Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Алькагольнае лобі будзе нарошчваць бізнэс, пакуль не памрэ апошні беларус”


Слухачы «Свабоды» працягваюць абмяркоўваць вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, зьвяртаюцца да лідэраў апазыцыйных партый з заклікам байкатаваць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2011 годзе, цікавяцца, наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі расейцаў да якасьці беларускай прадукцыі, выказваюць сваё стаўленьне да праблемы п’янства.

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, а таксама маючыя адбыцца на пачатку наступнага году прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — асноўныя тэмы тэлефанаваньняў слухачоў:

Спадарыня Яўгенія Казлова, Ворша: «Паколькі да выбарчых скрыняў ва Ўкраіне прыйшлі не 100% з тых, хто мае права голасу, то рэальна Януковіча падтрымліваюць недзе 20%. І таму няхай Януковіч ня робіць такіх гучных і вобразных заяў, што стаўленьне да Расеі — гэта не гульня на балалайцы. У краіне пачатак дэмакратыі, цяжка, але гэты працэс незваротны. А ў Беларусі няма і той дэмакратыі, што ва Ўкраіне. Перад выбарамі нэрвуецца ўлада, ёсьць аб чым: занадта сытае жыцьцё для сябе збудавала».

Выбары ва Ўкраіне прымушаюць задумацца і беларусаў, што праз год і нас чакаюць выбары кіраўніка краіны. Сьведчаньне таму — наступны званок:

Спадарыня: «Па-мойму, лідэры апазыцыйных партый і рухаў, якія выказваюцца супраць байкоту на выбарах у Беларусі ў 2011 годзе, проста баяцца ці ня хочуць правесьці тую агромністую працу з насельніцтвам, каб пераканаць яго байкатаваць выбары. Ня хочуць таму, што гэта вялікая і цяжкая праца — пераконваць насельніцтва ў неабходнасьці байкоту, таму што гэта адзіны шанец аб’явіць Лукашэнку ў выпадку чарговай „элегантнай перамогі“ нелегітымным».

Званок слухачкі «Свабоды» камэнтуе аналітык Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
«Ідэя палітычнага байкоту лунае ў беларускім палітычным асяродзьдзі ўжо ня першы год, але кожны раз яна, калі казаць наўпрост, правальваецца. Рэч у тым, што ў сёньняшніх умовах немагчыма настолькі сканцэнтраваць масу, каб яна выступіла супраць байкоту такой пераважнай большасьцю. І ўвогуле, нават у такіх неспрыяльных, несправядлівых умовах усё ж такі партыі ствараюцца для выбараў. І сэнс — у барацьбе. І заўжды аўтарытарныя рэжымы падалі пад ціскам вось гэтай барацьбы і такога электаральнага і вулічнага таксама наступу масаў».

Спадар: «Як разумець, што кіраўнікі заяўляюць на ўвесь сьвет: беларускае -лепшае, а расейцы дасылаюць рэклямацыі пра невыкананьне сваіх абавязкаў братамі-беларусамі?»

Наколькі абргунтаваныя прэтэнзіі расейцаў да беларускай прадукцыі, мы папрасілі пракамэнтаваць адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы Андрэя Юркова:

«Безумоўна, прэтэнзіі абгрунтаваныя. Іншая справа — нашы адмыслоўцы кажуць: маўляў „ваша ня лепшая, у вас саміх бервяно ў воку“. І гэта праўда, іх прадукцыя нічым ня лепшая, а часьцяком і горшая за беларускую. Але ёсьць сусьветныя нарматывы, нормы. І таму, калі расейскі спажывец будзе набываць прадукцыю ў Эўразьвязе, Новай Зэляндыі ці ў Амэрыцы, там гэтыя нормы дзейнічаюць. У нас іх да нядаўняга часу практычна не было. Літаральна год, як пачалі варушыцца пасьля гэтай ледзьве не малочнай вайны. Таму, канечне, гэта ўсё абгрунтавана. Але пры чым тут Расея? Гэта нашы ўнутраныя праблемы. Трэба проста рабіць якасную прадукцыю на ўзроўні лепшых брэндаў сьвету, вось і ўсё».

Надзвычай хвалюе слухачоў Радыё Свабода і праблема п’янства:

Спадарыня: «У панядзелак па беларускім тэлебачаньні глядзела праграму „Выбар“ пра праблему алькагалізму ў Беларусі. На жаль, у тэлегледачоў няма магчымасьці весьці дыскусію з дырэктарам лікёра-гарэлкавага заводу, дэпутатам ці сьвятаром. Але калі ўжываньне толькі ўлічанага сьпірту складае 12 літраў на чалавека ў год, уключна зь немаўлятамі, старымі і абсалютна непітушчымі, расказваць пра культуру піцьця проста амаральна. Алькагольнае лобі будзе нарошчваць свой бізнэс, пакуль не памрэ апошні беларус».

І яшчэ некалькі выказваньняў слухачоў на адрас Сяргея Каваленкі:

Сьвятлана Іванаўна, Ворша: «Мяне вельмі ўразіў гэты ўчынак Сяргея Каваленкі ў Віцебску. Я думаю, што гэта геройскі ўчынак. Вельмі мяне турбуе, як можна дапамагчы гэтаму чалавеку, Сяргею Каваленку? Гэта герой нашага часу».

Спадар: «Пра вывешаны Сяргеем Каваленкам на ёлцы сьцяг. Такія формы пратэсту проста неабходна праводзіць, асабліва ў Менску, але ня лазіць на ёлкі, а дастаўляць сьцягі праз простыя прылады».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG