Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску назіраецца актыўны рост захворваньня на ВРІ і грып. Пра гэта БелаПАН паведаміла загадчыца эпідэміялягічнага аддзела Мінскага гарадзкога цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі Алена Фісенка.


"Пакуль у Менску эпідэмічныя парогі захворваньня на ВРІ і грып не перавышаны, але калі прырост будзе ісьці такімі тэмпамі, то ў найбліжэйшыя два тыдні мы выйдзем на эпідэмічны ўзровень захворваньня", — сказала спэцыяліст.

За мінулы тыдзень — з 11 па 17 студзеня — у Менску захварэла на ВРІ і грып прыкладна 19,5 тысяч чалавек. Для параўнаньня, за тыдзень дагэтуль было выяўлена 12700 захварэлых. Больш за 50% хворых — дзеці да 17 гадоў. Пры гэтым сярод дзяцей адзначаецца найбольш актыўны прырост захворваньня, асабліва сярод дзяцей да шасьці гадоў. "Гэта ў прынцыпе характэрна для пачатку фарміраваньня ўздыму захворваньня: першымі хварэюць, як правіла, дзеці", — адзначыла Фісенка.

Паводле яе слоў, колькасьць шпіталізаваных у сытуацыі ўздыму захворваньня на ВРІ і грып не павялічылася. У бальніцах знаходзяцца 368 чалавек, 358 з якіх дзеці. "Гэта таксама традыцыйная характарыстыка захворваньня на ВРІ і грып, калі больш як 90% шпіталізаваных складаюць дзеці", — сказала Фісэнка.

Фісенка паведаміла, што дыягназ "грып" па першасных зьвестках з 11 па 17 студзеня быў пастаўлены 111 пацыентам, на папярэднім тыдні — 50. Такім чынам, паводле яе слоў, хаця прырост выпадкаў грыпу назіраецца, у агульнай структуры захворваньня грып складае менш за 1%.

Паводле слоў спэцыяліста, ніякіх дадатковых супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў найбліжэйшым часам у Менску ўводзіць не плянуецца: захворваньне на ВРІ і грып не дасягнула эпідэмічнага ўзроўню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG