Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заплянаваны сёньня чарговы раўнд перамоваў у пытаньнях транзыту расейскай электраэнэргіі празь Беларусь у Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі з “тэхнічных прычынаў” адкладзены на няпэўны тэрмін. Пра гэта паведамілі ў канцэрне “Белэнэрга”. Такім чынам, да нявырашаных пытаньняў у пастаўках нафты дадалася яшчэ адна хранічная праблема.


Калі перамовы адновяцца — не паведамляецца. Пры гэтым у канцэрне “Белэнэрга” запэўніваюць: адмена сустрэчы выкліканая менавіта “арганізацыйна-тэхнічнымі момантамі”, а зусім не непераадольнымі супярэчнасьцямі ў пазыцыях бакоў. Пра гэта кажа і афіцыйны прадстаўнік расейскай кампаніі “Интер РАО ЕЭС” Барыс Зьвераў:

“Мы пацьвярджаем гэты факт. Зараз бакі працуюць, узгадняюць новую дату сустрэчы. Не магу сказаць штосьці канкрэтна адносна нейкай пэрспэктывы, але што да сёньняшняй сытуацыі, то тут прычыны абсалютна арганізацыйныя, тэхнічныя”.

Папярэднія энэргетычныя перамовы адбыліся 12 студзеня ў Менску і 14 студзеня ў Маскве. За два дні перамоўнікі ад “Белэнэрга” і прадстаўнікі канцэрну “Интер РАО ЕЭС” так і не ўзгаднілі ўмовы камэрцыйных паставак электраэнэргіі празь Беларусь у 2010 годзе.

Расейскі бок абураны намерамі Менску падвысіць кошт транзытных паслугаў больш як у 5 разоў. У “Белэнэрга” такі крок тлумачаць амаль 10-разовым меркаваным павелічэньнем аб’ёмаў падачы электраэнэргіі ў Літву ў зьвязку з закрыцьцём Ігналінскай АЭС. А гэта, маўляў, патрабуе істотнага росту выдаткаў. Яшчэ на пачатку студзеня прадстаўнікі “Белэнэрга” не выключалі магчымасьці спыненьня “несанкцыянаванага перамяшчэньня” электраэнэргіі празь сеткі беларускай энэргасыстэмы. Масква катэгарычна супраць транзытных навацыяў, якія наўпрост закранаюць расейскі рэгіён — Калінінградзкую вобласьць.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч шмат гадоў адпрацаваў у сыстэме Міністэрства энэргетыкі і са свайго досьведу робіць выснову: перамовы зайшлі ў эканамічны тупік, паступова выруліўшы ў палітычную плоскасьць:

Валяцін Мацкевіч
“Відавочна, што зараз, пасьля ўсіх папярэдніх спробаў дамовіцца, гэтыя спрэчкі перайшлі ў рэчышча палітычнае. Як мне падаецца, і электрычнасьць, і нафта — усё цяпер знаходзіцца па-за эканамічнымі рамкамі. І пакуль ня будзе дакладна вызначаны ўзровень міждзяржаўных адносінаў, памер ільготаў (і ці будуць гэтыя ільготы ўвогуле) — да таго часу будзе працягвацца вось гэтая палітычная гульня. Канечне, час ідзе і ўжо павінны быць нейкія дамоўленасьці. Бо бясконца так існаваць немагчыма: эканоміка ёсьць эканоміка — яна павінна працаваць”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць усё ж небясьпека радыкальных захадаў, ажно да прыпыненьня транзыту электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць і Літву?”

“Улічваючы ранейшыя падзеі, калі прыблізна такая ж сытуацыя была па газе і па нафце з далейшым прыпыненьнем паставак, то, думаю, бакі якраз паспрабуюць пазьбегнуць паўтарэньня прыкрых прэцэдэнтаў. Мяркую, урэшце канфлікт будзе вырашаны мірна, бо сумны досьвед ужо быў. Спрэчкі будуць, але да радыкальных захадаў дойдзе наўрад ці”.

Напярэдадні супрацоўнік “Интер РАО ЕЭС” на ўмовах ананімнасьці заявіў Радыё Свабода, што памылкаю будзе лічыць энэргетычную спрэчку выключна эканамічнай. Па словах мэнэджэра, падтэкст канфлікту, як і ў выпадку з дамоўленасьцямі па пастаўках у Беларусь расейскай нафты, цалкам палітычны. І пакуль у сытуацыю не ўмяшаюцца вышэйшыя кіраўнікі Расеі і Беларусі, плёну ад сустрэчаў прадстаўнікоў ніжэйшага зьвяна чакаць ня варта.

Зь іншых крыніцаў стала вядома, што перад заплянаванымі на сёньня перамовамі Менск крыху ўтаймаваў апэтыты. Цяпер “Белэнэрга” настойвае на падвышэньні стаўкі транзыту электраэнэргіі не ў 5,5 раза, а толькі ў 2,5. Аднак расейскі бок не пагаджаецца і на такія ўмовы. У сваю чаргу, расцэнкі, прапанаваныя на разгляд кампаніяй “Интер РАО ЕЭС”, у канцэрне называюць “нязначнымі і ня здольнымі кампэнсаваць страты беларускай энэргасыстэмы”.
XS
SM
MD
LG