Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На азіяцкіх фондавых біржах кошты на нафту зьнізіліся


На азіяцкіх фондавых біржах сёньня назіралася зьніжэньне коштаў на сырую нафту, паведамляе з Сынгапуру агенцтва АРА.

Так, кошт нафтавых паставак у лютым зьнізіўся да 78,24 даляра ЗША за барэль (159 літраў). Цана паставак spot-нафты ў сакавіку зьнізілася да $76,86. У гэтым месяцы кошты складалі прыкладна $79,45 за барэль. У мінулым месяцы, на пачатку расейска-беларускай нафтавай вайны, цэны за адзін барэль на ўсясьветных біржах пераадолелі адзнаку 80 даляраў. Адным з фактараў гэтага падвышэньня, як пішуць заходнія аглядальнікі, стала інфармацыя адносна спыненьня расейскіх нафтавых паставак у Беларусь.

Канфлікт выклікаў занепакоенасьць у розных краінах ЭЗ. Аднак, паводле эўрапейскіх аглядальнікаў, адрозна ад падзеяў трохгадовай даўніны, пакуль яшчэ перапынку ў транзыце нафты не назіралася. Да таго ж запасы нафты вялікія, і ЭЗ у надзвычайным выпадку зможа мабілізаваць неабходныя рэсурсы.

Што да сёньняшняга падзеньня коштаў, то яго экспэрты зьвязваюць з шэрагам фактараў. Гэта стабілізацыя амэрыканскага даляра, больш нізкі прагноз Міжнароднага энэргетычнага агенцтва адносна сёлетняга попыту на нафту ў сьвеце, аслабленьне халадоў у ЗША, а таксама падвышэньне Цэнтрабанкам Кітаю банкавага рэзэрву, каб прадухіліць “перагрэў” кітайскай эканомікі, цытуе венскае выданьне Der Standard меркаваньні нафтавых дылераў.
XS
SM
MD
LG