А наконт мэдычнай дапамогі, то трэба будзе высьветліць».

Рыгор Васілевіч пракамэнтаваў нядаўнія выказваньні міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова наконт таго, у якім рэжыме будзе адбывацца суд.

«Наконт Аўтуховіча ды іншых асобаў, якія праходзяць па гэтай справе, я лічыў да сёньняшняга дня, што будзе адкрытае судовае паседжаньне, і ніякіх іншых рашэньняў не было».

5. Пра Захаранку


Генэральны пракурор не выключае, што сам дасьць адказ жонцы Юрыя Захаранкі аб тым, як ідзе сьледзтва ў справе выкраданьня яе мужа.

6. Пра забойствы


Наконт яшчэ адной гучнай справы — забойства касіркі абменнага пункту — Рыгор Васілевіч сказаў, што сьледзтва рухаецца пасьпяхова. Ён запэўніў, што злачынцу знойдуць, і дадаў, што гэта толькі справа часу.

Генэральны пракурор адзначыў, што летась у 45 раёнах краіны быў заўважаны шпаркі рост злачыннасьці. Пры гэтым трэцяя частка забойстваў адбываецца ў сельскай мясцовасьці. Сп. Васілевіч патлумачыў гэта беспрацоўем, алькагалізацыяй насельніцтва і распаўсюджваньнем наркаманіі. Пры гэтым ён адзначыў, што барацьба з наркатрафікам вядзецца «не на сур’ёзным узроўні».
XS
SM
MD
LG