Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы «Свабоды» працягваюць абмяркоўваць вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, цікавяцца, чаму Беларусь не дапамагае пацярпелым на Гаіці, выказваюць свае меркаваньні наконт праграмаў Беларускага тэлебачаньня.

Выбары ў суседняй Украіне застаюцца сярод асноўных тэмаў, якія хвалююць у гэтыя дні і беларусаў. Вось некалькі тэлефанаваньняў:

Спадар Аляксандар, Менск: «Вітаю! Вось прайшоў першы тур выбараў на Ўкраіне. Украінскі народ прадэманстраваў яшчэ раз, што ў краіне існуе дэмакратыя, якая б яна ні была. Паказаў, што народ ёсьць народ, а ня быдла».

Спадарыня Ларыса, Менск: «Выбары на Ўкраіне, можна сказаць, адбыліся. Кандыдаты нам знаёмыя... Нам нічога не пагражае, бо мы і яны ў аднолькавых умовах. І яны, і мы залежым ад Расеі, ад нафтавай трубы. Таму і нам, і ім несалодка, асабліва напрыканцы году. І кожны год гэта адбываецца па адным і тым жа сцэнары. Таму, можа, трэба аб’яднацца зь імі ў пошуках іншых крыніц, каб быць больш незалежнымі ад пастаўкі нафты? А тое, што мы зараз пачалі абменьвацца з Масквой лістамі наконт пастаўкі нафты, дык гэта павінны былі зрабіць ужо даўно. А вусныя дамоўленасьці — гэта як тая прымаўка: слова — не верабей, выскачыла — ня зловіш».

На званок слухачкі «Свабоды» Ларысы адказвае экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

«Залежнасьць на сёньня і Беларусі, і Ўкраіны ад расейскай нафтавай трубы вельмі вялікая. Гэта сьведчыць пра тое, што трэба было дамаўляцца даўным-даўно. Калі б 15 гадоў назад гэтая праца пачалася, яна была б ужо даўно завершаная. І ніякіх шантажоў, якія зараз адбываюцца, ужо ні Беларусь, ні Ўкраіна ня мелі б. Што тычыцца альтэрнатыўных крыніцаў, то, калі казаць пра нафту, яны вельмі проста знаходзяцца. Адзінае на сёньня, што да гэтых нашых просьбаў — стаім на каленях, угаворваем Расею, — гэта таму, што цана на нафту крыху ніжэйшая за сусьветную. Але гэта расхалоджвае нашую прамысловасьць, расхалоджвае нашую эканоміку. Вялікая энэргаёмістасьць нашай прадукцыі і ўвогуле нашай гаспадаркі».

Учора ў «Званках на Свабоду» наш сталы слухач выказваў сваю думку наконт помнікаў: каго варта ўвекавечыць, а каго дэмантаваць. Вось яшчэ адзін званок — адказ на ўчорашняе тэлефанаваньне:

Спадарыня Ніна Ярмалінская, Салігорск: «Вітаю! Шаноўнаму слухачу з Салігорску я б нагадала, што помнік Васілю Каржу ўжо даўно стаіць каля цэнтральнай раённай бібліятэкі на вуліцы, якая носіць яго імя. А замест помніка Леніну на цэнтральнай плошчы нашага гораду было б мэтазгодна паставіць помнік ваярам Слуцкага збройнага чыну».

Чужога гора не бывае, сьведчыць народная мудрасьць. Слухач Радыё Свабода задае пытаньне наконт дапамогі пацярпелым ад землятрусу на Гаіці:

Спадар: «На Гаіці адбылося няшчасьце. Усе дапамагаюць. Што гэта нашы браткі-беларусы нешта ня чэшуцца? Па тэлевізіі заўсёды гляджу — ніводнага намёку нават няма, што мы дапамаглі ім. Вельмі кепска».

Прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі паведаміў Радыё Свабода:

«Мы — выканаўцы. Мэханізм такі: прымаецца адпаведная пастанова ўраду, у якой МНС часьцей за ўсё вызначаецца як адзін з выканаўцаў. Калі будзе пастанова, тады і будзем яе выконваць. Але ў мяне пакуль ніякай інфармацыі няма».

Ніякай пастановы ў беларускім урадзе наконт гуманітарнай дапамогі Гаіці пакуль не прымалася.

І яшчэ адно тэлефанаваньне слухача «Свабоды» наконт ток-шоў Беларускага тэлебачаньня «Ответный ход», якое вёў намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Мартыненка:

Спадар Віктар, Менск: «Учора недзе каля 20 гадзіны выпадкова ўключыў беларускае тэлебачаньне. Там ішло нейкае шоў, фэсты. Тое, што пачуў, сапсавала мне настрой надоўга: „Я бульбаш и горжусь этим, Я бульбаш, ты бульбаш, и мы оба это понимаем“. Лічу, што ўсе, хто стварыў гэты шэдэўр, хто прыдумаў, выканаў, прафінансаваў і паказаў — гэта маральныя вырадкі. Па-іншаму я не магу іх назваць. Зьвяртацца ў лукашэнкаўскі суд безвынікова, дый часу ў мяне няма. Але хачу, каб яны ведалі, што я беларус, а не бульбаш».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG