Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 16 – 17 студзеня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.




МАРОЗНА, БЕЗ ІСТОТНЫХ АПАДКАЎ...


Уначы -9 – -16, пры праясьненьнях да -22, удзень -7 – -12.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


16 студзеня – Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых.

Канцэрт “Let’s Rock” у менскім клюбе “Чэлсі” (16 студзеня, вул. Няміга, 36). Выступяць гурты “Мутнае вока”, “ZigZag”, “Blagi mat!!!”, “InVino”, “Hарвэгія”.

Канцэрт духоўнай музыкі ў менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі (плошча Свабоды, 17 студзеня, 14.30).

Вялікая мэгабойка сьнежкамі ў менскім парку Янкі Купалы (17 студзеня, 13.00). Арганізатары будуць убраныя ў касьцюмы зайцаў і на месцы патлумачаць правілы забавы.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


17 студзеня – прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 18 кандыдатаў. Найбольшыя шанцы на перамогу маюць лідэр апазыцыі, былы прэм’ер, кіраўнік Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч і дзейны прэм’ер-міністар, лідэрка блёку свайго імя Юлія Цімашэнка.

17 студзеня – другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Чылі. Барацьбу за найвышэйшую пасаду ў краіне вядуць кандыдат ад правай партыі “Нацыянальнае абнаўленьне”, прадпрымальнік Сэбаст’ян Піньера і кандыдат ад кіроўчага лева-цэнтрысцкага “Аб’яднаньня партыяў за дэмакратыю” Эдуарда Фрэй.

17 студзеня – візыт папы рымскага Бэнэдыкта XVI у Галоўную рымскую сынагогу.

17 студзеня – цырымонія ўручэньня ў Лос-Анджэлесе 67-й штогадовай кінапрэміі “Залаты Глёбус”.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


16 студзеня – Усясьветны дзень “Бітлз”. Адзначаецца з 2001 году на рашэньне ЮНЭСКО.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


16 студзеня 1919 году, праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР, тэрыторыя савецкай Беларусі была радыкальна зьменшаная на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. У склад РСФСР былі забраныя Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні.

16 студзеня ў розныя гады нарадзіліся два кіраўнікі антырасейскіх паўстаньняў на беларускіх землях у XIX стагодзьдзі. Генрык Дэмбінскі ў 1831 годзе кіраваў няўдалай спробаю адбіць у расейцаў Вільню і скончыў жыцьцё ў эміграцыі. А Рамуальд Траўгут змагаўся з расейскімі войскамі ў 1863 годзе, быў схоплены і павешаны. У мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне яму пастаўлены помнік.

16 студзеня 1920 году ў Амэрыцы набыла моц 18-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая забараніла вытворчасьць, перавоз і продаж сьпіртовых напояў. Так у Злучаных Штатах пачаўся славуты Сухі закон.

17 студзеня 1732 году прыйшоў на сьвет апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

17 студзеня 1899 году нарадзіўся Альфонс Капонэ, або Аль Капонэ – рэдкі прыклад таго, як гістарычнай асобаю можа стаць ня толькі мастак або палітык, але і гангстэр з гораду Чыкага. Аль Капонэ, сын беднага цырульніка, быў сымбалем беззаконнасьці ў часе Сухога закону ў Амэрыцы.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “У Парыжы п’юць падсьвільскае віно”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Нас падзялілі... Хто? – Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К чорту граніцы!
Нашы тут гоні, бары!

Якуб Колас
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG