Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абклалі мытам з усіх бакоў


Фэдэральная мытная служба Расеі распарадзілася спаганяць 100% экспартнага мыта пры пастаўках у Беларусь ня толькі нафты, але і нафтапрадуктаў. Што гэта азначае для Беларусі?

Такія стаўкі мыта расейскі бок прымяняе ад 1 студзеня 2010 году. А вызначаныя яны згодна з пастановай расейскага ўраду ад 25 сьнежня 2009 году № 1091. Пра гэта гаворыцца ў тэлефанаграме ФМС Расеі, якая трапіла ў мэдыі. У прэсавай службе Фэдэральнай мытнай службы Расеі гэтую інфармацыю не камэнтуюць. Прадстаўнік ФМС Расеі Ўладзімер Зубкоў сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

«Я ў курсе гэтай праблемы. Мы не камэнтуем наагул гэта. Вы ведаеце, што яшчэ ідуць перамовы на гэты конт. Наагул, у нас няма камэнтароў, гэта ўзровень ураду».

Карэспандэнт: «А насамрэч адбываецца спагнаньне такога мыта?»

Зубкоў: «Гэта не прынцыпова важна — на самой гэта справе ці не. Бо мы органы выканаўчай улады. Нават, магчыма, калі і ёсьць гэтая тэлефанаграма, але яна прынята ня намі. Таму мы не абавязаныя вам пацьвярджаць ці не, што такая тэлефанаграма ёсьць. Мы камэнтаваць ня будзем».

Гэтая тэлефанаграма зьявілася пасьля таго, як у нафтавыя перамовы ўмяшаўся кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ён накіраваў ліст прэзыдэнту Расеі, нагадаўшы пра дамоўленасьць зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым падчас сустрэчы 10 сьнежня мінулага года. Згодна зь ёй цягам двух-трох месяцаў гэтага году нафта ў Беларусь будзе пастаўляцца бязмытна, а цягам гэтага часу бакі ўзгодняць умовы пастаўкі. Аднак потым Расея, маўляў, адмовілася ад гэтага і выставіла Беларусі непрымальныя ўмовы.

Як паведаміў «Свабодзе» адзін з расейскіх дыпляматаў, пакуль Дзьмітрый Мядзьведзеў не адказаў на гэты ліст. А пазыцыя расейскага боку па нафтавых перамовах не памянялася.

«Наша пазыцыя ясная. Мы хочам пачуць лічбу, колькі трэба для ўнутранага спажываньня. І Расея гатовая пастаўляць для ўнутранага спажываньня па ўнутрырасейскіх цэнах. Усё астатняе, што потым перапрацоўваецца і экспартуецца, — са стопрацэнтным мытам».

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, за апошнія гады павялічыліся пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь — за мінулы год іх аб’ём склаў каля трох мільёнаў тон. Але ж у нас ёсьць свае заводы, якія вырабляюць нафтапрадукты?

Леанід Злотнікаў
«Мы ж зацікаўленыя ў тым, каб больш нафты адправіць за мяжу. Мы можам спажываць нафтапрадукты, якія нам абыдуцца таньней, чым тут проста вырабляць з нафты. А нафту, нават сваю, адправіць за кардон».

Аднак цяпер, калі паўстала пытаньне пра тое, што Расея ўводзіць стопрацэнтнае мыта ня толькі на сваю нафту, але і на нафтапрадукты, то Беларусь панясе значныя страты — больш за два з паловай мільярды даляраў.

«Расея папярэджвала. Ужо колькі гадоў яна вяла перамовы па стварэньні Мытнага саюзу і заўсёды яна папярэджвала, што будзе мыта на нафту і нафтапрадукты. Пра гэта і наша кіраўніцтва ведала некалькі гадоў. Вы паглядзіце на зьмест ліста Лукашэнкі Мядзьведзеву. Наша кіраўніцтва ведала, што будзе гэтае мыта. І яно ішло на стварэньне Мытнага саюзу, ведаючы гэта. Калі ёсьць такая вусная дамоўленасьць прэзыдэнтаў, пра тое, што пакуль не падпішуць новую дамову аб пастаўках нафты на 2010 год, ня будзе гэтага новага мыта. Гэта такая вусная дамоўленасьць. Дык вось Лукашэнка і спасылаецца на гэтую дамоўленасьць».

У Беларусі пакуль не камэнтуюць тэлефанаграму ФМС Расеі і не пацьвярджаюць пачатку чарговага раўнду перамоваў. Прэс-сакратар «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка сказала:

«Мы кошты не камэнтуем. Усе па-ранейшаму. Усё працуе ў плянавым рэжыме».

Ці працягваюцца перамовы аб умовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе? На гэтае пытаньне памочнік расейскага Міністэрства энэргетыкі Ірына Есіпава сказала:

«Перамовы ня скончыліся. Проста яны пакуль не аднаўляюцца. Магчыма, яны праходзяць у нейкім дыстанцыйным рэжыме. Гэта ўжо ўсё выйшла на ўзровень ураду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG