Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз паклаў канец стымуляваньню малога бізнэсу


Стымуляваньне малога бізнэсу, які экспартуе айчынную прадукцыю, у адпаведнасьці з указам нумар 477, спыніцца 1 ліпеня 2010 году. Аб гэтым паведаміў сёньня журналістам дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандр Ліхачэўскі.

Як падае БЕЛТА, ільготы прадпрымальнікам, якія рэалізуюць айчынную прадукцыю на экспарт, устаноўлены указам ад 25 верасьня 2009 году №477. Згодна з гэтым дакумэнтам прывабныя ўмовы па экспарце прадукцыі для прадпрымальнікаў дзейнічаюць да 1 ліпеня 2010 году. На 1 студзеня 2010 году гэтымі льготамі скарысталіся 210 плацельшчыкаў адзінага гандлёвага збору.

Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін паведаміў, што зь 1 ліпеня 2010 году гэта льгота спыняецца.

"Гэта акно закрыецца, урад ужо ня зможа стымуляваць прадпрымальнікаў, паколькі Беларусь уступае ў актыўную фазу Мытнага саюзу", – сказаў ён.

Зрэшты, на думку Карагіна, для прадпрымальнікаў адкрываецца яшчэ больш шырокае поле дзейнасьці на прасторы Мытнага саюзу. Яны змогуць удзельнічаць у сыстэме субкантрактацыі, увозіць тавары на выстаўкі і гандлёвыя пляцоўкі Расіі і Казахстану.
XS
SM
MD
LG