Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілер кажа, з газам няма праблемаў


Аляксей Мілер

Аляксей Мілер

Нафтавая спрэчка не паўплывала на пастаўкі ў Беларусь расейскага газу. Пра гэта заявіў журналістам у Маскве 19 студзеня кіраўнік ААТ "Газпром" Аляксей Мілер.


"Ніякіх праблем не адчуваем. Ёсьць кантракт, згодна з ім працуем", — цытуе Мілера РІА Новости.

На мінулым тыдні некаторыя расійскія СМІ паведамілі, што Беларусь у абход "Газпрома" вядзе перамовы з іншымі кампаніямі на прадмет пастаўкі газу ў сувязі са зрывам перамоў аб пастаўках нафты.

Апошні раунд перамоў аб пастаўках нафты, нагадаем, адбыўся ў Маскве 9 студзеня, але не даў выніку: дакумэнты аб пастаўках расійскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе і яе транзыце не падпісаны. Новая дата перамоў невядома, паведаміў 19 студзеня БелаПАН прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка.

У першым квартале 2010 года цана на газ для Беларусі складзе прыкладна 168 долараў за тысячу кубамэтраў. 30 сьнежня Аляксей Мілер заявіў: "У адпаведнасьці з кантрактам разьлічаная па формуле цана газу для Беларусі ў першым квартале 2010 года складзе прыкладна 168 долараў за тысячу кубамэтраў. Сёлета сярэдняя цана паставак газу ў Беларусь была ніжэйшай на 11% — прыблізна 150 долараў". Ён падкрэсьліў, што "з-за адсутнасьці экспартнай пошліны цана газу для Беларусі значна меншая, чым для іншых пакупнікоў расійскага газу, а загадзя ўзгоднены пераходны пэрыяд да больш высокіх цэн дазваляе адаптавацца беларускай эканоміцы".
XS
SM
MD
LG