Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Колас — заснавальнік і нязьменны кіраўнік гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які ад 2003 году дзейнічае ў нелегальных умовах.

— Што для вас свабода?

Самы неабходны і самы дарагі прывілей у жыцьці. Ягоны кошт знаходзіцца ў адваротна прапарцыянальнай залежнасьці ад узроўню цывілізаванасьці як асобы, так і грамадзтва. Напрыклад, пры дыктатуры гэтым коштам можа быць само жыцьцё. Але прымітыўная, неадукаваная ці амаральная асоба можа спакойна існаваць без свабоды нават у самым вольным грамадзтве.


— Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

У большай ступені — лад, які ўсталяваўся ў Беларусі і які не дае магчымасьці праводзіць зьмены і вырашаць праблемы цывілізаваным, дэмакратычным шляхам: празь незаангажаваныя мэдыі і сумленныя выбары.


— Што для вас шчасьце?

Рабіць шчасьлівымі тых, хто побач са мной.


— Чаго вы найбольш баіцеся?

Ня выканаць тое, што заплянаваў.


— Які талент вы хацелі б мець?

Усе, якія толькі магчыма.


— Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Не хачу мець куміра. Але захапляюся перадусім ліцэйскімі выкладчыкамі, большасьцю цяперашніх і былых вучняў, іхнімі бацькамі. Лічу вартымі захапленьня сяброў Рады беларускай інтэлігенцыі і Рады Белсата. Усе гэтыя людзі — сапраўдныя Героі нашага часу.


— Што вы найбольш любіце рабіць?

Чытаць добрыя кнігі.


— Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Ёсьць такія моманты. Але гэта — вельмі асабістае.


— Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ніколі не губляць галавы. Атрымліваецца не заўсёды.


— Які ваш улюбёны дэвіз?

Рабі, як лічыш правільным і справядлівым, і хай будзе, што будзе.


— У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У цывілізаванай парлямэнцкай рэспубліцы.


— У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Роўна 100 год таму. Але і цяпер цікава.


— Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Сфарміраваў бы выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў з прынцыповых і сумленных людзей.


— Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Беларусь павінна быць у Эўразьвязе.


— Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Цывілізаваныя, раўнапраўныя, сумленныя.


— Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Хай дыктатура, абы ня ў нас.


— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі гвалт над эканамічнымі законамі, які адбываецца ў Беларусі, прывядзе да лягічных вынікаў. Да выбуху ня дойдзе. Месца вызваліцца безь вялікіх ператрусаў.


— Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі па-беларуску загаворыць кіраўніцтва краіны.


— Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Будзе працягвацца тое, што мы пакуль маем.
XS
SM
MD
LG