Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітык Вінцук Вячорка: “У дыскусіі пра будучыню Менску ня ўдзельнічаюць жыхары гораду”.
Навуковец Леанід Вялічка: “Улады ня лічацца з экалягічнай экспэртызай”.
Жыхар Менску Леанід Тушынскі: “Падкажыце, як лепш арганізавацца?”
Жыхарка Менску Людміла Крыштаповіч: “Дайду, калі трэба, да Страсбуру”.
Праваабаронца Тамара Сяргей: “Для чыноўнікаў няма горшага дакумэнта, як Канстытуцыя”.
Экспэрт Андрэй Завадзкі: “Новы закон пра мясцовае самакіраваньне — адзіная зачэпка”.
Архітэктар Антон Астаповіч: “4-ы артыкул закону аб архітэктуры - пра абмеркаваньне праектаў”.
Былы дэпутат Пётр Садоўскі: “Ведаю адзіны станоўчы досьвед”.
У штаб-кватэры БНФ адбылася дыскусія вакол балючай праблемы Менску — прымусовага зносу прыватнага сэктару, каб забудаваць сучаснымі шматпавярховымі дамамі. «Гэта урбаністычная неабходнасьць ці поле для карупцыі?» — вызначылі тэму грамадзкай дыскусіі яе арганізатары.

Круглы стол арганізавалі Вінцук Вячорка і Алесь Стральцоў з інстытуту дзяржаўнасьці і дэмакратыі пры Партыі БНФ. На дыскусію запрасілі экспэртаў, журналістаў і, вядома ж, зацікаўлены бок — менчукоў, якім пагражае высяленьне з прыватных дамоў, замест якіх улады вырашылі паставіць шматпавярховыя дамы павышанай камфортнасьці. Такіх людзей у Менску некалькі дзясяткаў тысяч, і яны паступова арганізуюцца, каб адстойваць свае правы. У большасьці выпадкаў, як на тэрыторыі Сельгаспасёлку, аб праекце і інвэстары высяленцам нічога невядома, акрамя таго, што «праект узгоднены на самым версе, а забудоўнік звычайна з Расеі і мае вялікія сувязі». Як у такіх умовах змагацца?

Былы супрацоўнік Акадэміі навук Леанід Вялічка кажа, што падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам генплян разьвіцьця Менску супярэчыць дзяржаўнай экалягічнай экспэртызе 1995 году.

Палітык Вінцук Вячорка мяркуе, што ў выпадку зь Сельгаспасёлкам, як і зь іншымі тэрыторыямі, не абышлося без карупцыі сярод чыноўнікаў:

«Галоўная праблема — як прымусіць тых, хто прымае рашэньне, пачуць голас грамадзтва і скарэктаваць пляны. Гэтая мэта пакуль ня вырашаная. Трэба зноў і зноў выносіць гэтае пытаньне ў інфармацыйную прастору, каб падштурхнуць уладу да сапраўднай карэкцыі становішча, зыходзячы з канстытуцыйных правоў грамадзян».

Паводле жыхара Мэліярацыйнай вуліцы Леаніда Тушынскага, мясцовыя ўлады недастаткова інфармуюць людзей наўмысна:

«Мы пісалі лісты, зьвярталіся да дэпутата, але нам ніхто не дапамог. Мясцовыя ўлады нас не заўважаюць, а камітэт архітэктуры дае стандартны адказ, у якім спасылаецца на пэўны плян».

Паводле Леаніда Трушынскага, збольшага няма адзінства і сярод высяляных людзей: адны згодныя пераехаць, другія ні ў якім разе, трэція ня згодныя толькі з умовамі пераезду. Разьядноўвае людзей і тое, што адны пасьпелі прыватызаваць зямлю, іншыя — не. Людміла Крыштаповіч, якая пасьпела, кажа, што гатовая судзіцца з уладамі да апошняга, у тым ліку гатовая дайсьці да суду ў Стасбуры.

Юрыст Тамара Сяргей патлумачыла спадарыні Крыштаповіч: грамадзянам Беларусі немагчыма зьвяртацца ў Страсбур, паколькі Беларусь ня ёсьць сябрам Рады Эўропы і не падпісала пэўных дамоваў. Аднак канстытуцыя краіны дазваляе аб’ядноўвацца ў ініцыятыўныя групы і дамагацца сваіх правоў. Забраць у грамадзяніна зямлю і дом улады могуць толькі ў грамадзкіх мэтах — гэта вынікае з Канстытуцыі. Ёй пляны гарадзкіх уладаў яўна супярэчаць, мяркуе юрыст.

Экспэрт у справах мясцовага самакіраваньня Андрэй Завадзкі спаслаўся на новы закон аб мясцовым самакіраваньні, прыняты 4 студзеня:

«У трэцім разьдзеле разглядаецца тэрытарыяльнае грамадзкае самакіраваньне. І ў параўнаньні зь мінулай вэрсіяй закону, дзе быў адзін артыкул, гэтаму прысьвечаны, тут артыкулаў з 25 па 33. Такім чынам гэтае тэрытарыяльнае мясцовае самакіраваньне — якраз тое, за што трэба чапляцца, каб абараніцца».

Антон Астаповіч з Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры раіць апэляваць да Вашынгтонскай хартыі, якая забараняе зносіць раёны гістарычнай забудовы. А былы дэпутат Вярхоўнага Савету

Пётра Садоўскі
распавёў пра досьвед змаганьня з карумпаванымі чыноўнікамі жыхароў вуліцы Ціміразева, якім, магчыма, адзіным пакуль у Менску ўдалося перасяліцца на сваіх умовах, а не на ўмовах улады:

«Тут вельмі важна ведаць, што ўлада мусіць даць людзям, каб зьнесьці іх дамы. Ёсьць пераможны досьвед, але таму, што людзі зарганізаваліся і сярод іх знайшліся тыя, хто з даверанасьцю хадзіў паўсюль і дамагаўся».



Экспэрт Алесь Стральцоў адказвае на пытаньне,
ці зьвязаны знос прыватнага сэктару з карупцыяй?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG