Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра ўкраінскія выбары


Пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў першым туры вызначыць не ўдалося. “Як вы ацэньваеце вынікі галасаваньня 17 студзеня? Чым скончыцца двубой паміж Віктарам Януковічам і Юліяй Цімашэнкай?” З гэтымі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвярнуўся да некаторых беларускіх палітыкаў.


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на гэтыя пытаньні “Свабоды” адказаў праз тэлефон з Кіева. Сваю прысутнасьць там ён тлумачыць так:

Анатоль Лябедзька
“Менавіта каб па гарачых сьлядах атрымаць завершанае ўяўленьне, чаго нам чакаць ад Украіны. Для гэтага і заплянаваны шэраг сустрэч з украінскімі палітыкамі.

Я разумею, што вялікіх зьменаў у зьнешняй палітыцы Кіева адносна Менску ня будзе. Незалежна ад таго, хто з двух прэтэндэнтаў стане прэзыдэнтам. Гэтага можна было б чакаць, калі б атрымаў перамогу нехта з абсалютна ідэалягічных палітыкаў, кшталту Грыцэнкі.

А хто пераможа? Тут усё залежыць ад таго, у чый кошык пакладуцца галасы, як мінімум, трох-чатырох палітыкаў, якія занялі наступныя месцы”.

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч кажа, што на афіцыйным партыйным сайце прагназаваў перамогу Віктара Януковіча ў першым туры з адрывам у 10 з гакам працэнтаў:

Сяргей Гайдукевіч
“Па другім туры пытаньняў няма. Які другі тур? Цімашэнка сказала, што ня трэба думаць пра пасады, а трэба сканцэнтравацца на чымсьці вялікім і сьветлым. Гэта яе памылка, у палітыцы гэта вельмі памылковая заява”.

А на пытаньне, ці зьменяцца беларуска-ўкраінскія дачыненьні пры новым прэзыдэнце Ўкраіны, спадар Гайдукевіч адказвае так:

“Для нас ніякіх зьмен — паляпшэньня альбо пагаршэньня — ня будзе. Калі пераможа Януковіч, у нас будзе больш шырокі доступ да Ўкраіны, калі пераможа Цімашэнка — менш шырокі. Вось і ўсё”.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік сёньня зноў пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што ЦВК афіцыйнага запрашэньня ад украінскіх калег, каб назіраць за выбарамі, не атрымлівала:

Міхаіл Лазавік
“Але я хацеў бы адзначыць, у якіх вельмі складаных умовах працавала ЦВК Украіны. Ня толькі выкананьне выбарчага заканадаўства, але і выкананьне нейкіх палітычных патрабаваньняў канкурэнтаў націскала на яе сяброў. Аднак у цэлым ЦВК цьвёрда прытрымлівалася заканадаўства і ў гэтых цяжкіх абставінах змагла арганізаваць і правесьці выбары так, як гэтага патрабуе выбарчае заканадаўства Ўкраіны”.

Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода” Сяргей Скрабец лічыць, што новым прэзыдэнтам Украіны стане Віктар Януковіч:

Сяргей Скрабец
“На мой погляд, дачыненьні Ўкраіны і Беларусі пасьля гэтага палепшацца. Я чакаю, што нарэшце будзе вырашана пытаньне зь дзяржаўнай мяжой і гэтак далей”.

У якасьці назіральнікаў ад Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД за ўкраінскімі выбарамі сачылі Алена Падаляк з Савету Рэспублікі і Георгій Дашкевіч з Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG