Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 студзеня павінны адбыцца трэці раўнд перамоваў паміж Масквой і Менскам пра кош транзыту празь беларускую тэрыторыю расейскай электрычнасьці для патрэбаў Калінінградзкай вобласьці і краінаў Балтыі. Пра гэта “Свабодзе” паведамілі ў расейскай кампаніі “Интер РАО ЕЭС”. Аднак яшчэ 18-га студзеня ўвечары не было вядома, дзе зьбяруцца экспэрты – на тэрыторыі Беларусі альбо Расеі.


Крыніца ў Маскве, блізкая да перамоваў, на пытаньне карэспандэнта “Свабоды”, ці ёсьць спадзяваньні, што трэцяя сустрэча будзе апошняй, і бакі прыйдуць да пагадненьня, адказала так:

“Цяжка пакуль сказаць. Я вам кажу канфідэнцыйнае: гэта пытаньне хутчэй палітычнае. Усё залежыць ад таго, як расклаліся падыходы там, наверсе. Калі там ужо усё парашалі, то, я думаю, гэта можа быць апошнім раўндам”.

На перамовах інтарэсы Беларусі прадстаўляе дзяржканцэрн “Белэнэрга”, а Расеі – кампанія “Интер РАО ЕЭС”.

4-га студзеня “Белэнэрга” папярэдзіў, што магчыма спыніць пастаўкі расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць з прычыны таго, што ўмоў транзыту не ўзгодненыя. Паводле “Интер РАО ЕЭС”, Беларусь патрабуе павялічыць кошт транзыту ў 5,5 разы.

Крыніца ў Маскве пацьвярджае гэтыя лічбы. Але яна дадае:

“Сытуацыя, яна ж, -- жывая. На той момант гэта сапраўды было так. Але ж з таго часу ужо шмат вады сплыло. Прайшлі ужо сустрэчы, перамовы. І цалкам верагодна, што пазыцыі ўжо зьмякчыліся”.

Экспэрты тлумачаць намер беларускага боку значна падвысіць кошты транзыту жаданьнем скарыстацца сытуацыяй. Пасьля таго, як у Літве пад ціскам Эўразьвязу цалкам зачынілі Ігналінскую АЭС, краіны Балтыі і Калінінградзкая вобласьць адчуваюць дэфіцыт электраэнэргіі. Для яе папаўненьня нястачу, расейская электрычнасьць пойдзе транзытам празь Беларусь.

У Маскве на гэта кажуць, што паміж “Интер РАО ЕЭС” і “Белэнэрга” дзейнічаюць доўгатэрміновыя ўзаемазьвязаныя дамовы на пастаўку электраэнэргіі і яе транзыт празь сеткі Аб'яднанай энэргетычнай сыстэмы Беларусі. Згодна з гэтымі дамовамі, у 2010 годзе кампанія мае намер паставіць у Беларусь 3 млрд. кВТ/гадз. электраэнэргіі ў адпаведнасьці з балянсам Саюзнай дзяржавы і да 2,5 млрд. кВТ/гадз. — “на аснове прынцыпаў камэрцыйнай мэтазгоднасьці”.

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук гаворыць: Беларусь можа лёгка спыніць транзыт празь сваю тэрыторыю:

Яраслаў Раманчук
“Гэта вельмі проста. Адключаць рубільнік, і ня будзе ператоку. Крый Божа, каб так было. Але калі да гэтага дойдзе, то гэта будзе энэргетычная вайна. А яшчэ і нафтавая. А гледзячы на тое, якія людзі ў гэты працэс уключаныя, то гэта можа стаць найбуйнейшы канфлікт з Расеяй за усю гісторыю нашых дачыненьняў з гэтай краінай”.
XS
SM
MD
LG