Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў паўтарыў формулу Сечына?


Ігар Сечын і Дзьмітрый Мядзьведзеў
Ігар Сечын і Дзьмітрый Мядзьведзеў

Перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь пакуль не аднавіліся. Яшчэ 17 студзеня прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў накіраваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку адказ на ягоны ліст ад 13 студзеня. Абодва прэзыдэнты выклалі сваю пазыцыю па нафтавым пытаньні.

Зьмест ліста расейскага прэзыдэнта не разгалошваецца ні ў Маскве, ні ў Менску. У прэсавай службе Крамля сёньня сказалі:

«Яно ня будзе ў нас нідзе апублікавана. Зьмест яго — пра пастаўкі нафты. Бліжэйшым часам не чакаецца публікацыя ліста ці нават часткі яго. Калі раптам такое рашэньне будзе прынятае кіраўніцтвам, то яно адразу зьявіцца ў нас на сайце».

Паводле прэсавай службы прэзыдэнта, Аляксандар Лукашэнка ў сваім лісьце нагадаў, што падчас сустрэчы 10 сьнежня мінулага году кіраўнік Беларусі дамовіўся з расейскім прэзыдэнтам, што цягам двух-трох першых месяцаў гэтага году нафта будзе паступаць у Беларусь бязмытна, а за гэты час бакі ўзгодняць новыя ўмовы. Аднак, маўляў, потым расейскі бок скасаваў гэтыя дамоўленасьці і выставіў умовы, непрымальныя для Беларусі.

Сёньня, наведваючы «Студэнцкую вёску», Аляксандар Лукашэнка заявіў, што стараецца быць шчырым у палітыцы. Маўляў, «як правіла, палітыкі кажуць адно, а робяць іншае». Ён адзначыў, што палітыка павінна быць шчырай і максымальна сумленнай.

У прэсавай службе беларускага ўраду паведамілі, што перамовы па нафце не аднавіліся, дамоўленасьцяў няма, а асноўны перамоўнік, першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, накіраваўся зь візытам у Парыж.

Тацяна Манёнак
Паводле эканамічнага аглядальніка газэты «Белорусы і рынок» Тацяны Манёнак, абодвум бакам пакуль нявыгадна абвастраць сытуацыю вакол нафтавай праблемы, як гэта было ў 2007 годзе. Да таго ж Расея пакуль мае магчымасьць знайсьці альтэрнатыву той нафце, якая ішла на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

«Іншага выйсьця няма, апроч таго, што гэтае пытаньне трэба вырашаць за сталом перамоваў. Таксама відавочна, што ўмовы паставак расейскай нафты ў любым выпадку ўжо ня будуць больш прымальныя, больш камфортныя, чым у мінулым годзе. Проста больш прагматычна падышла Расея да гэтага пытаньня. Цяпер, калі магчымасьці ў Расеі значна большыя па выкарыстаньні альтэрнатыўнай нафты, то расейскі бок можа пачакаць.Тут відавочна большая залежнасьць з боку Беларусі, бо ў выпадку вельмі рашучых, радыкальных захадаў Беларусь можа страціць яшчэ больш. Бо Расея ўжо папярэдзіла, што Беларусь можа не атрымаць і гэтую бязмытную квоту паставак нафты. І таму відавочна, што ў рэчышчы гэтых жа нафтавых перамоваў ёсьць канфлікт па энэргатранзыце, папярэджаньне прадпрыемствам малочнай і мясной галіны».

Андрэй Суздальцаў
Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў мяркуе, што ліст Мядзьведзева Лукашэнку паўтарае пазыцыі расейскага боку, якія выклаў раней віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Сечын у сваім лісьце да Ўладзімера Сямашкі.

«Паўтарыў слова ў слова тое, што было напісана ў лісьце Ігара Сечына. Нічога там новага дададзена не было. Тая ж формула Сечына. Расея не мяняе сваіх умоваў. Жадаеце мець пэўную льготу — забірайце вось 6,3 мільёна тон бязмытнай нафты. Ніякіх новых вэрсій ці саступак там ня выкладзена».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG