Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенны дзёньнік: нататкі з малочнага фронту



Панядзелак. Ня дай Божа, пачынаць вайну ў панядзелак, нават малочную, бо гэта вайна нэрваў, а калі мы іх разбазарым, нас голымі рукамі возьмуць. Дык вось: даставілі нас зь цёплых памяшканьняў, з асьветленага ліхтарамі сьвяточнага гораду на перадавую ў сьнег і мароз. Мы думалі дуба дамо за родную квітнеючую Беларусь са зброяй у руках, не марнуючы часу, бо ў вёсцы нас не захацелі разьмясьціць, а павезьлі напрасткі да лесу. Ня дай Божа, капаць у такі час у сумётах магілу, а салдацкія схованкі, зямлянкі — пагатоў. Але стратэгі падбалі: усё было падрыхтавана загадзя, нехта з нашых чуў, што бралі зноўку партызанаў з запасу, калі першая малочная вайна здарылася ўлетку, каб не забываліся трымаць порах сухім, можа яны выкапалі, а мо хто іншы, якая розьніца?

Аўторак. Чуюся нейк крыху лепей. Учора быў суцэльны стрэс перад няведам’ем. Па-першае, незразумелая да канца мэта вайны, галоўнае — сэнс пад пытаньнем. Хаця салдат не павінен разважаць, але ў яго таксама галава ёсьць. Па скрынцы ўвесь час паўтараюць: русакі — нашыя сябры задушэўныя, нашыя браты да труны, і што мы зь імі з аднаго мяса зробленыя, з аднолькавага цеста, з аднаго гатунку гліны зьлеплены, што яны павінны дбаць пра малодшага брата, любіць яго, люляць, але ж якія яны подлыя, ня стрымліваецца далей скрынка, горшыя за татарына, за адкрытага ворага, бо як сказаў яшчэ ці Ільліч, ці Аляксандар Неўскі — Божа, пазбаў мяне ад сяброў-прыяцеляў, а ўжо з ворагамі я сам дам рады, не прызвычайвацца.

Серада. Лес прыгожы, яліны засыпаныя сьнегам, выгляд навагодні, калядны, але нам не да сьвятаў, на кожнай яліне можа снайпэр хавацца. Глядзіш на сьнежны лес, і ў галаве чамусь фінская вайна, на яе калісь майго прадзеда забрылі, казалі: да канца жыцьця баяўся словам яе ўзгадаць, так і не даведаліся сваякі — якіх жахаў ён там набачыўся. Наш настаўнік гісторыі нам раскрыў сакрэт: у фінскім лесе палітрукі прымацоўвалі да соснаў партрэт Сталіна, каб ніхто з байцоў ня мог уцячы і пакінуць правадыра ў фінскім палоне. Настаўніку гэтаму потым наклеілі ярлык бээнэфаўца і не працягнулі кантракт. Так што й нам тут сядзець поседам да пераможнага канца, з партрэтамі ці без, палітрук, тфу, афіцэр-выхавацель нас на гэта нацэльвае — без перамогі не вяртацца ў горад.

Чацьвер. З пайкай пачаліся мэтамарфозы, звычайныя салдацкія прадукты сталі гвалтоўна замяняць малочнымі. Замест простай салдацкай крупені з груцай раптам даюць малочны суп, бы ў піянэрлягеры. Ранішняя каша зьнікла, еш тварог з кефірам, на вячэру — “манна нябесная”, як кажа наш палявы капэлян бацюшка. Яго таксама мучаюць біяёгуртамі, але мы падазраем, што ён не здаецца і мае сала шмат, і пханую каўбаску, і старадароскую мясцовага вырабу… Мы чакаем у думках клясычныя нядзельныя салдацкія два яйкі звараныя, але пагалоска абяцае замест іх ці брынзу ці сырныя катлеты. Чаю ня бачым ад першага дня, толькі малако.

Дзівосы: як мы зможам дапамагчы радзіме спажыць усе малочныя прадукты, ад якіх гэтак каварна адмаўляюцца нашыя сябры русакі? Тым больш сярод нас у некаторых праглядаецца малочны сындром, наракаюць, што малако прызначана прыродай немаўлятам, што ня ўсе дарослыя маюць “жалезны” страўнік, каб яго ператравіць, што ў іх бягунка пачалася, што яны лепей будуць галадаць, чымсьці пад прымусам пад’ядаць усё малочнае. Мы пасьмейваемся: наслухаліся варожых галасоў крамлёўскіх, што ў малацэ нашым родным антыбіётыкі, радыяцыя ды іншая трасца. А што ў іхнім — ніхто яшчэ ня ведае, не глядзеў. Можа халера якая, язва сібірская?!

