Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава “Васіль Быкаў. Шлях, вызначаны лёсам”


Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

У Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску адкрылася літаратурна-дакумэнтальная выстава «Васіль Быкаў. Шлях, вызначаны лёсам». Выстава адкрылася ў рамках праекту «Чалавек нараджаецца, каб жыць...», прымеркаванага да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі.

Экспазыцыя складаецца з тэматычных блёкаў і знаёміць з творчым шляхам Васіля Быкава, асноўнымі этапамі яго жыцьця і літаратурнай дзейнасьці. У разьдзеле «Жыцьцёвыя і творчыя вытокі» прапанаваныя матэрыялы пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменьніка, выявы роднай хаты, блізкіх і сяброў, сустрэчы зь землякамі на Ўшаччыне ў пазьнейшыя гады.

Цэнтральнае месца экспазыцыі займае самы вялікі тэматычны блёк — «Праўда перажытага», які распавядае пра народнага пісьменьніка як франтавіка і яго літаратурную творчасьць, зьвязаную з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Гэта фатаздымкі з аўтографамі 1944–1945 гадоў з архіва пісьменьніка, яго лісты да родных, кнігі, аўтарскія пераклады, ліставаньне зь беларускімі і замежнымі літаратарамі. Закранаецца таксама гісторыя напісаньня і выданьня аповесьці «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў» і іншых. На выставе разьмешчаныя фатаздымкі і матэрыялы перапіскі, якія асьвятляюць аспэкты знаёмства і творчага сяброўства Васіля Быкава з Аляксандрам Твардоўскім, Аляксандрам Салжаніцыным, Чынгізам Айтматавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Караткевічам і іншымі пісьменьнікамі.

Заключны тэматычны блёк — «Асэнсаваньне», у якім паказана творчая лябараторыя пісьменьніка, ліставаньне Васіля Быкава зь перакладчыкамі, аўтарскія літаратурныя сцэнарыі, перапіска, зьвязаная з пастаноўкай фільмаў, праграмы, фатаздымкі да спэктакляў. Асаблівую цікавасьць уяўляюць малюнкі Васіля Быкава, створаныя ў розныя пэрыяды жыцьця. Выстава насычана цытатамі-аўтографамі пісьменьніка з рукапісаў, лістоў, аўтабіяграфічных прац і дакумэнтаў, паведамляе Tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG