Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма весялосьці ў Гародзьках


На чыгуначнай ветцы, што злучае Маладэчна і Ліду, знаходзіцца станцыя Валожын. Але да самога Валожына адсюль яшчэ ехаць і ехаць. Каля станцыі ляжыць вёска Гародзькі. Паселішча немалое. Дзясятак вуліцаў некалі вялікага калгасу. Але адна вуліца выразна вылучаецца сярод астатніх. Сваёю вузкасьцю — і тым, што ўпіраецца яна ў рэшткі былой сядзібы шляхціцаў Ваўчацкіх. Вуліца носіць імя Гагарына, але старажылы завуць яе Старой. Сёлета вуліца страціла галоўную прыкмету сваёй старажытнасьці. Старасьвецкі брук закаталі пад асфальт. Пра гэта мне распавяла мой гародзькаўскі гід, гаваркая і вясёлая спадарыня, баба Рэня.


Карэспандэнт: «А не шкада бруку?»

Рэня: «Людзей стала мала, брук павыбіваўся. Во ў нас царква. І вязуць нябожчыкаў у царкву і на могільнік. І ўжо па бруку як нябожчыка вязуць, ручкі складзены, патрасаюцца, патрасаюцца, ручкі расходзяцца. І ўсе сталі людзі прасіць, каб асфальт паклалі. Цяпер ужо, як вязуць, дык роўненька-роўненька».

Карэспандэнт: «А часта возяць?»

Рэня: «Паміраюць і паміраюць. Во па гэтай вуліцы 106 чалавек ужо памерла. За 50 гадоў. 106 толькі па адной вуліцы. Нават паміраюць ужо маладыя. І чаго маладыя паміраюць?»

Рэня: «Цяпер ужо аб’яднаныя чатыры калгасы. Чатыры калгасы ў адзін. Паў Валожынскага раёну займае адзін наш калгас».

Карэспандэнт: «Жыць становіцца лепш? Жыць становіцца весялей?»

Рэня: «Не. Няма весялосьці. Клюб згарэў».

У 20-я гады Гародзькі былі сапраўдным агменем беларушчыны. Бо тут ад 1920-га па 1923 год працавала беларуская школа. Арганізаваная гародзькаўцам, Міхалам Станкевічам. Мы ідзем у госьці да ягонай дачкі. І па шляху заходзім да нешматлікіх старажылаў Гародзек, жыхароў Старой вуліцы. Ім усім за 80 гадоў. Яны ўсе цудоўна памятаюць даваеннае жыцьцё. Вось, напрыклад, Марыя Радзівілка. Згодна са сваім шляхецкім прозьвішчам яна жыве каля былой панскай сядзібы. Ад якой засталіся толькі некалькі гаспадарчых пабудоваў і вялікая прыгожая сажалка, дзе некалі разводзілі карпа.


Але сама спадарыня Марыя не шляхцянка. З панскім побытам яна пазнаёмілася ў 1940-м годзе. Калі ў сядзібным доме зрабілі савецкую школу. І знаёмства з побытам шляхты ў Марыі, можа, самы яркі ўспамін дзяцінства.


Марыя: «Я яго помню добра, старога пана. І старую пані. Я сюды ў школу хадзіла ў 40-м годзе. А ў пакоях — ой, ой, ой! Мы ж гэтага трума не разумелі. У нас жа не было ў дамах. Трумо адно ад столі да падлогі! І другое! Раяль, фартэпіяны, я ня ведаю, як назваць. Такое цёмна-карычневае, як люстэрка. Сам бачыш сябе. Дзеці, адложым гэна — і кулакамі...»

Карэспандэнт: «Па клявішах».

Марыя: «Так. Б’ем. А наверсе стаяў воўк вялікі. Пудзіла. Вочы, пашча вышчараная. Пабыў гэны воўк з тыдзень, і скраў нехта. А тады, трохі пачакаўшы, вывезьлі ігралу гэну. Шафы! Іхную спальню бачыла. Дзеці паўсюль вышнуруюць. І там адамкнулі. Як адамкнулі? Адсунулі, адбілі. А пакой вялікі! А ложкі!»

Карэспандэнт: «Для сялянскіх дзяцей гэта было...»

Марыя: «Недаступна. А паглядзець, дык нават цікава. Як ім добра, як ім добра. А ў нас жа таго няма».

Памятае спадарыня Радзівілка і тое, якая чыстая вада была ў сажалцы.

Марыя: «Ён коньмі вазіў у Вільню. У бочках».

Карэспандэнт: «А зараз што, разводзяць карпаў?

Марыя: «Рыба клопату патрабуе. Трэба яе і карміць, і возера чысьціць. А хто? А ніхто. Так украсьці ёсьць каму. Паставіць бучы, скрасьці. А даглядаць няма. Красьці ёсьць каму, а рабіць няма».


Наступны наш прыпынак — у Васіля Яблонскага. Высокага, статнага мужчыны, які некалі выкладаў у мясцовай школе гісторыю. Журналістаў ён ня любіць, але, дазнаўшыся, што я з Радыё Свабода, з радасьцю запрасіў у хату. Каб дадаць у карціну верасьня 1939-га сваю гісторыю. Пра тое, што далёка не заўжды ў кіпцюры НКВД траплялі асаднікі і паліцыянты. Не абмінала бяда і батракоў.