Старшына стаў называць нашых адмоўшчыкаў ад малака панікёрамі, іх выклікалі ў зямлянку, якую ўсе называюць СМЕРШам, кажуць, гэтую службу аднавілі на час вайны. Крыху дрыжыкі. Кіно пра СМЕРШ усе глядзелі, яго русакі рабілі ў нашым старажытным горадзе Гартэн. Кажуць адно шэптам, што цяпер у іх там да паслуг кліентаў не яжовыя рукавіцы, а толькі пальчаткі.

Пятніца. Мне ўжо самому робіцца брыдка ад малочных прадуктаў, няважна, ці сапраўды яны з антыбіётыкамі, ці гэта брахня, варожая прапаганда. Спрабавалі з хлопцамі мяняць у вёсцы малако, тварог на сала, нас пагналі, ледзь сабак не нацкавалі. Вёску таксама можна зразумець, іх саміх прымушаюць малако тры разы на дзень спажываць, якое дастаўляюць з гарадзкіх сьценаў, самі яны ад кароў даўно адмовіліся. Малако-малако, трасца на яго! Вось так: спачатку шукалі гранатамётчыкаў ваенкаматы, мы думалі — сырамі страляць у бок русакоў, каб прымусіць жэрці наш прадукт малочны, а на месцы аказалася, што ня так патрэбныя былі тыя гранатамётчыкі, як раты для тварагу і кефіру.

Мы марым пра тэлесюжэты, дзе францускія ці нейкія іншыя фэрмэры на знак пратэсту зьліваюць з аўтацыстэрнаў малако ў рыштокі. Узгадваюцца таксама ўрокі гісторыі, як праклятыя буржуі вылівалі ў раку малако дзесь у Чыкага, каб не дапусьціць падзеньня цэнаў. Можа і нашыя хоць разок зрабілі б, каб ня мучаць нас і не злаваць русакоў? Альбо няхай дадуць каровам адпачынак… Жарты, канечне, як карову не падаіць, яна з глузду зьехаць можа. Атрымліваецца, нашая родная Беларусь вылузваецца, вымя падстаўляе, прагне, каб яе падаілі русакі, а яны рукі ў кішэні хаваюць дэманстрацыйна? А яшчэ сваякі да магільнай дошкі! Тамбоўскі воўк табе таварыш, як той казаў.

Субота. Ваенкаматы шукалі, аказваецца, ня толькі гранатамётчыкаў, шукалі таксама (пра гэта паведамілі варожыя крамлёўскія галасы) вельмі рэдкіх сёньня салдат, асабліва афіцэраў былых трубаправодных войскаў, якія існавалі ў Савецкай арміі. Што гэта можа азначаць – ні для каго не сакрэт: перакрыем русакам вэнтыль. Вось так усю дарогу: то яны нам перакрываюць, то мы ім, вось такая дружба-вайна, прычым, заўтра яна пагражае ператварыцца ў малочна-нафтавую, гучыць прыкольна даволі.
Хаця пісаў калісьці ў мэмуарах пісьменьнік Цвэйг Стэфан пра піўную вайну, якая здарылася пасьля Першай сусьветнай. Спачатку нямецкая марка была стабільнай, а крона аўстрыйская — дрэннай. Баварцы прыбывалі цэлымі цягнікамі, каб нажлукціцца аўстрыйскага піва, якое было ў пяць-у дзесяць разоў таньнейшым. На вакзале чыгуначным панавала вакханалія, аўстрыйская паліцыя не магла сабе парадзіць. Пазьней становішча зьмянілася, і ўжо аўстрыйцы выпраўляліся ў Нямеччыну, каб танна напіцца піва. Так што нашая вайна, хоць і адметная, але не зусім фантастычная, хаця вельмі дзіўная.

