Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У камэнтарах да агляду "Гаіці блізка, Гаіці далёка...", прысьвечанага гісторыі гэтай карыбскай краіны, беларускаму сьледу ў ёй і прыкраму ігнараваньню беларускай блогасфэрай жахлівага землятрусу, які там адбыўся, нехта пад псэўданімам Чыкі Брык напісаў: "Ха, а я думаў, тут трэба радавацца, што мы не зрабіліся ахвярамі Сусьветнага Тэлебачаньня і не жывем абсалютна неістотнымі заморскімі навінамі! Тая глабальная мэдыйная прастора толькі адцягвае ўвагу ад рэальнага жыцьця". То давайце паглядзім на істотнае рэальнае жыцьцё апошніх дзён беларускай блогасфэры, ад якога ня здолела адцягнуць блогерскую ўвагу дэманічнае Сусьветнае Тэлебачаньне.

12 студзеня, акурат за колькі гадзінаў да землятрусу ў Гаіці, што, канешне, чыстая выпадковасьць, беларуская блогасфэра выбухнула рогатам. Рэха ад якога не суціхае і дасюль. Да колікаў насьмяшыў яе караценькі запіс у блогу Кірыла Атаманчыка:

"Зафрэньдзіў Міхаіла Задорнава... Досыць цікавы ЖЖ!
----
Дадаў яго ў фрэндстужку таму, што люблю тонкі гумар, і разнастайнасьць думак..."




Ня ведаю, як вы, а я далёка не адразу дапяў, у чым тут цымус - прычына масавага сьмяхозу. Адзінае, што прыйшло ў галаву - досыць цікавы спосаб расстаўленьня Кірылам разнастайных знакаў прыпынку.

Скажам, гэтае шматкроп'е пасьля першага і апошняга сказаў. Шматкроп'е звычайна азначае паніжэньне голасу, недамоўленасьць, абарванасьць думкі, шматзначнасьць, задуменнасьць, няўпэўненасьць, нявызначанасьць пачуцьцяў, гнятлівае перажываньне, эмацыйны ступар. Паведаміўшы сваім чытачам пра тое, што ён прысябрыў Міхаіла Задорнава, Кірыл нібыта надоўга задумваецца: а што далей?.. і навошта я гэта зрабіў?... а мо ня трэба было?.. зафрэньдзіў, цяпер сам ня рады... зафрэньдзіў, а тут ён нечакана (памёр; пачаў выкладваць у сваім журнале брудныя порна-здымкі; напісаў, што сябрам "Маладога Фронту" прысябрываць яго не рэкамэндуецца)... і г.д., і да т.п.

Аж раптам Кірыл упадае ў ажытацыю, аб чым сьведчыць клічнік у канцы другога сказу, які выражае экспрэсію, моцнае душэўнае хваляваньне (захапленьне, зьдзіўленьне, жах і да т.п.). Выглядае на тое, як быццам блогер доўга і цяжка думаў, напружана варушачы глуздамі, і тут яго асяніла: о, эўрыка! нарэшце прыгадаў, што я хацеў сказаць! чалавек з тэлевізара насамрэч існуе! мы зь ім судакрануліся оптавалаконнымі кабэлямі! і г.д., і да т.п.

Абзац таксама зьяўляецца знакам прыпынку, які групуе аднастайныя тэматычныя, сюжэтныя і да т.п. адзінкі тэксту. Вылучэньне фразы ў асобны абзац узмацняе сэнсавы акцэнт, які на яе падае. Кожная новая думка - новы абзац. Кірыл разьбіў паведамленьне з трох сказаў на два абзацы, дадаткова графічна адасобіўшы іх. Трэці сказ, на першы погляд, здаецца абсалютна цьвярозым, празрыстым і адназначным: я зрабіў "А", таму што "Б". Але ж у першых двух сказах чытач назіраў унутранае змаганьне аўтара з самім сабой, бурныя ірацыянальныя працэсы, рэзкі пераход ад мінору да мажору, ад прыгнечанасьці да афэкту. Калі верыць знакам прыпынку, блогер сам ня ведаў дакладна, што ён робіць і навошта. Апошні сказ гвалтоўна адмяняе ўсю папярэднюю драму. Аказваецца, усё ён добра ведаў. Дык нашто было камэдыю ламаць?! (Пытальнік і клічнік разам у дадзеным выпадку азначаюць абуранае недаўменьне.) Але ж, зноўку-здароўкі, у канцы зьяўляецца гэтае шматкроп'е, зь якога ўсё пачыналася. Кола замкнулася...



(Аўтар карыкатуры veselovsky)

Аднак у блогу Кірыла на момант напісаньня агляду было 1402 запісы. Большасьць зь іх напісаныя з нагэтулькі ж кручанай і ня меней сьмехагеннай, калі зьвяртаць на яе ўвагу, пунктуацыяй. І дасюль ніхто не сьмяяўся. Хіба што ціха-ціхенька, у кулачок.

Карацей, выявілася, што справа тут не ў Атаманчыкавай філялёгіі, а ў Задорнаве. Амаль дзесяць гадоў ня маючы тэлевізару, я безнадзейна адстаў ад жыцьця. Таму, у адрозьненьне ад прасунутых беларускіх блогераў, ня ведаў, што прызнавацца ў цікаўнасьці да творчасьці Задорнава ў шляхетным асяродзьдзі сталых тэлегледачоў - дурны тон.

Калі я быў яшчэ зусім маленькім і, паміж трансьляцыямі зьездаў і калыханкай, глядзеў гумарыстычныя праграмы, Задорнаў мне падабаўся. Запомніўся па назьве выдуманай савецкай навуковай установы, якую немагчыма перакласьці на іншыя мовы - "НИИВТОРСЫРЧЕТМЕТБРЕДБРАКМРАКСНАБСТЫДСБЫТ-ЗАГРАНПОСТАВКА", з маналёгу пра амэрыканскага шпіёна, які крануўся розумам ад неспасьціжных загадак савецкай рэчаіснасьці. І яшчэ па каменным, безэмацыйным твары, па якім зрэдзьчасу блукала ледзь заўважная, зьедлівая ўсьмешка. Што само па сабе было моцным сьмехавым прыёмам. З тае пары шмат вады ўцякло. Мусібыць, Міхаіл Мікалаевіч значна зьмяніўся:

"Мяне заўсёды зьдзіўляла: хто ўсе гэтыя людзі, якія глядзяць, ці чытаюць Петрасяна, Задорнава і гд.? Марсіяне?" (gsbelarus)

Гадоў 15-20 таму нікому не прыйшло б у галаву паставіць хвосткага, трапнага і па-нардычнаму вытрыманага Задорнава на адну дошку зь Петрасянам, гэтым разбоўтаным, пашлаватым крыўлякам і адначасова занудным маралістам. Няўжо на старасьці гадоў згубіў форму? Ды не, здаецца. Па наводцы Атаманчыка я зазірнуў у ягоны журнал і, як гэта ні дзіўна, знайшоў там "тонкі гумар і разнастайнасьць думак" - на ўзроўні, вышэйшым за сярэдні блогасфэрны. Маецца на ўвазе расейская блогасфэра.

Але ж ён цяпер не савецкі чалавек, разам зь якім мы дружна сьмяяліся над сабой, ён расеец. І жартуе з нацыяльнага пункту гледжаньня расейца. Збольшага пра іншых. Такім чынам, з сатырыка Задорнаў пераўтварыўся ў эстраднага палітыка. Таму і сьмех ягоны часьцяком злы і дурнаваты. Напэўна, так яно заўжды бывае, калі перад "сваімі" высьмейваеш "чужых", узвышаючы першых за кошт апусканьня апошніх, бяз усякай самагіроніі. Падобны сьмех робіцца ўсяго толькі своеасаблівай формай прапаганды нацыяльнай перавагі і выключнасьці.

"У дзяцінстве я станоўча ацэньваў гэтага пэрсанажа. У сваіх выступах ён мне падаваўся досыць сатырычным і бліскучым назіральнікам. Зараз жа з упэўненасьцю магу назваць яго м..аком і шавіністычным блазнам"
. (scisserboy)

"Сатырык дазволена-імпэрскага рогату. "Якія яны ўсе тупыя!..." Шварц у "Голым каралі" добра паказаў такі "сьмех". Мне неяк усё здаецца, што Задорнаў робіць сваю кар'еру па прыкладзе заслужанага каралеўскага блазна з гэнай п'есы. Вы неяк яго запытайце пры нагодзе, ці ня так?" (tulyaha)

"Ага, а яшчэ калісьці ён "досыць цікава" сьцябаўся зь беларускай мовы. Маўляў, беларусы пішуць з памылкамі. Заля проста заходзілася, так сьмешна". (myshyn)

"Ён абразіў мой народ". (yuras-adamovich)

І г.д., і да т.п.

Зрэшты, працытаваныя блогеры якраз вельмі сур'ёзна паставіліся да Кірылавага захапленьня, іх было няшмат. Астатнія ня надта пераймаліся з нагоды маральнага аблічча Задорнава. Камусьці Атаманчык дзесьці перайшоў дарогу, і яны скарысталіся момантам, каб выставіць яго на пасьмешышча. Хтосьці кпіў з амаль дзіцячай Кірылавай наіўнасьці. Пра апошнюю трапна выказаўся стары выкшталцоны цынік rycyna:

"А я Кірылу люблю і паважаю. Гэта адзіная чыстая душа ва ўсім Белнэце. Хобіт нашых дзён".

Ну, у хобітаў прастадушнасьць спалучалася зь сялянскай хітраватасьцю, а Кірыл, падобна, яе пазбаўлены. Таму яго можна назваць хобітам са знакам якасьці.