Васіль: «Я быў польскім гарцэжэм. Ну, як піянэрам. І ў форме пайшоў сустракаць. Мяне за рукаў. „Што гэта такое! Пілсудчык нейкі!“ Я тады скінуў сваю форму і ўцёк. 17 верасьня я добра помню. Адны баяліся, а другія радаваліся. Адразу прыйшлі, самых паставілі няграматных людзей.

Быў майстар дарог. Гаварылі, што ён з Расеі прыехаў. Быў на кватэры ў жанчыны. Жанчына адзінокая была. Добры быў чалавек. Яго забралі, выклікалі яе. Каб яна сказала, што кватарант. А яна сказала: „Мой мужык“. Яе забралі і вывезьлі. Другі выпадак. Быў стальмах у нас. Калёсы рабіў. Два сыны былі стальмахі. Адзін рашыў уцячы ў Савецкі Саюз, у трыццатыя гады. Удалося яму неяк праз граніцу перайсьці. Хутка ён вярнуўся. Можа, празь месяц. І расказаў, як там жывецца. Як толькі прыйшлі, у першы ж дзень танк спыніўся. Яго адразу забралі, а пасьля і жонку вывезьлі. Прычым жонка батрачка была».


Беларуская школа ў Гародзьках адкрылася дзякуючы ўраджэнцу Гародзек, настаўніку Міхалу Станкевічу. Аднаму з тых дзеячаў беларускага адраджэньня, якія дзейнічалі не ў сталіцах і буйных гарадах, а рупліва працавалі на месцах. Беларуская школа ў Гародзьках адкрылася ў 1920-м і была закрыта польскімі ўладамі ў 1923-м. Прапанову стаць польскім настаўнікам Міхал Станкевіч не прыняў і зьехаў у Маладэчна, каб распачаць ня менш шляхетную справу. Адкрыць пры дапамозе віленскага культурнага дзеяча Янкі Станкевіча беларускую кнігарню.

А зараз дамо слова Лідзіі Міхалаўне Станкевіч. Гэтая маленькая старая захоўвае ў абліччы і голасе шмат дзіцячага.


Лідзія: «Я была малая і помню, што Янка Станкевіч быў у нас у доме. І тата гаварыў, што гэта прыйшоў доктар. А я вельмі баялася доктара. Думала, што будзе зараз мне ўколы рабіць».

Спадарыня Лідзія пачала памятаць гэты сьвет у Маладэчне. І сьвет гэты быў самы лепшы за ўсё жыцьцё.

Лідзія: «Кнігарню адкрылі ў Маладэчне, як філіял віленскай кнігарні. Якой кіраваў Янка Станкевіч. А потым гэту кнігарню тата ўжо выкупіў і працаваў самастойна. Гэта ўжо наша была ўласная кнігарня».

Карэспандэнт: «Ці можна было з гэтага жыць тады?»

Лідзія: «Ну, мы ня бедна жылі. За два гады да вайны, у 37-м годзе, мы перайшлі ў свой дом. Нядрэнна жылі. А потым пачалася вайна, прыйшлі бальшавікі. На трэці дзень тату арыштавалі».

Цудоўны сьвет дзяцінства скончыўся раз і назаўжды. Сям’я адправілася ў казахскую ссылку, а бацька ў расейскія турмы. Лёс аказаўся літасьцівым да гэтай сям’і. Міхал быў мабілізаваны ў Армію Людову і выжыў на франтах Другой сусьветнай. Пасьля сьмерці Сталіна сям’я злучылася на радзіме, у Гародзьках. Дзе бацьку не дазволілі працаваць у школе. Ён быў звычайным калгасьнікам. Але і тады не спыняў дзейнасьці на будучыню. У некалькіх сшытках, якія захоўваюцца ў спадарыні Лідзіі, ён стварыў своеасаблівы летапіс Гародзек. З плянамі вёскі ў розныя часы, з апісаньнем сем’яў і родаў, што насялялі вёску. І для Гародзек гэта сапраўдны скарб.

Але мы вяртаемся да ўспамінаў Лідзіі Станкевіч. Зь якім дзіцячым замілаваньнем яна распавядае пра Каляды 1938-га году. Апошнія сапраўдныя казачныя Каляды ў яе доўгім жыцьці.


Лідзія: «Вечарам са зьвяздой хадзілі. А ўдзень, помню, як зараз, батлейка была. Прыходзіў чалавек са скрыняй. І там ліхтарыкі гарэлі, лялечкі зробленыя былі. Паказаныя Божая маці, яселькі, саломка. І ляжыць маленькі Ісусік у ясельках. І доўга ён нам усё гэта дэманстраваў. А мы сядзелі на кукішках перад гэтай скрыняй. І ўсё цікава нам было. І доўга глядзелі на гэта прадстаўленьне».

Спадарыня Лідзія ў дзяцінстве была ў Вільні. У гасьцях у Янкі Станкевіча. І памятае ягоных сыноў. Дамо магчымасьць перадаць прывітаньне славутаму дзеячу і колішняму дырэктару нашага радыё Вячку Станкевічу.

Лідзія: «Помню, адзін раз мы былі ў іх на кватэры. І помню гэтых хлопчыкаў. Асабліва Вячку. Ад усёй душы яму прывітаньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG