Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павялічыў колькасьць спэцслужбаў, якім дазволена сачыць за грамадзянамі


Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які павялічыў колькасьць спэцслужбаў, што маюць права весьці апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, у тым ліку адсочваць перапіску грамадзянаў праз інтэрнэт.

Закон зь непрыкметнай назвай «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўзмацненьня барацьбы са злачыннасьцю» Аляксандар Лукашэнка падпісаў 4 студзеня. Днямі гэты закон уключаны ў Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь пад нумарам 107-3 і выстаўлены ў інтэрнэт. Гэта азначае, што ён пачаў дзейнічаць. Каб пераканацца, што гэты закон сапраўды павялічыў колькасьць беларускіх спэцслужбаў, трэба знайсьці ў Рэестры другі закон — «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці», прыняты яшчэ ў 1999 годзе. З таго часу ў яго чатыры разы ўносілі праўкі, у тым ліку апошні раз — у 2008 годзе. Новая праўка ў 7-ы артыкул гэтага закону дадае да спэцслужбаў, якім дазволена апэратыўна-вышуковая дзейнасьць, нейкі «Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь». Што гэта за структура?

Падпалкоўнік Валер Костка, які ў 1990-х служыў у вайсковай контравыведцы, кажа, што раней такой структуры не было:

Валер Костка
«Да мяне даходзілі зьвесткі, што гэты Цэнтар у асноўным падпарадкоўваецца памочніку прэзыдэнта Віктару Лукашэнку. Мяркую, ён створаны дзеля збору агульнай інфармацыі, аналізу думак, настрояў. Мяркую, усе гэтыя апошнія зьмены ў сыстэме бясьпекі трэба разглядаць праз прызму будучых выбараў прэзыдэнта. Фактычна дадзены старт гэтай кампаніі».

Паводле ранейшых зьменаў у закон «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» спэцслужбам надаваліся паўнамоцтвы зьбіраць зьвесткі пра грамадзянаў і праз інтэрнэт. Такім чынам, праўкі, якія ўнёс цяпер Аляксандар Лукашэнка, даюць магчымасьць і апэратыўна-аналітычнаму цэнтру пры ім шырэй дзейнічаць у сеціве. Незалежныя назіральнікі ў Беларусі ўжо загаварылі пра тое, што новая спэцслужба будзе кантраляваць інтэрнэт-ліставаньне грамадзянаў краіны, сачыць за тым, якія сайты яны наведваюць, і нават узьдзейнічаць на ход дыскусій на інтэрнэт-форумах.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец занепакоены тым, што свабода ў беларускім інтэрнэце імкліва скарачаецца.

Андрэй Бастунец
«Складаецца уражаньне, што ў форумах пачалі браць удзел людзі, перад якімі стаяць мэты паставіць пад сумнеў дэмакратычныя каштоўнасьці, скампрамэтаваць дэмакратычных лідэраў. Нават у дзейнасьці БАЖ мы гэта адчуваем. Пад нашымі матэрыяламі часам пакідаюць камэнтары людзі, якія не маглі атрымаць нейкую спэцыфічную інфармацыю нідзе, акрамя як у спэцслужбах. Прыкладам, яны распаўсюджвалі нейкія асабістыя зьвесткі, каб пакрыўдзіць, зьняважыць чалавека. У апошні год гэта здараецца значна часьцей. Дарэчы, пра гэта ж кажуць і нашы калегі ў Расеі — там тое самае назіраецца на сур’ёзных форумах».

У КДБ Беларусі мне не ўдалося атрымаць камэнтар да зьвестак пра тое, што пэўныя супрацоўнікі гэтай арганізацыі ў службовых мэтах працуюць на інтэрнэт-форумах. Тэлефон прэсавай службы КДБ другі дзень не адказвае. Калі я задаў пытаньне кіраўніку прэсавай службы Генэральнай пракуратуры, ці вядома ў пракуратуры пра такіх супрацоўнікаў і ці законная іх дзейнасьць, спадар Пётар Кавалёў адказаў:

«Не, мне пра гэта нічога не вядома. А паколькі не вядома, то і камэнтаваць няма чаго».
XS
SM
MD
LG