Іншых сьмяшыла ягонае імкненьне пастаяць побач зь вядомымі людзьмі. Атаманчык ужо пасьпеў сфатаграфавацца разам з Пазьняком



зь Фядутам



з Калякіным



зь Мілінкевічам



Ну, а тут як быццам пастаяў у сьвятле славы Задорнава. Тае бяды, што гэта ня ён Кірыла прысябрыў, а Кірыл яго. Гэтак нават яшчэ круцей, бо "не Задорнаў і я", а "Я і Задорнаў". Хачу прысябру, не спадабаецца - адсябру. Магу круціць Задорнавым як заўгодна, вось! Пра мяне даведаюцца, пра мяне загавораць!

Хутчэй за ўсё, Кірыл так ня думаў, але староньні назіральнік мог успрыняць ягоныя матывы такім чынам і, натуральна, пасьмяяцца:

"Зафрэндзіў вас, бо досыць цікавы жж! пакуль што не набраўся сьмеласьці зафрэндзіць Міхала Задорнага, але праз вас ён цяпер мне як фрэнд. Як кажуць, фрэнд майго фрэнда - мой фрэнд. Дзякуй за тонкі гумар і разнастайнасьць думак!" (kulturnyzabojca)



(Аўтар карыкатуры krywal)

І ўсё-ткі галоўнай прычынай сьмешыкаў стала сама фраза - "за тонкі гумар і разнастайнасьць думак". Мабыць, таму, што ад яе патыхае канцылярытам, плякатнай адназначнасьцю, бадзёрасьцю і безаблічнасьцю. Гэтая фраза абсалютна пустая і падобная да стандартных паведамленьняў, якія тысячамі аўтаматызавана рассылаюць спам-боты. Блогер lipski скараціў яе да абрэвіятуры: "За ТоГуРД!" - што гучыць як ёмісты тост.

"Адразу і выпіла :-)))" (adelka)

"Ну, за ТоГуРД! - гэта ўжо мой другі кілішак :-)))" (beatnik_kalenda)

"Адкаркаваў "Чарнігаўскае", далучаюся!" (abrykos)

"У мяне Stare Misto від Першой Приватной!" (molatau)

"У мяне Торэс"
(nescerka)

Гэта не product-placement! Мне ніхто не плаціў за згадкі алькагольных марак, а што такое "Торэс", і чым яго закусваюць, я даведаўся толькі цяпер, праз Google.

"Затое мы прысутнічалі пры нараджэньні новай ідыёмы"
. (filosofinja)

Ідыёмы, крылатай фразы або, гаворычы сеціўнай мовай - мэму (анг. meme). Тэрмін запазычаны зь мэмэтыкі, дзе азначае адзінку культурнай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ад аднаго чалавека да іншага празь імітацыю, навучэньне і г.д. У інтэрнэце "мэмамі" называюць пэўныя "прышпільныя" фразы або слоўцы, якія часта адсылаюць да гісторыі кшталту справы "Атаманчыка-Задорнава" і да пэўнага моманту акумулююць усё болей сьмехавой масы ад выкарастаньня іх усё большай колькасьцю людзей, убіраючы іх эмоцыі . Пасьля яны натуральным чынам перастаюць выклікаць рэфлекторны сьмех, робячыся проста хрэстаматыйнымі фразамі або слоўцамі.

Да нядаўняга часу эмісійны цэнтр гэткіх мэмаў знаходзіўся ў расейскай блогасфэры. І беларускія блогеры вымушаныя былі даношваць сэканд-хэнд зь пляча старэйшага брата, выглядаючы ў ім даволі нягегла.

Але пакрысе ў беларускай блогасфэры назапашваюцца свае ўласныя здабыткі. І Кірыл Атаманчык па праву можа лічыцца адным зь піянэраў у іх стварэньні. Нароўні зь Юрам Дземідовічам, які падараваў беларускім блогерам фразу "хтобвыдумалі?!", магічны заклён "etis! atis! animatis!" і, канешне, сам шматзначны вобраз "чароўнага трусіка".

Штосьці дзесьці зьнікае, штосьці дзесьці нараджаецца. Зьнік горад на мапе сьвету, затое нарадіўся мэм. Падзеі па свайму маштабу непараўнальныя. Дый ці варта параўноўваць? Падзеньне Бабілёнскай вежы падаравала чалавецтву сотні моваў, у тым ліку і беларускую. Якая сувязь паміж разбурэньнем вежы і ўзьнікненьнем моваў? Ніякай. Гэтак жа, паміж гаіцянскім землятрусам і нараджэньнем у Беларусі "тонкага гумару і разнастайнасьці думак" ("тонкі гумар і разнастайнасьць думак - наш адказ агульнай млявасьці і абыякавасьці да жыцьця!", - напісаў kabierac) ніякай сувязі. З нашага, чалавечага пункту гледжаньня. Тральфамадорцы, якія бачылі сьвет у чатырох вымярэньнях, мажліва, думаюць іначай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG