Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейская мяжа: хабар, чэргі, цяганіна


Чарга на навазыбкаўскім пераходзе.

Чарга на навазыбкаўскім пераходзе.

18 студзеня Аляксандар Лукашэнка падчас нарады ў памежных пытаньнях выказаў занепакоенасьць у сувязі з інфармацыяй, якая паступае да яго зь беларуска-расейскай мяжы. “Насуперак нашым дамоўленасьцям, нібыта адбываецца ўзмацненьне кантролю на мяжы”, — заявіў Лукашэнка.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Расея ўмацоўвае свае мытныя тэрміналы з боку Беларусі


Сёньня карэспандэнт «Свабоды» выехаў на Навазыбкаўскі мытны пост Бранскай мытні Расеі. Зь месца ён паведаміў:

«Зараз са мной поруч Аляксандар — кіроўца 18-тоннага малакавоза. Ён дастаўляе малако ў Маскву і вельмі нэрвуецца, бо губляе час на гэтым мытным пасту. Я пытаюся ў Аляксандра: якім чынам зьмяніўся кантроль з расейскага боку ў апошні час?»

Аляксандар
Аляксандар: «Тут — цяганіна. Тут усюды ствараюцца чэргі. Даводзіцца губляць час, нягледзячы на тое, што ў нас ёсьць свой строгі графік дастаўкі малочнай прадукцыі. Вельмі шмат часу адбірае мытня. Як мне падаецца, раней прасьцей было. А пасьля гэтых малочных і мясных войнаў усё зьмяняецца ў горшы бок. Дакумэнтаў больш патрабуюць і кантроль больш жорсткі».

Няма ніякага ўражаньня, што Расея будзе нешта спрашчаць на сваёй мяжы.
Паводле назіраньня вадзіцеля Аляксандра, расейскі бок у апошні час умацоўвае свае мытныя тэрміналы.

«У тыя пераходы, дзе мне даводзіцца бываць, яны ўкладваюць значныя сродкі. Будуюць памяшканьні і абнаўляюць абсталяваньне. Да прыкладу, на „Чырвонай горцы“ адбудавалі дыхтоўны тэрмінал. Відаць, што грошай увалілі ня слаба».

Карэспандэнт: «Ці ствараецца ўражаньне, што расейскі бок узмацняе сваю прысутнасьць, а заадно больш пільным робіць кантроль за перамяшчэньнем грузаў?»

«Канечне, няма ніякага пачуцьця, што яны тут зьбіраюцца нешта спрашчаць. Перавозчыкі цалкам незадаволеныя. Не разумею, навошта яны ствараюць дадатковыя перашкоды для беларусаў…»

У чаканьні дазволу.
Мытны кантроль.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Едзеш — плаці, правярай, нясі»


На Магілёўшчыне пра цяжкасьці зь перасячэньнем беларуска-расейскай мяжы кажуць кіроўцы, якія аказваюць транспартныя й грузавыя паслугі. Прадпрымальнікі, якія наведваюць суседнюю Расею, каб набыць там таньнейшы тавар, цьвердзяць, што праблемаў на мяжы ня будзе, калі заплаціш.

З праблемамі на мяжы сутыкаюцца найчасьцей кіроўцы фураў. Іх даймаюць чэргі й прыдзіркі расейскіх мытнікаў да дакумэнтацыі. Абвастраюцца гэтыя праблемы падчас гэтак званых харчовых войнаў. Каб праехаць, даводзіцца даваць хабар:

«Няма ўзаемапаразуменьня з боку расейцаў. Ім усё адно, ёсьць мы ці няма. У іх адназначная пазыцыя: едзеш — плаці, правярай, нясі. У чарзе адстойваеш, пакуль правераць дакумэнты», — кажа кіроўца фуры Аляксандар.

Са спадаром Аляксандрам згаджаецца ягоны калега Сяргей. Паводле яго, расейцы іншым разам самі наўмысна замаруджваюць праверку дакумэнтацыі:

«Гэтыя праблемы заўжды. Час ідзе на афармленьне. Чэргі бываюць. Яны сёньня ёсьць, заўтра няма, пасьлязаўтра зноў зьяўляюцца. Нестабільна там. Калючага дроту няма. Збудаваньні там нейкія, будынкамі іх назваць цяжка. Будкі».

Вальней пачуваюць сябе на мяжы жыхары блізкіх да яе райцэнтраў і вёсак. На кантрольна-прапускныя пункты яны заяжджаюць рэдка, бо ведаюць лясныя сьцежкі, каб іх абмінуць. Узмацненьня кантролю на мяжы тутэйшыя людзі не адзначаюць. Як было, так і ёсьць, кажуць яны.

Іх страхоўка каштуе 110 эўра.
«Нашы, што я праяжджаю туды, што назад, не выходзяць нават з будкі. Фуры ж прыпыняюць і глядзяць паперы. А расейцы прыпыняюць усіх. Пытаюцца: „Ці ў вас часовы ўвоз машыны?“ Калі я, дапусьцім, уехаў праз адзін пункт, то мушу й вярнуцца празь яго. У іх страхоўка большая. На год яна ў іх 110 эўра. І яны за гэтым сочаць», — зазначае жыхар памежнага Мсьціслава Юры.

Пасьля закрыцьця ў Маскве Чаркізаўскага рынку прыкметна паменела прадпрымальнікаў, ахвочых езьдзіць па тавар у Расею. Тыя ж, хто езьдзіць, адзначаюць, што каб праехаць мяжу, даводзіцца плаціць, бо расейцы чапляюцца да дакумэнтацыі на тавар:

«Скідваемся па 50 расейскіх рублёў, і тады ніхто нас не чапае»

«Хоць усе ведаюць, што ніякіх дакумэнтаў няма. Разьбіраемся лёгка. У пасьведчаньне кладзем купюру, невялікія грошы — сто рублёў расейскіх, і паехалі далей», цьвердзіць прадпрымальнік Алег.

Зь ім згаджаецца бізнэсоўка Алена:

«Мы скідваемся па пяцьдзясят рублёў расейскіх з аўтобуса, на мытні іх кладзем. Нас ніхто не чапае. Старшая пабегла, сабраныя грошы аддала, і мы паехалі».

ВІЦЕБШЧЫНА


Смаленская мытня запэўнівае — узмацненьня няма.


Паводле прэсавай службы Смаленскай мытні, ніякіх дадатковых захадаў, каб узмацніць памежны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі, апошнім часам не рабілася.

Уладзімер Сафонаў, супрацоўнік прэсавай службы, кажа, што на памежных пунктах Віцебшчыны і Смаленшчыны ад пачатку году нічога не зьмянілася:

«Зь першага студзеня нічога на памежжы Беларусі і Расеі не зьмянілася. Ніякіх зьменаў не было. Ніякіх дакумэнтаў што да ўзмацненьня або зьмяненьня памежнага кантролю не было. Адзінае, што з 1студзеня ўступіў у дзеяньне адзіны мытны тарыф мытнага саюзу Расеі, Украіны і Казахстану. Але гэта тычыцца хіба тарыфных ставак — там зьмяніўся шэраг пазыцый. Гэта стаўкі, па якіх плацяць удзельнікі міжнароднага транспартнага руху на ўнутраных мытнях».

Уладзімер Сафонаў распавёў, што нядаўна адбылася рэканструкцыя памежнага аўтамабільнага пераходу ў Красным — зь беларускага боку гэта пункт транспартнага кантролю Рэдзькі. Паводле супрацоўніка расейскай мытні, рэканструявалі саму дарогу, па якой праходзіць амаль 27% ад агульнай колькасьці транспарту, які кіруецца зь Беларусі ў Расею і наадварот. Пра нейкія збудаваньні для памежнікаў ці нешта падобнае супрацоўнік прэсавай службы Смаленскай мытні ня чуў.

