Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялынічах да журналіста прыйшоў участковы


Бялыніцкі райвыканкам вінаваціць выдаўца незалежнай грамадзка-палітычнай газэты “Паходня” Барыса Вырвіча ў распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі пра эканамічную сытуацыю ў раёне.


Сёньня раніцай да журналіста наведаўся ўчастковы інспэктар міліцыі і ўзяў у яго пісьмовае тлумачэньне.

“Прыйшоў старэйшы лейтэнант Аляксандар Русецкі. Ён паведаміў, што ў раённы аддзел міліцыі прыйшла скарга з райвыканкаму наконт леташняга лістападаўскага артыкулу ў “Паходні” “У раёне праблемы з выплатай заработнай платы”.

Паводле скаргі, інфармацыя ў артыкуле не адпавядае сапраўднасьці, бо заробкі выплачваюцца своечасова. Міліцыянт высьвятляў з адкуль я браў факты для сваёй публікацыі. Я адказаў, што зьбіраў іх па ўсім раёне. Назваў канкрэтныя сельгаспрадпрыемствы й арганізацыі, дзе з заробкамі былі праблемы.

Атрымаўшы адказы на свае пытаньні, ён сышоў”, паведаміў “Свабодзе” Барыс Вырвіч.

Што будзе далей міліцыянт Барысу Вырвічу не сказаў.

Журналіст лічыць, што райвыканкаму далі загад ідэолягі з аблвыканкаму, каб ліквідаваць незалежнае выданьне, бо яго публікацыі атрымліваюць шырокі водгук як раёне, так і па-за ягонымі межамі.

Газэта “Паходня” выдаецца ад 1993 году. Распаўсюджваецца па Бялыніцкім раёне. Яе наклад 299 асобнікаў. Распаўсюдам акрамя журналістаў займаюцца й мясцовыя прадпрымальнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG