Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзень людзі скарачаюцца і вяртаюць сваю даўжыню


“The New York Times” задаецца пытаньнем, ці сапраўды людзі сьціскаюцца з узростам, і калі так, то што з гэтым можна зрабіць? Адказвае на гэтае пытаньне нью-ёркскі нэйрахірург доктар Роджэр Хёртл.


Доктар Хёртл кажа, што людзі сапраўды скарачаюцца і вяртаюць сваю даўжыню кожны дзень – і кожны дзень гэтая розьніца можа складаць да 2 сантымэтраў. Аднак узроставая дэгенэрацыя ўмешваецца ў гэты працэс, і да 60 гадоў людзі часта падыходзяць са стратай да 5 сантымэтраў росту.

Паводле лекара, галоўную ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць 23 міжпазваночныя жэлепадобныя дыскі, якія выконваюць ролю амартызатараў пазваночніка. Дыскі на 88 працэнтаў складаюцца з вады, таму на працягу дня сьцісканьне і вібрацыя адціскаюць зь іх вадкасьць. Ноччу, калі чалавек знаходзіцца ў спакоі, дыскі зноў напаўняюцца вадкасьцю як губкі.

З узростам працэсы дэгенэрацыі ўмешваюцца ў рэабсорбцыю, крывазварот і абменныя працэсы зьмяншаюцца – у выніку тканка дыскаў пачынае сьціскацца і цьвярдзець. Гэты працэс можа зайсьці так далёка, што можа выклікаць нават параліч і разбурэньне костак. Цяпер лябараторыя доктара Хёртла працуе над вырабам біялягічна спраектаваных штучных дыскаў, якія маглі б кампэнсаваць сьцісканьне. Але пакуль яны будуць вынайдзеныя і ўкаранёныя ў практыку, лепшы спосаб пазьбегчы праблемаў з пазваночнікам – прафіляктыка. Асабліва трэба апасацца такіх згубных для пазваночніка фактараў, як курэньне, атлусьценьне і дыябэт. Трэба таксама больш займацца аэробікай і прытрымлівацца збалянсаванай здаровай дыеты.
XS
SM
MD
LG