Нядзеля. Нашая разьведгрупа хадзіла за калючы дрот па языка, прыцягнулі хлопцы аднаго іхняга, а ён зь беларускім прозьвішчам і нават гаворыць на трасянцы, гэта нават і лепей, адразу агульную мову знайшлі. Накармілі-напаілі яго нашым малачком-тваражком, ён кажа: хлопцы, яны падурэлі на нафце, масла купляюць толькі новазэляндзкае (блізкі сьвет!), ці аўстралійскае, сыр аргентынскі, здаецца, галяндзкі для іх зрабіўся накшталт свайго сызранскага, карацей запанелі, вашага яны есьці ня будуць, хоць на танкі сядайце! Нашыя айцы-камандзіры нават зажурыліся-засумавалі. А мы яшчэ больш адчуваць пачалі скурай, што русакі ня сёньня-заўтра адмовяцца таксама ад нашых выдатных, буйных, карысных, спажыўных яек! Варыць іх і шпурляць з гранатамётаў?! Жарыце, браты старэйшыя, на здароўе!

У выходны ёсьць час паразважаць яшчэ раз: калі далей ня ўдасца перамагчы нашых братоў, у нас у жылах замест крыві будзе малако, дальбог. Чулі, што нашыя парлямэнцёры зь белым сьцягам хадзілі сустракацца зь іхнімі ў нэўтральнай зоне, але быццам бы дамовіцца не атрымалася. Жарыце, хлопцы, малако, працягвайце, перамовы — справа тонкая, пад Сталінградам таксама адразу з капітуляцыяй не атрымалася! Мы пачалі марыць пра каўбасную вайну, пра цукерачную, пра гарэлачную нават, бо пра яе таксама прагучалі намёкі па варожых галасах з Кітай-гораду. Праўда, надзеі на гарэлку больш у афіцэраў, але вось на фронце калісьці па сто грамаў наркамаўскіх усім давалі, не зважаючы на званьне.

Нас умацоўваюць маральна, круцяць “Тры танкісты і сабака”, “Шцірліц”, “У жніўні 44-га”, “Чапай” і “Пацёмкін Браняносец”. Прыяжджалі агітатары зь “Белай Русі”, гаварылі — уступаць трэба, паколькі мы перадавікі патрыятычнага фронту. Прывозілі выступ сьпявачкі Паліны, выконвала патрыятычныя песьні, але я ня чуў, быў у нарадзе, высочваў русакоў-снайпэраў, міжволі ўяўляўся прадзед мой у глыбозных фінскіх сумётах, божачкі мае, дакладна семдзесят год таму! Гісторыя паўтараецца, хлопцы, гэта дакладна, на сваёй шкуры ведаю.

Ноч зь нядзелі на панядзелак. Штосьці заварваецца незразумелае, партызанская каша якаясьці бярозавая. Нампаліт зьмяніў кружэлку, навучае, што русакі — ніякія нам не сябры-таварышы, што яны вечна прагнулі нашай крыві, нашай зямлі і багацьця, што сапраўднае нашае сьвята — гадавіна бітвы пад Оршай, а ня Дзень чырвонаармейца. Дагаварыўся, што ў Крамлі некалі сядзелі мы, беларусы, кіравалі маскалямі, а палякі толькі памагалі, а жмудзінамі ляснымі нават ня пахла, і што Сусанін быў сволаччу, ніякім не героем… Толькі штосьці мне ня верыцца: той, хто прымусіў цябе аднойчы душыцца малаком, можа замяніць яго бульбай або, хай, нават цукрам. Але хочацца, вой як хочацца, звычайнага мэню, як у нармальных людзей, у эўрапейскіх, якія свае піўныя войны пакінулі пад вокладкамі падручнікаў. Шкада толькі, што адным заўжды вайна, а іншым яна — матка родная. Адно грэе, што ўсіх удзельнікаў малочнай кампаніі чакаюць новыя мэдалі, паасобных нават — спэцордэн. Ніхто іх на свае вочы ня бачыў, але нібыта ніякіх бутэлек з малаком і картонікаў зь ёгуртам там няма, штось больш па-вайсковаму гераічнае — лаўравыя вянкі, скрыжаваныя мячы, чырвонаармейская зорка.

Зьявіліся чуткі, што неўзабаве пераходзім да актыўных дзеяньняў, пачынаем наступ на русакоў, паедзем на танках карміць іх гвалтам, не пакінем ім шляхоў да адступленьня. Хутчэй бы дзень перамогі і дэмбель… Абы толькі без малака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG