Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка: “Ня зьвернем са шляху, на які Ўкраіна ступіла ў 2004 годзе”


У другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, паводле дадзеных апытаньняў на выхадах з выбарчых участкаў “экзыт-пол”, выходзяць лідэр апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч і кіраўнік ураду Юлія Цімашэнка. Яўка на выбарах склала каля 67 працэнтаў галасоў.


Юлія Цімашэнка праз гадзіну пасьля завяршэньня галасаваньня заклікала да перамоваў на аснове дэмакратычных і эўрапейскіх каштоўнасьцяў тых дэмакратычных кандыдатаў, якія пасьля 17 студзеня сышлі з выбарчай гонкі.

“Я як кандыдат у прэзыдэнты ніколі не дапушчу, каб краіна зьвярнула з таго шляху, на які яна ўпэўнена ступіла ў 2004 годзе. Гэта шлях барацьбы за адраджэньне справядлівасьці, нашага эўрапейскага напрамку разьвіцьця, шлях станаўленьня і адраджэньня дэмакратыі. Будзе зроблена тое, што іншым не ўдалося зрабіць за папярэднія гады”,-- сказала Цімашэнка.

Юлія Цімашэнка падзякавала сваім выбарцам і заклікала ўвесь дэмакратычны электарат да аб’яднаньня:

“Перамовы трэба весьці не вакол пасад, а вакол таго, як пабудаваць Украіну, і я гатовая усім кандыдатам ад дэмакратычных сіл прабачыць усе абразы і адкрыць новую старонку”.

Аднак Сяргей Цігіпка, які займае трэцяе месца, ужо заявіў, што ён заклікае сваіх выбаршчыкаў не галасаваць ні за каго з кандыдатаў якія выйшлі ў другі тур:

“Я веру, што мой выбаршчык – разумны чалавек і вызначыцца сам, за каго галасаваць”.

Віктар Януковіч сам пакуль першыя вынікі выбараў не камэнтаваў, а ягонае атачэньне выказвае перакананьне ў ягонай перамозе ў другім туры.

Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, разрыў паміж Януковічам і Цімашэнка складае 4 працэнты. Вынікі сацапытаньня наступныя :

Януковіч – 31,5%
Цімашэнка – 27,2%
Цігіпка – 13,5%
Яцэнюк – 7,8%
Юшчанка – 6,0%

Першыя вынікі падліку галасоў будуць вядомыя раніцай.
XS
SM
MD
LG