Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае пазбавіць Беларусь бязмытнай нафты


Расея папярэдзіла Беларусь аб магчымасьці пазбаўленьня квот на бязмытную пастаўку нафты ў выпадку павелічэньня кошту транзыту.

Як падае БелаПАН, адпаведны ліст віцэ-прэм`ер РФ Ігар Сечын накіраваў у Савет міністраў Беларусі.

У лісьце ўказана на неабходнасьць абавязковага ўзгадненьня з расейскім бокам мэханізму тарыфнага рэгуляваньня пры транспартаваньні нафты па сыстэме беларускіх магістральных нафтаправодаў. Пры гэтым у дакумэнце падкрэсьліваецца, што рашэньне Расіі аб бязмытных пастаўках у Беларусь у 2010 годзе 6,3 млн. тон нафты зьяўляецца "жэстам добрай волі", і, калі такія ўмовы беларускі бок не задавальняюць, Расея гатова перайсьці на рыначныя ўмовы паставак.

Паводле БелаПАН, у канцэрне "Белнафтахім" інфармацыю аб лісьце пракамэнтаваць не змаглі. Не пацьвердзіў гэтыя зьвесткі і прэс-сакратар прэм`ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка. "Празь мяне такі ліст не праходзіў", — сказаў ён.
XS
SM
MD
LG