Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У офісе АБСЭ ў Менску пачаў працаваць новы кіраўнік


Сёньня першы працоўны дзень для новага кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску нямецкага дыплямата Бэнэдыкта Галера.

Ён – прафэсійны дыплямат, апошнім часам займаў пасаду амбасадара па спэцыяльных даручэньнях у Міністэрстве замежных спраў Нямеччыны. У кола яго абавязкаў уваходзілі пытаньні антысэмітызму і Галакосту.

На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, палітыка новага кіраўніка Офісу ня будзе суправаджацца тымі скандаламі, якія былі пры ягоным папярэдніку таксама нямецкі мдыплямаце Ганс-Ёхане Шміту:

"Аднак чакаць кардынальных зьменаў не выпадае. Справа ў тым, што ў сваёй працы офіс АБСЭ зыходзіць з таго мандату, які ён атрымаў у Вене. А тут зьмяненьняў апошнім часам няма".

Бэнэдыкт Галер – ужо чацьвёрты дыплямат зь Нямеччыны, які кіруе менскім офісам. Раней гэтыя функцыі выконвалі Ганс-Георг Вік, Эбэргард Гайкен і Ганс-Ёхан Шміт. Ачольваў офіс і швэцкі дыплямат Оке Пэтэрсан.

Беларусь — сябра АБСЭ ад 1992 году. Пасьля таго як у 1996 годзе эўрапейскія структуры не прызналі вынікі рэфэрэндуму, пачаліся складанасьці ў адносінах паміж арганізацыяй і беларускімі ўладамі. У 1997 годзе Беларусь страціла права на прадстаўніцтва ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а ў 1998-м там стварылі працоўную групу дзеля маніторынгу сытуацыі ў Беларусі.

Ад лютага 1998 году ў Менску пачынае працаваць Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ на чале зь нямецкім дыпляматам Гансам-Георгам Вікам. Ён імкнуўся праз дыялёг з апазыцыяй дапамагчы беларускім уладам разьвіваць дэмакратычныя інстытуты і выконваць уласныя абавязаньні ў рамках АБСЭ.

Гэты дыялёг пачаў раздражняць улады, і пасьля выбараў 2001 году Віка абвінавацілі ў “ярка выяўленых палітычных сымпатыях”. Напрыканцы году Вена адклікала дыплямата.

Праз год АБСЭ скасавала Кансультатыўна-назіральную групу і ад 2003 году адкрыла офіс АБСЭ ў Менску. Супрацоўнікі офісу паводле пратаколу абавязаныя былі дапамагаць ураду Беларусі ў эканамічнай дзейнасьці і абароне навакольнага асяродзьдзя, а таксама ажыцьцяўляць маніторынг.

Дзейнасьць офісу АБСЭ павінна ажыцьцяўляцца ў форме праектаў і праграмаў, якія павінны мець дачыненьне да выкананьня мандату.
XS
SM
MD
LG