Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак: Справу Аўтуховіча могуць перавесьці ў суд ніжэйшага узроўню


Чаму зацягваецца рашэньне адносна пачатку суду над Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімірам Асіпенкам? Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку сёньня мусяць прывезьці ў з Бабруйску ў Менск. Маладзёвы актывіст Арцём Дубскі прыбірае сьнег на турэмным двары.


Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і ягоны знаёмы, былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў.
Мінула болей за два тыдні, як справу Мікалая Аўтуховіча і Ўадзіміра Асіпенкі аб падрыхтоўцы да тэракту перадалі ў Вярхоўны суд. Між тым дзень пачатку працэсу дагэтуль не прызначаны, як невядома і тое, хто будзе весьці гэты гучны працэс. Праваабаронца Алег Воўчак не выключае, што справу Аўтуховіча-Асіпенкі могуць перадаць для разгляду ў суд ніжэйшай інстанцыі, гэта значыць Гарадзенскі абласны ці Ваўкавыскі раённы, каб штучна зьменшыць цікаўнасьць да гэтага працэсу.

“Мяркую, яны яшчэ будуць вырашаць, калі і дзе. Не выключаю, што перавядуць справу на ніжэйшы узровень. Такое магчыма таксама. Скажуць, што справа не мае такой важнасьці, што заўгодна скажуць. Ва ўсякім разе, пакуль ніхто не атрымаў паведамленьня, на які дзень прызначаны працэс”.

Паводле адваката Паўла Сапелкі, “стан здароўя Аўтуховіча ранейшы – ён мае вялікія праблемы з зубамі, якія ў сьледчым ізалятары вырашыць немагчыма”.

У кастрычніку 2009 Першамайскі суд Менска прызнаў актывіста АГП вінаватым ў крадзяжы маёмасьці фірмы і асудзіў да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. 15 сьнежня менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд Бандарэнку і адправіў справу на новы разгляд.
Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка не патрапіў у этап, якім 10 студзеня перавозілі вязьняў з бабруйскай калёніі ў Менск. Пра гэта паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі, які абараняе прадпрымальніка Бандарэнку.

Наступны этап ў Менск выправіцца 16-га студзеня і адвакат разьлічвае, што менавіта гэтым этапам Бандарэнка патрапіць ў менскі сьледчы ізалятар. Пра стан здароўя Бандарэнкі адвакат паведаміў:

“Наколькі мне вядома ад бацькі і сястры Бандарэнкі, на дадзены момант ў яго больш-меньш усё нармалёва”.

Зьміцер Лаеўскі не выключае, што наведае ў ізалятары Андрэя Бандарэнку ужо ў панядзелак.


Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Маладзёвы актывіст Арцём Дубскі даслаў дадому ліст, у якім паведаміў, што ў яго з большага усё нармальна, часам працуе на ўборцы тэрыторыі, у вольны час піша лісты знаёмым і сябрам. “Пра здароўе напісаў, што часам баліць страўнік”, -- паведаміла маці Арцёма Алена Дубская.

“Піша, што усё нармальна. Магчыма, ня хоча мяне турбаваць, калі гэтак кажа”.

У лютым ў Арцёма будзе кароткатэрміновае спатканьне са сваякамі, паведаміла ягоная маці.
XS
SM
MD
LG