Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа адзначае 20-годзьдзе


За гэты час ён прайшоў шлях ад нядзельнай навучальнай установы пазакляснага тыпу да Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю Міністэрства адукацыі. Але ў 2003-м намаганьнямі улады апынуўся ў падпольлі і зараз працуе ў неафіцыйным статусе Беларускага гуманітарнага ліцэю. Раніцай вучні і выкладчыкі сабраліся ля будынка на вуліцы Кірава ў Менску, дзе колісь была іх альма-матэр.


Юбілейныя ўрачыстасьці пачаліся зь нефармальнай лінейкі побач зь цяперашнім будынкам суду Цэнтральнага раёну Менску. Шмат гадоў тут быў цэнтар бурлівага жыцьця ліцэістаў. Аднак пасьля разгону вучэльні будынак пераабсталявалі пад дзяржаўныя патрэбы. Дзеці і настаўнікі засьпявалі на лацінскай і беларускай мовах студэнцкі гімн “Gaudeamus igitur”, пасьля чаго зрабілі віртуальны экскурс у мінулае. За ўсім гэтым зь цікавасьцю назіралі госьці — замежныя ліцэісты, адмыслова запрошаныя на сьвяткаваньне.

ліцэйскае братэрства ня ведае межаў: у гасьцях у беларусаў — паляк і анголец (зьлева)


Адзін з вэтэранаў ліцэйскага руху, намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі, згадвае такі ж дзень 1992 году, калі не без элемэнтаў шантажу ўдалося “выбіць” уласны кут:

“У будынак увайшлі на чале са спадаром Коласам і бацькамі, занялі два паверхі і зачыніліся на швабру. У той жа час мы са спадаром Трусавым зайшлі ў кабінэт да прэм’ер-міністра Кебіча і сказалі: трэба падпісваць паперу пра перадачу будынка. Яна ляжала падрыхтаваная, але подпісу не было. Якраз пачаліся званкі, што будынак занялі, і ён урэшце падпісаў. Мы з гэтай паперай прыехалі, а тут ужо міліцыю выклікалі, сытуацыя напружылася. Урэшце ўсё вырашылася... Самае галоўнае, аднак, ня гэта, галоўнае — дух, які нам давялося ўсталёўваць. Тут быў раней філіял партыйнай школы, завочнае аддзяленьне, адразу на ўваходзе стаяў вялізны Ленін. Сядзелі некалькі камэрцыйных структураў, давялося пэўны час зь імі змагацца. Так ці інакш, ужо з пачатку навучальнага 1992 году мы пачалі працаваць у гэтым будынку пастаянна”.

Прысутныя на імпрэзе згадалі, што ў клясах, дзе ліцэісты сядзелі за партамі, цяпер судзяць колішніх выпускнікоў. Як выказаўся нязьменны дырэктар Уладзімер Колас, — драматургія, якую не заўсёды прыдумаеш і ў фантазіях. Дадае выкладчыца беларускай мовы Вольга Дзядзюля:

Вольга Дзядзюля
“Такі парадокс: Франак Вячорка — адзін з самых цікавых ліцэістаў — быў асуджаны ў кабінэце літаратуры. Гэта сапраўды парадаксальна і гэта вельмі сумна, дзеці. На двары ХХІ стагодзьдзе, па ўсім сьвеце распаўсюджваецца дух агульнай вольнасьці, што ёсьць сьвятым правам кожнага чалавека. Атрымалася, што тут усё працята духам ліцэйскім, тут была моладзь, тут, меркавалася, будучыня Беларусі. А ў выніку што маем? Зараз тут суд! Абсурд!”

Хвілінай маўчаньня былі ўшанаваныя выкладчыкі, якія ўжо адышлі з жыцьця. Гэта колішні намесьнік дырэктара Вячаслаў Каладзінскі, выкладчык музыкі Васіль Каваліў, гісторык Уладзімер Емяльянчык, літаратуразнаўца Любоў Тарасюк, выкладчык лацінскай мовы Ўладзімер Шатон.



Адпачатку ліцэй стаў альтэрнатывай той другаснай ролі, якая ў дзяржаве адводзіцца беларускай мове і нацыянальнай ідэі. На думку Ўладзімера Коласа, закрыцьцё ліцэю ў 2003-м тлумачыцца менавіта арыентацыяй на незаідэалягізаваную сыстэму адукацыі і дэкляраванымі мэтамі — выхаваньне патрыётаў, якія ведаюць родную мову і гісторыю. Нягледзячы на абставіны, запатрабаванасьць ліцэйскай адукацыі дагэтуль высокая:

Уладзімер Колас
“Дзякуй Богу, па-ранейшаму хочуць у нас займацца, знаходзяць тое, што шукаюць. І перадусім гэта — добрая адукацыя на роднай мове. Нават мінулагоднія вынікі тэставаньня паказалі, наколькі адзнакі звычайнай школы адпавядаюць ведам. Усе бачылі, як завалілі тэсты па асноўных дысцыплінах выпускнікі афіцыйных школаў. Нашы выпускнікі тэсты прайшлі надзвычай добра, таму што насамрэч мы адзнакі проста так ня ставім”.

За час існаваньня ліцэю празь яго прайшлі больш за 700 чалавек. У легальны пэрыяд конкурс у ліцэй бываў як на самыя прэстыжныя ўнівэрсытэцкія факультэты. Цяпер шмат каго палохае пэўная побытавая неўладкаванасьць, аднак ёсьць экстрэмалы, якія штодня езьдзяць на заняткі нават зь іншых гарадоў Беларусі. Адна з навучэнак кажа, што амаль ні па якіх парамэтрах нельга параўнаць звычайную школу з жыцьцём ліцэйскай сям’і:

“Так, адрозьненьні ёсьць, і яны істотныя. І самая вялікая розьніца, напэўна, у тым, што ў школе я якраз трапіла б пад рэформу, там мне давялося б праходзіць двухгадовую праграму за адзін год. А ў ліцэі ў нас такая адукацыйная рэвізія не праводзілася, таму я навучаюся па нармальнай праграме”.

Карэспандэнт: “А ўвогуле ці былі думкі вярнуцца ў звычайную школу?”

“Не, думак такіх не было ўвогуле, бо я для сябе адназначна вырашыла: асабіста я хачу вучыцца нармальна, а ня нейкімі ўрыўкамі, хачу засвоіць увесь матэрыял добра, якасна, каб потым без прыгодаў трапіць ва ўнівэрсытэт”.

Сёньняшняму юбілею папярэднічала навуковая вучнёўская канфэрэнцыя, якую надзвычай высока ацанілі выкладчыкі. Як лічыць Уладзімер Колас, даклады маладых выступоўцаў прадэманстравалі цьвёрдыя веды, незалежнае крытычнае мысьленьне і здольнасьць аргумэнтавана апэраваць інфармацыяй.

Падчас навуковай вучнёўскай канфэрэнцыі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG