Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У гэтых вершасказах — увесь народ”


15 студзеня ўвечары ў Літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску адначасова адбылося дзьве імпрэзы: прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна «Навошта» і адкрыцьцё фотавыставы Джона Кунстадтэра. Такое супадзеньне невыпадковае — новую кнігу народнага паэта Беларусі аздабляюць творы амэрыканскага фотамастака.

Жанр новай кнігі сам паэт назваў вершасказамі. Гэтыя творы і сапраўды складзеныя з аднаго сказу. Першым чытачам яны прыйшліся даспадобы. Гаворыць паэтка Людміла Хейдарава:

«У гэтых вершасказах Барадулін запрашае чытача да сутворчасьці. І нават адзін радок, кожны з гэтых вершасказаў быў бы геніяльным, і зрабіў бы любы твор геніяльным. Няхай гэта была б проза, няхай гэта быў бы верш. Але тая вышыня мудрасьці, тая вышыня афарыстычнасьці, тая вышыня мастацкасьці і сьветаўспрыманьня — гэта увесь народ у кожным радку».

«У ісьціны скептычная ўсьмешка».

«Хвароба любіць здароўе».

«Зямлю пастом ня зьдзівіш».

«Трызьніць днём безабаронная ноч».

Алесь Камоцкі
Джон Кунстадтэр
Падобныя пэрліны былі парассыпаныя па нататніках паэта, аж пакуль іх не пачуў бард і сябра Алесь Камоцкі. Ён і стаў рэдактарам кнігі вершасказаў Барадуліна. Адкрываючы імпрэзу спадар Камоцкі зазначыў:

«Некаторы час зьбіраліся гэтыя фразы. Іх было больш, чым увайшло ў кнігу. Некаторыя мы так раўнялі супольна з аўтарам, пасьля чаго што атрымалася, тое атрымалася. І вельмі ўдала атрымалася тое, што Джон Кунстадтэр згадзіўся даць свае фоткі. Ён улюбёны ў Беларусь, а мы ужо колькі гадоў улюбёныя ў яго фота».

У кнігу ўвайшло 102 творы былога амэрыканскага дыплямата, які пасьля працы тут у 2000-2001 гадох зьехаў зь Беларусі, але ня змог забыцца на яе. Ён здымае народную культуру Беларусі і яе носьбітаў. У сваім архіве мае больш за 25 тысячаў фотаздымкаў. І усе яны зьнятыя на чорна-белую стужку старымі фотаапаратамі. Спадар Кунстадтэр так тлумачыць свой творчы мэтад:

«Хачу, каб глядач глядзеў глыбей. Хачу адлюстраваць рысы годнасьці чалавека. А фарбавыя стужкі даюць цалкам іншую ідэю, фарбавымі стужкамі няма глыбіні».

Першыя гледачы выставы Джона Кунстадтэра.

Прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна і адкрыцьцё фотавыставы Джона Кунстадтэра, якая, дарэчы, будзе экспанавацца ў музэі Янкі Купалы цягам трох тыдняў, суправаджаў гурт этнічнай музыкі «Дзівасіл». Але сьвята было няпоўным — па стане здароўя ня змог на ім быць Рыгор Барадулін.


У літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску 15 студзеня адбылася прэзэнтацыя кнігі «здумак» Рыгора Барадуліна «Навошта» і фотавыставы былога амэрыканскага дыплямата Джона Кунстадтэра, чые здымкі аздабляюць вершасказы народнага паэта Беларусі. Да выданьня кнігі спрычыніўся бард Алесь Камоцкі і кампанія «Будзьма».

«Радзіма там, дзе начуе душа», — адно з выказваньняў Рыгора Барадуліна з кнігі «Навошта». Частка душы Джона Кунстадтэра — намесьніка амэрыканскага амбасадара ў Беларусі у пачатку 2000-х гадоў, мяркуючы па гэтай выставе, ня толькі ў Чыкага, дзе ён стала жыве па выхадзе на пэнсію, але і на беларускім Палесьсі, якое наведаў пад уражаньнем твораў Уладзімера Караткевіча. «Я закахаўся ў вашу краіну», — прызнаўся Джон Кунстадтэр на прэзэнтацыі кнігі «Навошта». Ці цяжка яму было здымаць ў Беларусі, для якой ён быў, паводле самога фотамайстра, як" іншаплянэцянін«?

Аўтар вершасказаў Рыгор Барадулін паводле стану здароўя ня змог удзельнічаць ў прэзэнтацыі і кнігу «Навошта» за абодвух яе творцаў падпісваў Джон Кунстадтэр. Але Рыгор Барадулін быў з прысутнымі у іх прамовах, ў кнізе, прычым ня толькі як аўтар радкоў. «Незабытыя не старэюць» — пра каго гэта сказаў народны паэт? У кнізе болей за 50 партрэтаў беларусаў, сярод якіх і сам Рыгор Барадулін.
XS
SM
MD
LG