Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах многія людзі цяпер скардзяцца, што мерзнуць на працы, у цэхах заводаў і фабрык. Тэмпэратура паветра ў памяшканьнях павінна быць не ніжэйшая за 16 градусаў: так патрабуюць санітарныя нарматывы. А насамрэч у цэхах значна халадней. У многіх тэмпература мала адрозьніваецца ад той, што звонку.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На Бярозаўскай гуце цёпла толькі ля печаў, дзе разаграюць шкло


На Гарадзеншчыне цяпер цярпяць ад холаду працаўнікі фактычна кожнага трэцяга прадпрыемства. Санітарныя службы сёлета выявілі больш як 20 вытворчых памяшканьняў, якія ўвогуле не прыстасаваныя для зімовай працы.

Да прыкладу, у цэхах Бярозаўскай гуты, як распавядаюць тутэйшыя працаўнікі, цёпла зімою толькі побач зь печамі, дзе выдзьмуваюць шкло. Кажа рабочы гуты:

Спадар: “Калі на вуліцы мароз, то кантралёры сядзяць у фуфайках ватных. Бо памяшканьне цэху вялізнае, і яго, канечне, цяжка абагрэць. Асноўнае цяпло па цэху ідзе ад самой печы, не ад сыстэмы ацяпленьня, і чым далей ад яе — тым халадней”.

На Слонімскім ільнозаводзе холадна і шмат пылу


На Слонімскім ільнозаводзе рабочы кажа, што ўмовы працы ў іх не мяняліся гадамі. Пылу там шмат і зімой, і ўлетку, холадна зараз, дый шмат іншага. Ён кажа, што адміністрацыя на гэта не зьвяртае ўвагі.

Спадар: “Сродкаў амаль не хапае і на заробак. А што тычыцца бытавых умоваў — там усё трэба рабіць. І новыя сеткі ў душ, і падлогу трэба рабіць, і кафлю класьці, і ацяпленьне рабіць — усё трэба, і трэба паўсюль…”

“Сьпіна баліць ад цяжару дадатковай адзежы…”


Спадарыня, якая працуе ў фірме, што здымае памяшканьне на гарадзенскім прадпрыемстве “Радыёхваля”, кажа, што ўмовы адпачатку былі невыносныя, бо памяшканьне старое і ніхто ніякага рамонту ў былых цэхах не рабіў гадамі.
На сабе 5 адзёжак — і не павярнуцца ...

Спадарыня: “Холадна вельмі, бо вокны вялікія, а ў іх шчыліны, дзіркі, а на вуліцы зіма, вецер. Батарэі грэюць, але ў нас цёпла, калі 14 градусаў, а бывае яшчэ меней… На сабе 5 адзёжак — і не павярнуцца. Сьпіна баліць ад цяжару, што на ёй…”

“Цэх такі халодны, што замярзаюць нават пілы…”


А ў райцэнтры Масты, што таксама га Гарадзеншчыне, найбольш скардзяцца працаўнікі тамтэйшага дрэваапрацоўчага аб’яднаньня.

“Мастоўдрэў” — самае буйное прадпрыемства раённага цэнтру. І вось што распавёў мне адзін з працаўнікоў Васіль:

“У нас на прадпрыемстве ёсьць цэх зусім халодны, дзе замярзаюць пілы. Калісьці ён ацяпляўся, стаялі калярыфэры, цяпер нічога гэтага няма. Але гэтага няма даўно, гадоў, мабыць, зь пятнаццаць. Гэта ўжо ўвайшло не ў сыстэму нават — у прывычку. Гэта цэх, які называецца “фанэрная біржа”. Там пілуюць бярвеньне на нарыхтоўкі для фанэрнага цэху”.

Чаму замярзаюць пілы? Спадар Васіль тлумачыць:

“На пілы падаецца паветра, але паветра халоднае. А таксама замярзае вада ў шлянгах, і пілы не працуюць. Іх даводзіцца разаграваць газам. Балёны з газам выкарыстоўваюцца, а ён каштуе ўсё-ткі дзевяноста тысяч, як ні круці. Праз гэта вельмі часта стаім. Хай ненадоўга спыняемся, хвілін на пятнаццаць-дваццаць, але за дзень гадзіну вытворчасьці, глядзіш, і скралі”.


“Трубы замерзьлі, вады няма…”


У выніку рабочыя менш працуюць, менш зарабляюць, але больш хварэюць. Яшчэ адна непрыемнасьць: у цэху няма вады. Спадар Васіль наракае:

“Як маразы пачаліся перад Новым годам, вады ў нас няма папіць. І ў выпадку пажару — дзе ваду ўзяць? Зноў жа праблема. Бо трубы папросту замерзьлі”.

Ці замяралі рабочыя тэмпэратуру ў цэху, дзе пілуюць бярвеньне? Спадар Васіль адказвае:

“У цэху? Ну, вось зараз скажу. Калі на вуліцы цяпер мінус дзесяць, то ў цэху дакладна такая ж тэмпэратура, як на вуліцы, бо цэх не ацяпляецца зусім”.

Чаму кіраўніцтва эканоміць на абагрэве?

Зьміцер Кухлей
Дэпутат Мастоўскага райсавету Зьміцер Кухлей таксама працаваў на “Мастоўдрэве”. Ён кажа, што частка заводзкіх цэхаў — старыя. Іх трэба рэканструяваць, але гэта вымагае фінансаў, як і ацяпленьне цэхаў.

“Сытуацыя на “Мастоўдрэве” сёньня ня вельмі добрая. Праблема знайсьці грошы на заробкі працаўнікам. А райвыканкам яшчэ патрабуе, каб на прадпрыемстве павялічвалі аплату, бо ў Мастоўскім раёне адны з найгоршых заробкаў. Вось кіраўніцтва “Мастоўдрэва” і спрабуе эканоміць на ўсім, у некаторых выпадках і на ацяпленьні. Бо ўсе гэтыя выдаткі адбіваюцца на сабекошце прадукцыі”, — мяркуе дэпутат.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Кіраўніцтва запалохвае тых, хто патрабуе паляпшэньня ўмоваў працы


На адным з самых пасьпяховых прадпрыемстваў Бабруйску — заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў — тэмпэратура ў цэхах не адпавядае санітарным нормам. Паводле працаўнікоў, дзе-нідзе яна нават мінусавая. Спробы дамагчыся ад адміністрацыі адпаведных заканадаўству ўмоваў працы не даюць плёну. Тых, хто намагаецца адстаяць свае правы, запалохваюць.

Пра тэмпэратурны рэжым на прадпрыемстве паведаміла “Свабодзе” работніца мэханазборачнага цэху № 2, грамадзкі інспэктар працы Аксана Кернажыцкая. Яе цэх — самы цёплы на прадпрыемстве:

“Там, дзе я працую, я пасярод цэху, там у мяне тэмпэратура трымаецца 11, 12, 13 градусаў. А дзе каля варот людзі працуюць, там і дзевяць, і дзесяць градусаў. А ў другіх цэхах і пяць ёсьць, і мінусавая ёсьць”.

Незадаволеная ўмовамі працы, спадарыня Кернажыцкая запатрабавала ад адміністрацыі іх паляпшэньня. Да яе патрабаваньняў пачалі далучацца і іншыя работнікі прадпрыемства. Кіраўніцтва па-свойму адрэагавала на работніцкі пратэст:

“Пагражаюць: ня хочаш працаваць у такіх умовах — ідзі за вароты!”

“Яны па адным перацягалі гэтых дзяўчат. Хочаш працаваць, то працуй, а ня хочаш — ідзі за вароты. У нас жа кантракты, вы самі разумееце. Майстра ста працэнтаў прэміяльных пазбавілі. Усе прыціхлі, заціхлі, на гэтым усё і скончылася. Ціск на мяне, канечне, пайшоў, але гэта ня першы раз, таму мне ня страшна”.

У аддзеле аховы працы на заводзе прэтэнзіі работнікаў наконт тэмпэратурнага рэжыму часткова прызнаюць, аднак адмаўляюць, што людзі калектыўна незадаволеныя ўмовамі працы. Тое, што спадарыня Кернажыцкая скардзіцца, зьвязваюць з тым, што яна актывістка Свабоднага прафсаюзу Беларускага:

У аддзеле аховы здароўя прызнаюць, што тэмпэратура паветра ніжэйшая за норму
У нас ёсьць гарэлкі з інфрачырвоным выпраменьваньнем, каб падтрымліваць тэмпэратуру. Выдалі ім курткі цёплыя ...

“Ніхто ня скардзіўся, акрамя яе. У адных цэхах тэмпэратура адпавядае. У другіх — не. У нас ёсьць гарэлкі з інфрачырвоным выпраменьваньнем, каб падтрымліваць тэмпэратуру. Выдалі ім курткі цёплыя. Акрамя таго, зрабілі ім пакоі для сілкаваньня, гарбата там стаіць. Нашае прадпрыемства ня самае горшае й па тэмпэратурным рэжыме, і па іншых паказчыках”, — цьвердзіць супрацоўнік аддзелу аховы працы заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Як павінны працаваць людзі на прадпрыемстве, калі тэмпэратура ў цэхах ніжэйшая за вызначаныя нормы, даведацца на прадпрыемстве не ўдалося. Як, дарэчы, і Аксане Кернажыцкай. Адказ мусіць даць Міністэрства працы, куды зьвярнулася ўпартая работніца.

“Я, напрыклад, пры дванаццаці градусах павінна працаваць толькі чатыры гадзіны. Як гэта павінна аплачвацца? А там, дзе наагул нізкія тэмпэратуры — па пяць градусаў і мінусавыя — там людзі наагул не павінны працаваць, але ж яны працуюць. Як прыйдзе адказ, будзе вырашацца пытаньне, падаваць на працоўныя спрэчкі ці ў суд”.

На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў працуе больш за тысячу чалавек. У паведамленьнях афіцыйных крыніц гэтае прадпрыемства падаецца як адно з самых пасьпяховых на Магілёўшчыне.
XS
SM
MD
LG