Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню з 1996 году зь візытам у Парыж выехала ўрадавая беларуская дэлегацыя. Візыт носіць выразна эканамічны характар і заплянаваны на 4 дні.

У складзе дэлегацыі — віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка, намесьнік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі, намесьнікі міністраў эканомікі, фінансаў, энэргетыкі, сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі беларускіх дзелавых колаў.

Паводле дарадцы амбасады Беларусі ў Парыжы Іны Васілеўскай, учора дэлегацыя сустракалася з генэральным сакратаром Элізэйскага палаца Клёдам Геанам (кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Сарказі), сёньня — з дэпутатамі парлямэнту Францыі, якія ўваходзяць у групу па сувязях зь Беларусьсю.

Заплянаваныя сустрэчы ў МЗС Францыі, міністэрствах эканомікі, прамысловасьці, кіраўнікамі францускіх банкаў “BNP Paribas”, “Société Générale” і буйных кампаній. Чакаецца таксама супольны бізнэс-форум у штаб-кватэры Фэдэрацыі францускіх прадпрымальнікаў MEDEF, паведаміла дарадца беларускай амбасады ў Францыі Іна Васілеўская:

“У прынцыпе, візыт цікавы. Шмат сустрэч. Яго асноўны складнік — гэта, канечне, эканоміка. Але тыя сустрэчы, якія адбыліся ўчора, маюць і палітычнае значэньне. Яны былі на высокім узроўні”.

Паводле спадарыні Васілеўскай, рыхтуюцца да падпісаньня міжурадавае пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, навукі і адукацыі, пагадненьне паміж беларускім Саюзам прадпрымальнікаў і MEDEF, асобныя дамовы паміж прадпрыемствамі.

Адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч раней меў у Парыжы сустрэчы на самым высокім узроўні — яго прымаў прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі. Спадар Мілінкевіч лічыць, што час для сустрэчы кіраўнікоў Францыі і Беларусі яшчэ не насьпеў:

Аляксандар Мілінкевіч
“Думаю, што такія сустрэчы адбываліся б, калі б на Беларусі быў прагрэс у правах чалавека і дэмакратызацыі. На жаль, сёньня зьмены ў Беларусі павярхоўныя, гэта ўсе фіксуюць. Таму пакуль што такія сустрэчы, мне падаецца, немагчымыя”.

Што да запрашэньня ў Парыж беларускай урадавай дэлегацыі, то спадар Мілінкевіч ацэньвае гэты факт пазытыўна:

“Безумоўна, я лічу, што гэта падтрымка Беларусі, гэта ў інтарэсах нашага народу. Калі ў нас аўтарытарная ўлада ці, як некаторыя называюць, дыктатура, гэта ня значыць, што краіну трэба ізаляваць. Эканамічнае супрацоўніцтва вельмі важнае ў час крызісу”.

Аляксандар Мілінкевіч зазначае, што Францыя не зьбіраецца абмяжоўвацца эканамічнымі кантактамі зь Беларусьсю, але імкнецца таксама ўплываць на дэмакратызацыю ў краіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG