Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Расея не прыходзяць да кампрамісу на нафтавых перамовах?


У беларуска-расейскім нафтавым канфлікце ўзьнікла пэўная паўза. Чаму Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся зь лістом да Дзьмітрыя Мядзьведзева? Ці заняла Беларусь больш жорсткую пазыцыю? На каго працуе час?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Тацьцяна Манёнак
Кірыл Коктыш
Валер Карбалевіч

Ліст Лукашэнкі да Мядзьведзева


Валер Карбалевіч: «Прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка накіраваў прэзыдэнту Расеі Мядзьведзеву ліст з выкладам беларускай пазыцыі ў нафтавым пытаньні. Чаму Менск зьвярнуўся да такога дзіўнаватага для ХХІ стагодзьдзя эпісталярнага жанру?»

Тацьцяна Манёнак: «Хоць былі дэклярацыі, што Беларусь і Расея пераходзяць у энэргетычных пытаньнях на рынкавыя адносіны, насамрэч гэтыя пытаньні дасюль вырашаліся ў палітычным рэчышчы. Цяпер РФ спрабуе прымусіць Беларусь перайсьці на адносна рынкавыя ўмовы пры пастаўках нафты. Цягам апошніх трох гадоў бакі працавалі ў пераходных умовах. Прапанаваныя цяпер Расеяй рынкавыя ўмовы значна пагаршаюць сытуацыю, кошт пытаньня для Менску вельмі высокі.

На паседжаньні вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы 10 сьнежня мінулага году гэтае нафтавае пытаньне было цэнтральным. Як можна зразумець, на нейкім дэкляратыўным узроўні была дадзеная згода на тое, каб прыняць прапановы беларускага боку. Менск прасіў бязмытных паставак нафты цягам першых двух месяцаў 2010 году, а потым прапанаваў перайсьці да міжбюджэтнага пераразьмеркаваньня мыта ў рамках Мытнага саюзу. Але гэтае пытаньне знаходзіцца пад асабістым кантролем прэм’ера РФ Пуціна. І Лукашэнка, магчыма, імкнецца выкарыстаць апошні палітычны рычаг. Адсюль і гэты ліст».

Карбалевіч: «Але чаму ліст? Можна было б патэлефанаваць. Альбо паляцець у Маскву, калі пытаньне такое важнае. Магчыма, справа ў тым, як кажа сп-ня Манёнак, нібыта Мядзьведзеў падчас беларуска-расейскага саміту абяцаў пайсьці насустрач Беларусі. І вось цяпер Менск хоча, каб той свае абяцаньні зафіксаваў у зваротным лісьце Мядзьведзева на адрас Лукашэнкі».

Кірыл Коктыш: «Нічога дзіўнага ў ліставаньні няма. Гэты звычайная дыпляматычная практыка. Калі няма ўпэўненасьці, што асабістая сустрэча можа прывесьці да пэўнага выніку, але камунікацыя патрэбная, тады абіраецца нейкі паліятыўны шлях, які дазваляе абодвум бакам захаваць твар. Нават калі адказ Мядзьведзева будзе адмоўны, то эфэкт будзе іншы, чым безвыніковая сустрэча прэзыдэнтаў. І па-другое, сапраўды, ліст дазваляе неяк зафіксаваць пазыцыі, у адрозьненьне ад вусных дамоўленасьцяў».

Ці заняла Беларусь больш жорсткую пазыцыю?


Карбалевіч: «Паводле інфармацыі з расейскіх урадавых крыніц, пазыцыі бакоў моцна зблізіліся. Нібыта Менск пайшоў на прынцыповую саступку. Цяпер Беларусь ужо зьмірылася, што асноўная частка нафты будзе ісьці з 100% мыта. Дыскусіі ідуць толькі наконт пытаньня, які аб’ём нафты Расея будзе пастаўляць бяз мыта для ўнутраных гаспадарчых патрэбаў Беларусі. Масква, нібыта, прапануе 6,3 млн. т, а Менск — 8-9 млн. т. Калі так, то, здаецца, бакі блізкія да кампрамісу.

Гэтая інфармацыя зьявілася ў панядзелак. І толькі сёньня, у пятніцу, прэсавая служба беларускага ўраду абвергла гэтую інфармацыю. Складаецца ўражаньне, што пасьля некалькіх дзён роздуму Беларусь адступіла назад і заняла больш жорсткую пазыцыю. Ці так гэта?»

Манёнак: «Няма адзінства наконт гэтага пытаньня ў беларускім кіраўніцтве. Сёньняшні нафтавы канфлікт — не люстраны адбітак канфлікту трохгадовай даўніны. Цяпер РФ добра падрыхтавалася да канфлікту. Напярэдадні ўступіў у дзеяньне новы нафтаправод „Усходняя Сыбір — Ціхі Акіян“. Гэтае дае магчымасьць расейскім нафтавым кампаніям, завязаным на беларускія НПЗ, манэўраваць.

Сытуацыя крытычная для Беларусі. Тыя запасы нафты, якія Беларусь аплаціла авансам напрыканцы 2009 году, хутка скончацца.
Сытуацыя крытычная для Беларусі. Тыя запасы нафты, якія Беларусь аплаціла авансам напрыканцы 2009 году, хутка скончацца. Хоць прадстаўнікі нашых НПЗ і кажуць, што заводы працуюць у штатным рэжыме, насамрэч сытуацыя дрэнная. Мазырскі НПЗ перапрацоўвае толькі 18 тысяч тонаў нафты ў суткі замест звычайных 30 тыс. Было папярэджаньне ад расейскай кампаніі „Транснафта“, што новых кантрактаў няма. Іх трэба заключаць на новых умовах, а яны яшчэ невядомыя. У беларускіх кіроўных колах абмяркоўвалася пытаньне пра падвышэньне кошту транзыту нафты ў 10 разоў. Хто каго дацісьне?»

Коктыш: «Паводле маёй інфармацыі, самы горшы варыянт вырашэньня нафтавага канфлікту для Беларусі будзе азначаць страту 1,3 мільярдаў даляраў. А самы лепшы варыянт — прыбытак у 6 мільярдаў даляраў.

Абодва бакі чакаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Калі ў іх выніку ўскладніцца расейскі газавы транзыт праз Украіну, то Беларусь мае шанцы выйграць усё, чаго яна жадае. Бо ніколі ў гісторыі РФ не магла знаходзіцца ў стане энэргетычнай канфрантацыі адначасова і з Украінай, і зь Беларусьсю. Гэта адзіны шанец для Беларусі.

Пытаньне прыватызацыі беларускіх НПЗ


Коктыш: «Калі падпісвалася дамова аб Мытным саюзе, ішлі размовы, што ўся нафта можа пастаўляцца бяз мыта. Але з умовай, што расейскія нафтавыя кампаніі будуць дапушчаныя да прыватызацыі беларускіх НПЗ. Але гэтае пытаньне ня вырашанае».

Манёнак: «Паводле неафіцыйнай інфармацыі, перамовы працягваюцца. Наконт прыватызацыі. Напрыканцы мінулага году віце-прэм’ер Беларусі Сямашка абяцаў, што хутка наваполацкі НПЗ „Нафтан“ будзе прыватызаваны. 30 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка заявіў, што „Нафтан“ будзе прыватызавацца ў зьвязцы з заводам „Палімір“. Але расейскія кампаніі такімі ўмовамі незадаволеныя. Таму праблема не вырашаецца.

Дзьве расейскія кампаніі, якія валодаюць 45% акцый Мазырскага НПЗ. І яны таксама прэтэндуюць на кантрольны пакет гэтага заводу. Гэтыя дзьве кампаніі пастаўляюць каля 60% нафты на НПЗ. Яны могуць заявіць, што ня будзем пастаўляць нафту. Праўда, НПЗ можа закупіць нафту самастойна, але па якім кошце?»

Карбалевіч: «Вось сп. Манёнак казала, што ў беларускіх кіроўных колах абмяркоўвалася пытаньне пра падвышэньне кошту транзыту нафты ў 10 разоў. Ці можа Менск пайсьці на абвастрэньне канфлікту, умоўна кажучы, паставіўшы на вушы Эўропу? У такім выпадку, здаецца, Расея прайграе больш, чым Беларусь?»

Коктыш: «У такім выпадку трэба добра разьлічыць рызыку. Адзіны шанец на посьпех гэтая рызыка можа мець пры ўзьнікненьні расейска-ўкраінскай газавай канфрантацыі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG