Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы сабралі болей за 1100 беларускіх кніг дзецям


«Малады фронт» падводзіць вынікі традыцыйнай дабрачыннай кампаніі «Беларускую кнігу — дзецям», што распачалася 1 верасьня й скончылася пасьля праваслаўных калядаў.

За гэты пэрыяд было сабрана болей за 1100 дзіцячых і падлеткавых кніг на беларускай мове, — паведамляе прэсавая служба «Маладога фронту».

Як адзначылі арганізатары кампаніі, з-за таго, што ў перадкалядны пэрыяд у дзіцячых дамах ладзіцца шмат мерапрыемстваў і адміністрацыя была вельмі загружаная, большую частку візытаў у дзіцячыя інтэрнаты прыйшлося адкласьці на пасьлякалядны пэрыяд. Усяго на дадзены момант былі арганізаваны імпрэзы ў 9 дзіцячых дамах (зь іх 3 у Менску), яшчэ чакаецца каля 5 візытаў цягам бліжэйшых двух тыдняў.

Падчас кампаніі «Малады фронт» арганізаваў два дабрачынныя канцэрты, уключна з штогадовым «Калядным фэстам», у якіх прынялі ўдзел гурты «B:N:», «Vinsent», «Recha», «Мутнае вока», «Скрыжалі», сьпевакі Андрэй Мельнікаў, Міхал Бараноўскі, Ната Пушкарова. Бард-сьпявачка Тацьцяна Беланогая нават наведала адзін зь менскіх дзіцячых дамоў разам з маладафронтаўцамі й сыйграла для дзяцей.

Кампанію падтрымалі славутыя беларускія паэты Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін; гісторык Уладзімер Арлоў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка; выдавецтва «Кнігазбор», выдавецтва «Лімарыус», Згуртаваньне беларусаў сьвету.
XS
SM
MD
LG