Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма грошай? Спагнаць з рабочых!


Аляксандар Бухвостаў

Аляксандар Бухвостаў

У Бабруйску Свабодны прафсаюз Беларускі абараніў семярых рабочых завода трактарных дэталяў і агрэгатаў. Адміністрацыя прадпрыемства вылічыла зь іхных заробкаў агулам тры з паловай мільёны рублёў – нібыта за недахоп запчастак. Суд, аднак, пацьвердзіў, што абвінавачваньні незаконныя, і абавязаў вярнуць людзям грошы. Гэта не адзіны выпадак, калі адміністрацыі гэтага ды іншых прадпрыемстваў абкладаюць найманых работнікаў беспадстаўнымі штрафамі.


Спагнаньні работнікі заводу атрымалі яшчэ летась. Давесьці іх незаконнасьць без суду Свабоднаму прафсаюзу тады не ўдалося.

“Мінулым летам, калі былі затавараныя ўсе склады, гатовая прадукцыя стаяла проста на двары й яе ніхто не ахоўваў. Правялі інвэнтарызацыю, і на тры з паловай мільёны выявілі недахоп дэталяў. Ну, і на іх усё гэта навесілі, што яны вінаватыя. Паводле закону, наймальнік мусіў іх азнаёміць з загадам аб спагнаньні, даць ім дзесяць дзён на абскарджаньне і толькі потым даваць справе ход. На ніводным з загадаў іх подпісу няма”, — зазначае прафсаюзны актывіст Міхаіл Кавалькоў.

У судзе заводзкія юрысты вырашыць спрэчку мірам адмовіліся. Яны даводзілі: спагнаньні законныя. Нядаўна суд, аднак, пастанавіў: адміністрацыя мусіць выплаціць незаконна спагнаныя грошы.

І ў Магілёве незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці вярнуў працоўным каля 23 мільёнаў рублёў. Гаворыць актывіст прафсаюзу Андрэй Дзьвігун:
На звычайнага прараба будаўнічага трэста павесілі нястачу ў 21 мільён рублёў ...

“На звычайнага прараба будаўнічага трэста № 12 павесілі нястачу ў 21 мільён рублёў. Ён павінен быў працаваць на гэтым прадпрыемстве 5 гадоў без заробку. Яшчэ было каля дзесяці выпадкаў, калі недастачу вешалі на людзей, але ўсё гэта вырашалася да суду. Калі людзі пачыналі бараніць свае правы, адразу пытаньні да іх здымаліся”.

Сустаршыня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў цьвердзіць: крызіс у эканоміцы змушае кіраўніцтва прадпрыемстваў ісьці на парушэньні:

“У іх няма сродкаў, таму яны спрабуюць альбо недаплачваць, альбо спаганяць. Гэта агульная сытуацыя такая. Частка працоўных зьвяртаецца і ў афіцыйныя прафсаюзы. Там даволі шмат зваротаў. Я глядзеў там лічбы, там яны даволі вялікія па кампэнсацыі стратаў, незаконных налічэньняў. Дзе працоўныя пачынаюць пратэставаць, там яны могуць дамагчыся кампэнсацыі”.

У суполках незалежных прафсаюзаў адзначаюць узмацненьне ціску на сваіх актывістаў. Летась у верасьні кіраўніцтва Лукомскай ДРЭС адмовілася падаўжаць кантракт з прафсаюзным актывістам Аляксеем Габрыэлем. У сьнежні, аднак, суд Чашніцкага раёну Віцебшчыны абавязаў наймальніка кантракт падоўжыць.

Працягвае змагацца за аднаўленьне на працы й работнік “БелАЗу” Юры Лобан. Кіраўніцтва таксама адмовілася падаўжаць з ім кантракт. Неўзабаве ягоную скаргу разгледзіць Менскі абласны суд.
XS
SM
MD
LG