Беларускія службоўцы не атрымліваюць зьвестак пра зьмены на расейскім баку


Беларускія службоўцы да пытаньня пра ўзмацненьне памежнага кантролю на расейскім баку ставяцца насьцярожана. Начальнік беларускага пункту транспартнага кантролю памежнага пераходу Рэдзькі кажа, што нічога пра гэта ня ведае:

«Я знаходжуся на беларускім баку, выконваю сваю працу. Што адбываецца на расейскім баку, я ня ведаю».

Тым ня менш службовец кажа, што дагэтуль ня чуў скаргаў беларускіх кіроўцаў на ўзмацненьне памежнага кантролю.

Перавозчык з Паставаў Георгі Цімічаў таксама кажа, што ня чуў ад калегаў пра нейкія зьмены на беларуска-расейскім памежжы. Каб нешта падобнае здарылася, то калегі абавязкова папярэдзілі б загадзя, бо цяпер кіроўца якраз рыхтуецца да рэйсу зь Нямеччыны:

«Я яшчэ не даехаў да Расеі, у мяне машына ў Нямеччыне грузіцца. Але я нічога такога ня чуў».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Ніякай агульнай мытнай прасторы насамрэч няма…»


Гарадзенскія перавозчыкі сьцьвярджаюць, што з новага году, нягледзячы на тое, што Беларусь увайшла ў адзіную мытную прастору з Расеяй і Казахстанам, на мяжы працягваецца дагляд машынаў і практычна нічога не зьмянілася.

Спэцыяліст у справах перавозкі грузаў адной з гарадзенскіх фірмаў кажа, што і цяпер у правілах афармленьня грузаў у Расею нічога не зьмянілася.

Спадарыня: «Як заўсёды, трэба сэртыфікаты, калі патрабуюцца, сам пашпарт, калі гэта харчы, пуцявыя лісты. Акрамя гэтага, і на вазе іх спраўджваюць, і адчыняюць фуру. Усё, як і было раней».

У іншай фірме спэцыялістка ў грузаперавозках распавядае, што расейскі накірунак у дачыненьні да мытні ня вельмі просты, бо часта здараюцца праблемы з самых розных прычынаў.

Спадарыня: «Смаленск заўсёды быў самым жорсткім пераходам. Там машына можа прастаяць без прычыны. Пачынаюць правяраць на адно, другое, трэцяе безь ніякіх прычынаў. Мы калі хочам, каб груз не пераварочвалі, то едзем празь іншыя пераходы, а калі просты груз, то толькі тады на Смаленск».

Усе кіроўцы — дасьведчаныя. Хіба вы ня ведаеце, якім чынам яны вырашаюць з расейцамі праблемы?
Пытаюся ў спадарыні — якім чынам удаецца кіроўцам улагоджваць праблемы з расейскімі мытнікамі, калі такія зьяўляюцца?

Спадарыня: «У нас, ведаеце, усе праблемы яны вырашаюць самі. Усе кіроўцы вопытныя, даўно езьдзяць. Карацей, вы самі разумееце, як яны іх вырашаюць…»

«Зьменаў на мяжы няма, бо няма ніякіх дакумэнтаў аб адзінай мытнай прасторы»

Кіроўца TIRа, які толькі днямі вярнуўся з Расеі, таксама распавядае, што ніякіх зьменаў на мяжы няма.

Спадар: «Нічога там не зьмянілася, усё як было, так і засталося. Фуры стаяць, чарга недзе на дзень. Тыя, што едуць па TIRу — іх пераплямбіруюць, прапускаюць на сканэр…»

Карэспандэнт: «Але ж ужо зь першага мы ў адной мытнай прасторы з Расеяй?»

Спадар: «Не, пакуль мы не ў адной мытнай прасторы. Ні ў кога няма ніякіх дакумэнтаў і ніхто нічога пра гэта на мяжы ня ведае…»
XS
SM
MD
LG