Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пачалося галасаваньне на чарговых выбарах прэзыдэнта. На гэтую пасаду балятуюцца 18 кандыдатаў, у тым ліку дзейны кіраўнік краіны Віктар Юшчанка, але фаварытамі кампаніі называюць прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнка і лідэра апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча.


Паводле зьвестак украінскіх сацыёлягаў, на прэзыдэнцкія выбары 17 студзеня зьбіраецца прыйсьці ад 65 да 87 працэнтаў грамадзян. Гэта супастаўна з тым, як галасавалі ўкраінцы на мінулых выбарах 2004 года. Прагназуецца, што як і тады, першы тур галасаваньня пераможцу не назаве, спатрэбіцца другі тур выбараў праз тры тыдні.

Лідэрамі сацыёлягі называюць двух палітыкаў: прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнка і лідэра апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. Украінскі закон забараняе публікацыю перадвыбарчых рэйтынгаў кандыдатаў за 15 дзён да выбараў, таму апошнія зьвесткі сацапытаньняў вядомыя з канца сьнежня. Паводле іх тады Віктар Януковіч апярэджваў Юлію Цімашэнку на 10—15 працэнтаў. Аднак рэйтынгі ад розных кампаній розьніліся, што дало падставы гаварыць нават пра “рэйтынгавую вайну”.

У прыватнасьці Юлія Цімашэнка неаднаразова заяўляла, што такім рэйтынгам не давярае, лічыць іх ангажаванымі.

Кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў прызнае, што з лічбамі рэйтынгаў вядзецца складаная гульня, ён мяркуе, што ў Юліі Цімашэнкі шанцы на перамогу ёсьць:

“Мне падаецца, што шанцы нязначныя, але ёсьць, іх можна зьвязваць з тым, што пасьля першага тура можа зьмяніцца фармат барацьбы за выбарца”.

Спадар Дзергачоў мяркуе, што перад другім турам адбудзецца аб’яднаньне супраць Януковіча як прарасейскага палітыка.

“Хоць цяпер Януковіч і спрабуе пазыцыянаваць сябе як палітык, гатовы абараняць нацыянальныя інтарэсы, гэта ня вельмі пераконліва. А апрача таго супраць яго шмат настрояў як супраць чалавека малаадукаванага і з сумнеўнай біяграфіяй”.

Тым не меней спадар Дзергачоў прызнае, што сапраўды шмат выбаршчыкаў, зьнявераных у рэформах і рынку, спакусіліся на папулізм Януковіча. А Цімашэнка нясе адказнасьць за складаны сацыяльна-эканамічны стан ва ўмовах эканамічны крызісу.

Пасьля выбараў ва Ўкраіне магчымы складаны нестабільны працэс, мяркуе кіеўскі палітоляг Аляксандр Дзергачоў.

Аляксей Талкачоў, кіраўнік Грамадзкага камітэту нацыянальнай бясьпекі Украіны, адзін з заснавальнікаў руху “Пара”, што актыўна ўдзельнічаў у Аранжавай рэвалюцыі, расчараваны цяперашнімі выбарамі.

“На сёньня прынцыповай розьніцы паміж кандыдатамі няма. Усе кандыдаты зьяўляюцца тэхналягічнымі, усе яны напісалі праграмы, у якія самі яны не вераць. Ніхто з кандыдатаў не зьяўляецца носьбітам нейкай ідэі. Фактычна за кожным з кандыдатаў стаяць вялікія бізнэс-колы, якія зьбіраюцца выкарыстаць уладу для ўласнага ўзбагачэньня”.

Аляксей Талкачоў мяркуе, што многія ўкраінцы расчараваліся ў палітыках, але на выбары пойдуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG