Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За нацысцкую сымболіку пачнуць караць


За распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі ў Беларусі стануць караць арыштам і штрафам да 200 базавых велічыняў (базавая велічыня складае 35 000 рублёў).


Гэта прадугледжвае закон ад 6 студзеня 2010 году "Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці". Пра гэта паведамляе БелТА.

Паводле закону прапаганда ці публічная дэманстрацыя, а таксама выраб і распаўсюд нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі фізычнымі асобамі будзе карацца арыштам ці штрафам да 10 базавых велічыняў.

Індывідуальныя прадпрымальнікі за такое парушэньне заплацяць да 50 базавых велічыняў, а юрыдычныя асобы – да 200.

Нацысцкай атрыбутыкай лічацца сьцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны альбо іх копіі.

Але забарона ня дзейнічае, калі нацысцкую атрыбутыку будуць выкарыстоўваць у галіне тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, музэйнай справы, выдавецтва і г.д.

Паводле закону арыштоўваць і караць штрафамі будуць за выраб і распаўсюд, а таксама захоўваньне з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяньнях ня знойдзены склад крымінальнага злачынства.

Закон заплянавана апублікаваць 22 студзеня на сайце Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі. Празь месяц ён уступіць у законную сілу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG