Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскія выбарцы патрабуюць ад уладаў справядлівых выбараў. З такім лістом да старшыні Слонімскага райвыканкаму і старшыні райсавету зьвярнулася група грамадзянаў.


У лісьце падаецца рэтраспэктыва мінулых выбараў у парлямэнт і мясцовыя саветы, а таксама нагадваюцца канкрэтныя факты ціску з боку ўладаў на дэмакратычных кандыдатаў, беспадстаўныя адмовы ў рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў, выкарыстаньне ўладамі адміністрацыйнага рэсурсу, непрыхаванае фальшаваньне выбараў і іншыя парушэньні заканадаўства.

Выбарцы, зьвяртаючыся да кіраўнікоў раёну, пішуць: “Мы патрабуем прадаставіць нам гарантаванае Канстытуцыяй права абіраць і быць абранымі”.

Сярод канкрэтных патрабаваньняў: уключыць у склад камісіі прадстаўнікоў ад усіх палітычных партый, якія дзейнічаюць у раёне, выключыць маніпуляцыі з рэгістрацыяй кандыдатаў, каб выбары насамрэч адбываліся на альтэрнатыўнай аснове, і прыцягваць да адказнасьці тых кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія, карыстаючыся адміністрацыйным рэсурсам, прымушаюць людзей галасаваць за таго ці іншага кандыдата.

Сярод тых, хто падпісаўся пад лістом, — кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Іван Шэга. Ён сказаў нашаму радыё, што група выбарцаў запісалася на прыём да старшыні райвыканкаму, каб асабіста выказаць яму гэтыя патрабаваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG