Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Кубілюс сумняваецца ці трэба запрашаць Лукашэнку ў Вільню


А.Лукашэнка і А.Кубілюс у Вільні, верасень 2009

А.Лукашэнка і А.Кубілюс у Вільні, верасень 2009

Літоўскі прэм’ер-міністар сумняваецца, ці мэтазгодна запрашаць Аляксандра Лукашэнку на сьвяткаваньне 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы.


"Запрашэньне кіраўнікоў суседніх дзяржаў на такое важнае для Літвы мерапрыемства зьяўляцца верным рашэньнем", - сказаў кіраўнік літоўскага ўраду Андрус Кубілюс у эфіры радыёстанцыі Žinių radijas.

Аднак літоўскі прэм'ер адзначыў: запрашэньне Лукашэнкі мае ў гістарычным і міждзяржаўным кантэксьце "крыху іншае адценьне", бо ў Эўразьвязу ёсьць патрабаваньні да Беларусі ў сфэры захаваньня правоў чалавека.

"Мне здаецца, што, перш чым рабіць такі крок, нам варта атрымаць вычарпальную кансультацыю ў дыпляматычных колах", - цытуе Кубілюса БелаПАН.

11 студзеня прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што "сур'ёзна разважае" пра магчымасьць запрашэньня прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева на ўрачыстасьці.

15 студзеня міністар замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас заявіў: калі б адзначэньне 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы адбывалася сёньня, гэта быў бы ня самы дарэчны момант чакаць візыту ў Вільню прэзыдэнта Беларусі.

Кіраўнік літоўскай дыпляматыі сказаў, што падтрымлівае імкненьне кіраўніцы дзяржавы падтрымаць дыялёг з Лукашэнкам, аднак ці цяпер настаў час запрашаць яго на адзначэньне 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы – ён сказаць ня змог бы.

В.Ушацкас нагадаў, што ў дачыненьнях як Літвы, гэтак і Эўразьвязу зь Беларусьсю прагрэс магчымы толькі ў тым выпадку, калі яна сама выявіць гатоўнасьць ісьці наперад шляхам павагі правоў чалавека і вяршэнства закону.
XS
SM
MD
LG