Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік-карупцыянэр уцёк з Бабруйску


Намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму абвешчаны ў вышук. Пра гэта паведамляюць афіцыйныя крыніцы Магілёўшчыны са спасылкай на генэральную пракуратуру Беларусі.


Імя чыноўніка не называецца. Да прызначэньня на пасаду ён кіраваў Бабруйскім камбінатам жалезабэтонных вырабаў. Паводле пракуратуры, ён злоўжываў службовым становішчам, даваў і атрымліваў хабар. Калі ім зацікавіліся сілавыя структуры, яго нечакана прызначылі намесьнікам старшыні гарвыканкаму.

Страты ад дзейнасьці былога прамыслоўца й чыноўніка ацэньваюцца прыкладна ў адзін мільён даляраў і адзін мільярд рублёў. Камбінат, якім ён кіраваў, цяпер у заняпадзе. На паседжаньні аблвыканкаму, прысьвечаным барацьбе з карупцыяй у 2009 годзе, за свайго намесьніка адказваў старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў.

“А што я, старшыня выканкаму, магу ведаць, дзе й што ён крадзе”, цытуюць афіцыйныя крыніцы апраўдаваньні Бонахава.

Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік загадаў праверыць на датычнасьць да карупцыйнай дзейнасьці былога дырэктара камбіната ўсё цяперашняе яго кіраўніцтва:

“З улікам меркаваньня сілавых структураў, падкрэсьліваю”.

Імя зьніклага чыноўніка – Сяргей Валяваты. Ён курыраваў будаўніцтва лядовага палацу ў Бабруйску. Зьнік напярэдадні яго адкрыцьця ў 2008 годзе.

Алесь Чыгір
“Вельмі ўражвае кар’ерны рост Сяргея Валяватага. На пачатку 2000-х гадоў ён быў простым настаўнікам у школе Бабруйскага раёну. Нечакана стаў памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Марыі Вінакуравай. Празь некалькі год узначаліў будаўнічы трэст. Гэтае прадпрыемства стала прыбытковым. Што да абвінавачваньняў, то я асабіста ня веру ў тое, што іх ён мог рабіць адзін бяз “прыкрыцьця зьверху”, мяркуе былы дэпутат бабруйскага гарсавету Аляксандар Чыгір.

Як вынікае з выступу на паседжаньні пракурора Магілёўскай вобласьці Эдуарда Сянькевіча, прызначэньне бабруйскага карупцыянэра-прамыслоўца на чыноўніцкую пасаду – не адзіны ў рэгіёне выпадак:

“Ня створана ў поўнай меры сыстэма першаснага кантролю за фактамі каруцыйных паводзінаў патэнцыйна рызыкоўных суб’ектаў кіроўнай дзейнасьці. Ні ўва ўсіх выпадках забясьпечваецца апэратыўнае адхіленьне такіх асобаў ад займаных пасадаў”.

Акрамя вядомых грамадзтву карупцыйных спраў, якія завяршыліся арыштам чыноўнікаў (кіраўніка магілёўскага цэнтру падтрымкі прадпрымальніцтва й кіраўніка бабруйскай інспэкцыі аховы навакольнага асяродзьдзя ды дэпутата аблсавету) ёсьць і невядомыя. Клімавіцкі раённы суд цяпер разглядае крымінальную справу, распачатую паводле фактаў махінацыяў з разьмеркаваньнем кватэраў. Сярод абвінавачаных фігуруюць кіраўнікі сацыяльных службаў Магілёўшчыны.

За мінулы год страты ад карупцыйных злачынстваў у рэгіёне ацэньваюцца ў адзін мільярд васемсот тысяч рублёў. З іх вернута 370 мільёнаў. Акрамя таго, арыштавана маёмасьці карупцыянэраў на адзін мільярд восемдзесят адзін мільён. Самыя карумпаваныя галіны – гандаль, прамысловасьць, сельскае гаспадарка, мэдыцына й адукацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG