Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пакончыць з "Усходняй Эўропай"?


Брытанскі часопіс The Economist лічыць, што назва "Ўсходняя Эўропа" ("Eastern Europe" у ангельскай мове) ужо аджыла свой век і за 20 гадоў пасьля развалу камуністычнай сыстэмы страціла нейкі істотны сэнс.


Часопіс зьвяртае ўвагу, што каля 30 краінаў, якія калісьці былі ў камуністычнай зоне ўплыву пад уласным імем або як частка большага дзяржаўнага ўтварэньня (СССР, Югаславія), цяпер ужо нельга ўкідаць у адзін мяшок. Называць далей гэты рэгіён "Усходняй Эўропай" — гэта працягваць наклейваць на яго адмоўную этыкетку, якая гаворыць ня толькі пра таталітарнае мінулае гэтых краінаў, але і намякае на іх недэмакратычнае і неэфэктыўнае палітычнае кіраўніцтва ды эканамічную беднасьць, што цяпер наогул не зьяўляецца праўдай.

За дваццаць гадоў пасьля падзеньня камунізму, лічыць The Economist, несуцяшальная карціна рэгіёну, традыцыйна называнага "Ўсходняй Эўропай", моцна зьмянілася. Прыкладам, узровень жыцьця ў Чэхіі і Славаччыне ўжо перавысіў узровень жыцьця ў Партугаліі, найбольш "заходнеэўрапейскай" краіне Эўразьвязу, а калі справа датычыць эфэктыўнасьці выкараненьня карупцыі з публічнага жыцьця, дык Эстонія можа даць фору ці не любой краіне з Эўразьвязу.

Калі пазбыцца тэрміну "Ўсходняя Эўропа" на акрэсьленьне каля 30 краінаў, дык што ўвесьці на яго месца? The Economist мяркуе, што гэтыя краіны можна разьдзяліць на тры групы-катэгорыі, якія значна лепей характарызуюць падабенства паміж імі.

Першая група — пяць сярэднеазіяцкіх "станаў": Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан). Да Эўропы, адзначае часопіс, гэтыя краіны залічваюцца толькі сымбалічна (яны зьяўляюцца сябрамі АБСЭ, але, напрыклад, да Рады Эўропы ўжо не належаць).

Другая група — патэнцыйныя чальцы Эўразьвязу: краіны былой Югаславіі, Турцыя і пяць постсавецкіх краінаў (Украіна, Малдова, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан; Беларусь у гэтую кампанію часопіс не залічвае і ўвогуле ня згадвае пра яе як пра эўрапейскую краіну).

Трэцяя група — новыя сябры Эўразьвязу (10 краінаў, якія далучыліся да Эўразьвязу ў 2004).

П.С. Хоць артыкулы ў The Economist не падпісваюцца, мы знайшлі аўтара гэтага тэксту і запыталі ў яго наўпрост, чаму ён не згадаў у ім Беларусі. Ён нам адказаў, што ў яго не было ніякага злога намеру — проста не назваў, як і некалькіх іншых краінаў з "Усходняй Эўропы". Мы яшчэ раз перачыталі ягоны тэкст і выявілі, што акрамя Беларусі аўтар не назваў там яшчэ Сэрбіі, Босніі і Герцагавіны і Чарнагорыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG